Алея арт-лавак: месца, дзе адпачываюць і натхняюцца

07 Сентября 2025 7833
Бульвар Гедыміна ўпэўнена перахапіў пальму першынства сярод самых папулярных месцаў адпачынку ў Лідзе. Сапраўды, сюды прыходзяць лідчане і госці горада, каб адпачыць, атрымаць асалоду, натхніцца прыгажосцю… Ну і вядома ж, захапіцца кнігай. А ўсё дзякуючы Дню беларускага пісьменства, які прымае сёлета Ліда. І самае галоўнае – вельмі ўдалай задумцы конкурсу арт-лавак сярод арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Лідчанкі Алена Іванаўна Кавальчук і яе сяброўка Алена Антонаўна Азевіч (на здымку) жывуць непадалёку і рэгулярна прыходзяць на прагулку па алеі арт-лавак. Кожны раз прысаджваюцца на новую, робяць сэлфі і дзеляцца імі ў сацыяльных сетках. У гэты раз лідчанкі ацанілі арт-аб’ект Лідскага малочна-кансервавага камбіната. 

– Ведаеце, я некалькі год працавала на нашай малочцы! Таму мне асабліва прыемна пасядзець на гэтай лаўцы, – дзеліцца Алена Кавальчук. – А ўвогуле, вельмі цудоўная задумка і яе рэалізацыя. Столькі прыгожага створана навокал! Я пастаянна шлю фотаздымкі сваім блізкім і знаёмым, якія проста ў захапленні ад нашай Ліды. Мая дачка жыве ў Расіі і таксама просіць: “Мама, прышлі яшчэ фота!” У нас цудоўны горад, які харашэе дзень за днём.

22 лаўкі з прыстаўкай “арт“ выстраіліся ўздоўж бульвара Гедыміна і тры каля стаматалагічнай паліклінікі на праспекце Перамогі. Алея нагадвае музей пад адкрытым небам, у якім кожны экспанат варты ўвагі і захаплення. 

Цяжка прайсці і не прыпыніцца, разгледзець дэталі, ацаніць крэатыў. Кожнае прадпрыемства імкнулася ўкласці ў свой арт-аб’ект унікальны вобраз, абгарнуўшы яго вокладкай кнігі. Напрыклад, работнікі Лідскай ЖКГ натхнёна напісалі на адным з элементаў: «Няхай пісьмовае слова заўсёды служыць дабру і росквіту нашай Радзімы!» Завод «Конус» упрыгожыў сваю лаўку рыцарам – вобразам гераічным і мужным, як гісторыя самой Ліды.

Каля лаўкі гісторыка-мастацкага музея нібыта бачыш росчырк пяра паэта Валянціна Таўлая. А пастаяўшы тут хвіліну, і ўвогуле адчуваеш дух стагоддзяў. Варта ўзгадаць, што 500 год таму выйшла кніга «Апостал» Францыска Скарыны. Неўзабаве тут успамінаюцца і вядомыя радкі з іншай кнігі першадрукара «Псалтыр»: «Гэтак i людзi да месца, дзе нарадзiлiся i ўзгадаваны ў Бозе, вялiкую ласку маюць…»

Лаўка Лідскага хлебазавода, здаецца, пахне свежым хлебам: на яе спінцы па-майстэрску выкаваныя духмяныя булкі ды баранкі. Аб будучыні горада кажа арт-аб’ект ААТ «Будвектар»: Ліда – горад будаўнікоў, а значыць, горад з будучыняй. Падарожнікам і гасцям горада абяцае прыгоды лаўка аўтобуснага парка №2, а арт-аб'ект Лідскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, безумоўна, стане ідэальным месцам для фотасесій закаханых.

Шматлікія лаўкі аформлены ў выглядзе кніг. Асабліва ўражвае задумка філіяла “Лідскі мясакамбінат”: яго арт-аб'ект нагадвае кніжную паліцу, на якой стаяць тамы гісторыі прадпрыемства – ад станаўлення да новага ўзлёту. Лаўка шклозавода «Нёман» – яркая і аптымістычная, нібыта створаная для таго, каб глядзець на свет праз дзіцячы калейдаскоп. Хочаце быць шчаслівымі? Прысядзьце, адчуйце, марце!



***

Вынікі конкурсу «Арт-лаўка» падводзяцца ў райвыканкаме, пераможцы стануць вядомыя падчас свята беларускага пісьменства 6-7 верасня. Але галоўнае нават не прызавыя месцы, а тая карысць, якую прынесла гораду гэтая ініцыятыва.

Як даведаўся карэспандэнт “Лідскай газеты”, у раёне ўжо прынята рашэнне працягваць падобныя праекты. Людзі жадаюць упрыгожваць горад, у якім жывуць, і гэта – найвялікшая каштоўнасць. Ужо ў хуткім часе мы ўбачым крэатыўныя ідэі ў навагоднім убранстве, а на будучы год запланаваны конкурс на лепшае добраўпарадкаванне, удзельнічаць у якім змогуць усе – ад прамысловых гігантаў да індывідуальных прадпрымальнікаў.

Увекавечыць сябе ў гісторыі горада, прынесці карысць людзям – вось што сапраўды важна. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться