Падчас раённага суботніка ў Першамайскім высадзілі бярозавы гай
Пасаджанае дрэва – бясспрэчна, адна з самых добрых на свеце спраў. У Першамайскім сваю лепту ў добраўпарадкаванне пасёлка падчас раённага суботніка ўнеслі навучэнцы школы. Напярэдадні тут было пасаджана апошняе дрэва бярозавага гаю.
Гледзячы на шэрагі маладых тонкіх ствалоў, не верыцца, што зусім нядаўна тут туліліся старыя дрэвы і кручкаватыя пні. Цяпер гэта месца абжываюць 300 бярозак. На працягу ўсяго тыдня сіламі супрацоўнікаў Дубровенскага сельскага Савета, ААТ “Торфабрыкетны завод “Лідскі” пляцоўка была падрыхтавана пад пасадку саджанцаў. Рука аб руку з рабочымі і паляводамі працавалі педагогі і навучэнцы 5-11 класаў Першамайскай сярэдняй школы. На суботніку застанецца толькі зрабіць апошнія штрыхі: зраўнаваць глебу і дзе-нідзе падсыпаць грунт.
Ідэя пасадкі бярозавага гаю побач са школай зарадзілася, калі Дубровенскі сельскі Савет узначальвала Алена Цыдзік. Ямку для першага дрэва зрабіў дырэктар школы Георгій Заяц. «На тэрыторыі нашага сельсавета няма помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, – апавядае ён, – вось і было прынята рашэнне ўвекавечыць памяць аб Перамозе такім незвычайным спосабам. Гай будзе жыць даўжэй за камень і стане звяном, што з’яднае не адно пакаленне». Надзіва прыгожую ідэю ацаніла старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, якая прысутнічала пры пасадцы апошняга дрэва.
Сімвалічна, што самі саджанцы, як і пакаленне нашых дзедаў-франтавікоў, літаральна выпакутавалі сваё права на шчаслівае жыццё. Іх прывезлі з участка торфанарыхтоўкі, дзе дрэўцы былі асуджаны на пагібель.
Па словах дырэктара школы, на этапе высадкі гаю навучэнцы “загарэліся” арыгінальнай ідэяй. Яны, нягледзячы на дождж і вецер, пасля ўрокаў беглі дапамагаць садзіць бярозы.
У мінулым выпускнік школы, а зараз індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Клышко выдзеліў 300 калочкаў, каб падвязаць маладыя дрэўцы. Так што справа атрымалася па-сапраўднаму агульнай.
З высадкі гісторыя “жывога мемарыяла” толькі пачынаецца. На дрэвах плануюць устанавіць шыльды і замацаваць за кожным класам. Даглядаць і ахоўваць бярозкі дзеці будуць да выпуску, а затым перададуць сваю эстафету памяці пяцікласнікам.
Праз пару дзясяткаў год сённяшнія навучэнцы прывядуць да школьнага парога сваіх дзяцей і пакажуць ім дрэва, пасаджанае сваімі рукамі ў гонар Вялікай Перамогі. Гады пройдуць, а гай застанецца, апавядаючы новым пакаленням аб стойкасці і мужнасці шорахам бярозавага лісця.









