Педагогі Лідчыны сабраліся на жнівеньскую нараду
У паветры ўжо лунае асаблівы водар - хвалюючы і салодкі пах восені. Ён пахне друкарскай фарбай новых падручнікаў, строгасцю адпрасаванай формы і жоўтым лісцем. Хутка залівісты званок пабяжыць па школьных калідорах, змятаючы на сваім шляху бесклапотную цішыню канікул. Тым часам педагогі ўжо заняты сур’ёзнай працай – абмяркоўваюць актуальныя задачы і будуюць планы вучэбных і выхаваўчых спраў на новы навучальны год.
“Не быць раўнадушнымі, вучыць і выхоўваць, мець працяг у вучнях”
Напрыканцы бягучага тыдня педагагічная супольнасць сабралася ў Палацы культуры г. Ліды на традыцыйную жнівеньскую нараду. Дарэчы, напярэдадні рэспубліканскага свята – XXXII Дня беларускага пісьменства, якое вось-вось пройдзе ў нашай Лідзе, прыярытэтнай мовай правядзення нарады стала беларуская.Першы званок на ўрок хутка прагучыць і для 66 маладых настаўнікаў і выхавацеляў, якія ўліліся ў вялікую педагагічную сям’ю Лідчыны. Іх віталі і давалі першы прафесійны наказ заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь – настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 г. Ліды Таццяна Глыздова і народны настаўнік Рэспублікі Беларусь – настаўнік матэматыкі гімназіі №1 Альфрэд Ладыка. “Не быць раўнадушнымі, вучыць і выхоўваць, працягвацца ў сваіх вучнях”, – такія парады прагучалі ў адрас тых, хто пачынае шлях у прафесію настаўніка.
Да педагогаў Лідчыны са словамі віншаванняў і падзякі за працу звярнуліся старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі і яго намеснік, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ігар Кашкевіч, а таксама намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава.
Падчас нарады абмяркоўвалі пытанні якасці адукацыі, гаварылі аб дасягненнях, актуальных выкліках, задачах і перспектывах развіцця сістэмы адукацыі раёна.
- Мінулы навучальны год стаў для сістэмы адукацыі Лідскага раёна годам высокіх дасягненняў! – падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі Вольга Тарасюк. - За 2024 год мы прызнаны лепшымі ў краіне. Дыпломам першай ступені адзначана ўпраўленне адукацыі па выніках абласнога агляду-конкурсу. Гэты поспех не толькі застаецца часткай гісторыі развіцця адукацыі Лідчыны, але патрабуе ад усіх нас не менш плённай працы, мабілізацыі і пошуку новых рэсурсаў, каб захаваць і павысіць дасягнутыя пазіцыі. Упэўнена, выбраныя ўпраўленчыя стратэгіі дазволяць нам заставацца на пэўным узроўні.
Камфортныя і бяспечныя ўмовы і школа - “тэрыторыя без тэлефона”
- На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года з мясцовага бюджэту накіравана больш за 3 млн рублёў, амаль 400 тыс. рублёў пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў, - адзначыла Вольга Тарасюк. - Выкананы запланаваны рамонт аб’ектаў харчавання, дахаў, фасадаў, сангігіенічных памяшканняў, спартыўных збудаванняў. Хачу падзякаваць кіраўніцтву ўстаноў адукацыі і педагогам за праведзеную працу. У Год добраўпарадкавання значная работа праведзена па азеляненні тэрыторый. Праекты, рэалізаваныя ў межах конкурсу “Квітней, любімы горад!”, гарманічна дапоўнілі і ўпрыгожылі афармленне мікрараёнаў горада. Але гэта толькі старт для новых ідэй і сумеснай з вучнямі рэалізацыі іх у будучым годзе.
З 1 верасня школа становіцца “тэрыторыяй без тэлефона”.
- Зыходзячы з асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу, кантынгенту вучняў, установамі адукацыі выпрацаваны механізмы рэалізацыі дадзенай задачы, - падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі. - Тым не менш, звяртаю ўвагу, важна з першых дзён адказна прайсці адаптацыйны перыяд і пры неабходнасці своечасова ўнесці карэктывы. Не дапусціць неарганізаванасці, папярэдзіць супрацьпраўныя паводзіны ў адносінах да асабістай маёмасці. Гэта задача як для кіраўніцтва, так і для кожнага педагога.
