Дакрануцца да спадчыны Скарыны і адправіць паштовую картку са свята

07 Сентября 2025 502

Маштабныя інтэрактыўныя пляцоўкі сталі сапраўднымі цэнтрамі прыцягнення на свяце Дня беларускага пісьменства ў Лідзе. Наведвальнікі мелі ўнікальную магчымасць акунуцца ў свет сучасных тэхналогій, пазнаёміцца з навінкамі беларускага кнігавыдання і дакрануцца да гісторыі на лакацыях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, «Белкнігі» і «Белпошты».

Факсіміле і майстар-класы

Сэрцам павільёна Нацыянальнай бібліятэкі стала выстава «Код Скарыны: кніга “Апостал” 1525 года і беларуская ідэнтычнасць», прысвечаная 500-годдзю выхаду апошняй вядомай кнігі першадрукара. Менавіта гэты «Апостал» лічыцца першай дакладна датаванай кнігай на тэрыторыі ўсходніх славян.

Хоць арыгінал сёння не знаходзіцца ў Беларусі, кожны меў магчымасць узяць у рукі яго дакладнае факсімільнае ўзнаўленне, выкананае Нацыянальнай бібліятэкай у 2017 годзе. І – накіравацца ў падарожжа ў мінулае: перагортваючы старонкі, адчуць глыбокія сэнсы і сімвалы, якія Францыск Скарына ўклаў у сваё выданне.

Для самых маленькіх гасцей супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі арганізавалі цікавую настольную гульню “Францыск Скарына вандруе”. А яшчэ дзеці і дарослыя маглі паспрабаваць сябе ў ролі першадрукара: на майстар-класе па гравюры - стварыць уласнаручны сувенір - буквіцу «А» па гравюрах Францыска Скарыны.

Кніжны рай і кансультацыя ад дырэктара

У павільёне ААТ “Белкніга”, які прадстаўляла Цэнтральная кнігарня г. Мінска, вочы проста разбягаліся ад выбару! Тут было ўсё: ад метадычных дапаможнікаў да шэдэўраў сусветнай класікі. Асаблівую цікавасць выклікалі кнігі беларускіх аўтараў.

Сапраўдная фішка гэтай пляцоўкі была ў тым, што за прылаўкам працавалі не простыя прадаўцы, а дырэктары буйнейшых рэгіянальных кніжных магазінаў краіны. Гэта быў унікальны шанец атрымаць кансультацыю ад прафесіянала і пагутарыць з аднадумцам, які дапамагаў падбраць менавіта тую кнігу, якая будзе патрэбная. Без пакупкі адысці ніхто не мог!

Пошта будучыні і мінулага

На пляцоўцы “Белпошты” можна было ўпэўніцца, што нават у наш лічбавы век адпраўка лістоў можа быць прыемнай і лёгкай. Тут прадставілі прэм'ерную паслугу – адпраўку карэспандэнцыі праз QR-бокс. Усё, што трэба зрабіць: адсканіраваць код, запоўніць анкету ў дадатку і… апусціць гатовую паштоўку ў спецыяльную скрыню.

Паралельна сучаснасці, “Белпошта” арганізавала і падарожжа ў мінулае. У стылізаванай фотазоне з старым паштальёнскім столікам і друкаванай машынкай наведвальнікі маглі адчуць сябе паштальёнам 19 стагоддзя.

Тут жа можна было адправіць і сапраўдную паштовую картку з свята з дапамогай... палявой пошты! Гэтую кампанію “Белпошта” правяла сумесна з БЕЛТА.

Працавала тут і прома-стойка “Лідскай газеты”, дзе можна было аформіць падпіску і працягнуць такім чынам сяброўства з любімай раёнкай, якая вось ужо 86 год піша для людзей і пра людзей Лідчыны.

























Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться