Новы інклюзіўны арт-аб'ект «Верабейкі” ўпрыгожыў Ліду
У рамках святкавання Дня беларускага пісьменства адбылася знакавая падзея – адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай скульптуры "Верабейкі". Гэты інклюзіўны арт-аб'ект з'явіўся недалёка ад дома, дзе жыў вядомы паэт і грамадска-палітычны дзеяч Валянцін Таўлай.
Ініцыятарам стварэння скульптуры выступіў калектыў Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Выбар месца для арт-аб'екта невыпадковы: менавіта з горадам Лідай цесна звязаны лёс Валянціна Таўлая. Тут, яшчэ ў сямігадовым узросце, ён напісаў свой першы верш "Верабейкі", які і стаў натхненнем для стварэння скульптурнай кампазіцыі.
Арт-аб'ект уяўляе сабой раскрытую кнігу, дзе на адной старонцы нанесены верш “Верабейкі” звычайнымі літарамі, а на другой – шрыфтам Брайля. Па перыметру аб’екта ўсталяваны тры лаўкі з выявамі вераб’ёў.
Рэалізаваў гэтую творчую задуму лідскі музейшчык і таленавіты скульптар Рычард Груша, які працаваў над праектам на бясплатнай аснове.
– У аснове ідэі – стварэнне для лідчан, гасцей горада, а таксама для людзей з парушэннем зроку магчымасці азнаёміцца з паэзіяй нашага земляка. Дзякуючы райвыканкаму атрымалі такое добраўпарадкаванае месца. Прыемна адкрываць гэты арт-аб'ект у Дзень беларускага пісьменства", – падзяліўся на ўрачыстым адкрыцці скульптар.
Без сумнення, інклюзіўны арт-аб'ект "Верабейкі" стаў выдатным упрыгожаннем каля дома Валянціна Таўлая, надаўшы яму асаблівы шарм.