Ставім рэкорды
Лідскаму раёну ёсць чым ганарыцца, і пра гэта хочацца гаварыць зноў і зноў…
- На цэнтралізаваным экзамене атрымана 28 стобальных сертыфікатаў па 6 вучэбных прадметах, - адзначыла Вольга Тарасюк. - Сярод лідэраў – ліцэй №1, гімназія №1, СШ № 9 г. Ліды імя А. Нічыпорчыка. Сёлета за ўсе гады ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні атрымана самая вялікая колькасць стобальных сертыфікатаў – 16. Найвышэйшы вынік – чатырыста балаў з чатырохсот магчымых – ва ўступнай кампаніі атрымалі дзве выпускніцы – ліцэя №1 і гімназіі №1. 78 выпускнікоў узнагароджаны залатым (сярэбраным) медалём, 217– пахвальным лістом за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. Павялічылася колькасць дыпломаў пераможцаў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах – заваявана адпаведна 74 і 12 дыпломаў. На працягу двух гадоў забяспечана лідзіруючая пазіцыя ў абласной алімпіядзе па вучэбных прадметах сярод вучняў II ступені – атрымана 137 дыпломаў. Дасягнуты лепшы вынік за апошнія 5 гадоў на абласной алімпіядзе па чарчэнні (14 дыпломаў).
Важным акцэнтам апошніх гадоў стала матывацыя да ўдзелу адзінаццацікласнікаў ва ўніверсітэцкіх алімпіядах. У бягучым годзе з 18 пераможцаў 9 рэалізавалі сваё права быць залічанымі без уступных іспытаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў рэгіянальныя ўніверсітэты.
Павялічылася колькасць маладых людзей, якія прадоўжаць навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, - гэта 82 выпускнікі 11 класаў. Дадзеную практыку плануецца пашыраць і далей, зыходзячы з прыярытэтаў і патрэб рэгіянальнай эканомікі.
Выхоўваем патрыётаў сваёй Радзімы
Папулярны інфармацыйна-адукацыйны праект “ШАГ”, а таксама шэраг іншых праектаў і сацыяльна значных спраў ва ўстановах адукацыі Лідчыны былі прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Варта асобнай увагі праведзеная вучнямі даследчая работа аб дзейнасці былога Міністра адукацыі Мінкевіча Міхаіла Гаўрылавіча, працоўны шлях якога быў звязаны з партыйна-кіруючай работай на Лідчыне. У раёне рэалізаваны маштабны праект “#Героі Беларусі. Ведаем. Ганарымся”.
І зноў перамога - Маладзёжны парламент пры раённым Савеце дэпутатаў прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу сярод дзіцячых і падлеткавых парламентаў “Маладзёжны парламент-2025”.
Быць настаўнікам – годна!
У сферы адукацыі Лідчыны назіраецца высокі паказчык замацавання маладых спецыялістаў, які ў бягучым годзе дасягнуў адзнакі ў 85%. Гэты вынік сведчыць аб эфектыўнасці сістэмы падтрымкі маладых настаўнікаў, якая ўключае як матэрыальныя стымулы, так і стварэнне камфортнага прафесійнага асяроддзя.
Педагогі Лідчыны сталі актыўнымі ўдзельнікамі Марафона адзінства і кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Створаны Маладзёжны савет работнікаў устаноў адукацыі Лідскага раёна, які прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна.
- Мінулы навучальны год стаў для настаўнікаў Лідчыны годам актыўнай трансляцыі педагагічнага вопыту, - адзначыла Вольга Тарасюк. - Пашырана ўзаемадзеянне з выдавецкім домам “Педагагічная прэса”. Думаю, педагогі Лідчыны не толькі стануць карыстальнікамі новага адукацыйнага партала “ВУЧЫМся РАЗАМ.БЕЛ”, але будуць актыўна трансліраваць праз яго свой вопыт. Мерапрыемствам, якое дазволіць педагогам Лідчыны прадэманстраваць прафесійнае майстэрства, стане конкурс “Настаўнік года Беларусі”. Упэўнена, лідчане – лепшыя!
Педагагічны савет
Аб’ектыўнась, праблематыка, слушныя прапановы – такім быў педагагічны дыялог падчас нарады.
Прыярытэтная задача сістэмы адукацыі раёна – высокія паказчыкі навучання і выхавання, якія прадастаўляюць вучням і выпускнікам магчымасці для самарэалізацыі, асобасна і сацыяльна значнага самавызначэння. Свой погляд і вопыт ліцэя №1 у гэтым накірунку прадставіла яго дырэктар Таццяна Харава.
У дасягненні якасці адукацыі вялікую ролю адыгрывае прафесіяналізм педагога. Як дапамагчы маладому спецыялісту прайсці адаптацыйны перыяд, не страціць цікавасці да выбранай прафесіі, замацавацца на першым працоўным месцы, стаць прафесіяналам сваёй справы? Вопытам падзялілася загадчык дзіцячага сада №41 Тамара Дрывіцкая.
Актуальнай тэмай застаецца педагагічная падтрымка дзяцінства. Своечасова ўбачыць, зразумець, дапамагчы – неад’емная частка ўзаемадзеяння з дзецьмі і падлеткамі ў адукацыйным працэсе. Дырэктар Лідскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Марыя Удальева прадставіла вопыт спецыялістаў па сацыяльна-педагагічнай падтрымцы навучэнцаў і аказанню ім псіхалагічнай дапамогі.
Узнагароды – лепшым!
Па традыцыі ў рамках канферэнцыі высокімі ўзнагародамі былі адзначаны лепшыя педагогі раёна. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана загадчык дзіцячага сада №26 Алеся Шлапік, граматамі Міністэрства адукацыі - выхавальнік дашкольнай адукацыі дзіцячага сада №31 Марына Лінга, педагог-арганізатар сярэдняй школы №8 г. Ліды імя В. Ф. Казакова Галіна Мацейка і загадчык дзіцячага сада вёскі Мінойты Кацярына Рудзевіч. Ганаровымі граматамі Лідскага райвыканкама - настаўнік пачатковых класаў Гудскай базавай школы Іна Саладухіна, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада №33 Юлія Чак, намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці гімназіі №1 Людміла Відзевіч, музычны кіраўнік дзіцячага сада №31 Наталля Громак. Ганаровымі граматамі Лідскага раённага Савета дэпутатаў - загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 Людміла Карп, настаўнік пачатковых класаў СШ №17 Святлана Радзюкевіч і інш.
Вышэйшай узнагародай Беларускага фонду міра – медалём “Заслужаны міратворац” - адзначаны начальнік упраўлення адукацыі Вольга Тарасюк і дырэктар СШ №1 Сяргей Фанасаў.
Гавораць педагогі
Ірына ШУТ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД №1 г. Ліды:
- З натхненнем і добрым настроем наш калектыў сустракае дзетак у новым навучальным годзе. Імкнемся, каб яны былі здаровыя і шчаслівыя, і ствараем дзеля гэтага адукацыйнае асяроддзе. У дзіцячым цэнтры развіцця дзіцяці №1 склаўся моцны калектыў прафесіяналаў, які творча працуе над рэалізацыяй шэрагу ініцыятыў. Так, вялікую ўвагу мы надаем грамадзянскаму, патрыятычнаму, ідэалагічнаму выхаванню дзяцей. У нас рэалізуецца адукацыйная ініцыятыва “Маленькі чалавек і вялікі патрыятызм”. Яе вопыт мы прадстаўлялі на міжнародным конкурсе і занялі ганаровае 2-е месца. Ужо не першы год паспяхова рэалізуем ініцыятыву “Цікава вучым родную мову”. Развіваем даследчыя навыкі нашых выхаванцаў у рамках ініцыятывы “Незвычайнае ў звычайным”. Вучым дзяцей эканоміі і беражлівасці. Увогуле робім усё для таго, каб стварыць добрую стартавую магчымасць для кожнага дзіцяці на наступным шляху яго навучання.
Галіна МАЦЕЙКА, педагог-арганізатар СШ №8 г. Ліды ім. В. Ф. Казакова:
- У выхаваўчай рабоце сёлета будзе працягнуты акцэнт на патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення і развіцці валанцёрскай дзейнасці. Мы ўжо распрацоўваем цыкл мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю гісторыі і культуры роднага краю, а таксама правядзенне дабрачынных акцый. Сустракаем новых вучняў і будуем планы, поўныя надзей і натхнення. У сценах нашай школы любога вучня заўсёды падтрымаюць, выслухаюць і дапамогуць раскрыць унікальны патэнцыял. Няхай гэты навучальны год будзе плённым і незабыўным для ўсіх педагогаў Лідчыны!







































































