У адкрыцці крыніцы з радонам на Дзятлаўшчыне праглядваецца трывалы лідскі след

31 Марта 2015 2692

Цікавы факт расказаў журналісту “Лідскай газеты” ў час гутаркі Уладзімір Логаш. Уладзімір Міхайлавіч у 60-х гадах шчыраваў галоўным інжынерам будаўнічага ўпраўлення ў Лідзе, узначаліў створаны будтрэст №19. Затым на працягу адзінаццаці гадоў працаваў на пасадзе старшыні Лідскага гарвыканкама, потым – загадваў аддзелам будаўніцтва Гродзенскага абкама партыі. Каму, як не яму, ведаць пра тагачасную стваральную працу будаўнікоў на карысць працвітання Лідчыны і прылеглых да яе раёнаў?

– Вялікае бачыцца на адлегласці, – у пачатку нашай размовы заўважыў Уладзімір Міхайлавіч. – Хто мог падумаць, што тое выпадковае адкрыццё стане пачаткам развіцця новай галіны дзейнасці на Гродзеншчыне – індустрыі лячэння, адпачынку, развіцця турызму? Можна толькі ганарыцца, што непасрэднае дачыненне да ўсяго гэтага маюць Ліда, лідскія будаўнікі. 

– Ішоў 1967 год, – расказвае Уладзімір Міхайлавіч. – Нядаўна арганізаваны будтрэст №19, які я ўзначальваў на той час, узводзіў другую чаргу лакафарбавага завода. Для патрэб завода ствараўся магутны водазабор у Дуброўні з цэлага куста свідравін. Нам удалося (можна сказаць, па блаце) прыцягнуць да гэтай работы мінскі трэст “Прамбурвод”, кіраўніком якога быў мой інстытуцкі аднакурснік Вайцяхоўскі. Дзякуючы яму былі выдзелены тры бурыльныя ўстаноўкі. Работа ішла шпарка. Кіраваў работамі ў Дуброўні прараб з Мінска, яўрэй Сямён Брэслер. Быў ён удалы арганізатар, спецыяліст, разам з тым вясёлы, смешна-мудры. Сямён заўсёды прывозіў з Мінска пачуты свежы анекдот, каб крыху ўпрыгожыць нялёгкую працу будаўнікоў.

Аднаго разу на планёрцы Брэслер гаворыць мне: “На тваёй малой радзіме, у Дзятлаўскім раёне, у калгасе “Расія”, выйшла са строю свідравіна. Каровы стаяць без вады, паднялі рык на ўсю акругу. Начальства патрабуе зняць з водазабора адну буравую ўстаноўку і ратаваць становішча”. Нам без лішніх слоў прыйшлося пагадзіцца з такім патрабаваннем. 

ЛогашТыдні праз два Сямён дакладвае: “Хутка брыгада вернецца ў Ліду. Свідравіна прабурана. Гідралогія ў месцы бурэння аказалася такой, што вада фантанам выліваецца на паверхню. Засталося абсталяваць свідравіну і здаць ваду на аналіз”. 

Калі ў Гродна зрабілі аналіз, аказалася, што гэта стопрацэнтная радонавая вада. Вось такім выпадковым было адкрыццё крыніцы з радонам. 

Як вядома, часцінкі газу радону лячэбныя. Таму пасля адкрыцця радону за справу ўзялася Белгалоўгеалогія. Некалькі год ішло вывучэнне радовішча, закладзены тры разведвальныя свідравіны (дзве з іх зафантанавалі, а адна дзейнічае і сёння).

Затым было выбрана месца пад будучы санаторый. Мне прыемна, што ім аказаліся мае родныя мясціны – месца ля вёскі Рыбакі, на сутоку рэчак Паніква і Моўчадзь, дзе мы падлеткамі пасвілі кароў, збіралі грыбы, касілі сена.

У пачатку 80-х гадоў, калі быў складзены праект, пачалося будаўніцтва санаторыя. Стаяў выбар: каму даручыць будаўніцтва важнага аб’екта? Дзятлаўскі раён знаходзіўся ў зоне дзейнасці сельскіх будаўнікоў. Але пры ўсёй павазе да іх працы было зразумела: ім такі сур’ёзны аб’ект, як новая, сучасная здраўніца, не адолець. Лідскі ж будаўнічы трэст №19, якім на той час кіраваў Леанід Вендзілоўскі, мог і адказацца. Таму былі праведзены настойлівыя перагаворы, і лідская будаўнічая арганізацыя дала згоду на ўзвядзенне санаторыя на Дзятлаўшчыне. Была атрымана згода і ў Міністэрстве будаўніцтва. 

У 1983 годзе Белдзяржпраектам быў створаны праект і пачалося ўзвядзенне радонавай здраўніцы. Даручылі яго весці адной з арганізацый будаўнічага трэста №19 – БУ-103, якім кіраваў Уладзімір Кудрыцкі. Субпадрадчыкамі былі УМБР-163 (Пётр Грынчанка), БУ-175 (Даніла Кодзіс), УПТК (Іван Фёдараў). Прарабам будоўлі стаў Іван Ленка. 

Трэба адзначыць, што ўлады Дзятлаўшчыны былі зацікаўлены ў тым, каб аб’ект уступіў у строй як мага хутчэй. На той час першым сакратаром райкама партыі з’яўляўся Яўген Вырко, старшынёй райвыканкама – Пётр Путро, але асабліва многа дапамагаў у будаўніцтве санаторыя намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Аляксандр Лейтар. А яшчэ значную дапамогу тэхнікай аказваў старшыня калгаса “Расія”, член ЦК кампартыі Беларусі Пётр Свіб. На землях узначаленай ім гаспадаркі і будаваўся “Радон”. Паколькі санаторый аказаўся ў распараджэнні Белаграздраўніцы (у тыя часы называлася Межкалгасздраўніца), гэта арганізацыя таксама мела непасрэднае дачыненне да будаўніцтва.

Дзесяць гадоў узводзіўся санаторый. Калі справа падыходзіла да канца, галоўным урачом здраўніцы назначылі Мікалая Мазура. На той час ён меў непасрэднае дачыненне да Ліды – працаваў намеснікам галоўнага ўрача Лідскага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання. Разам з Уладзімірам Іодам, які ўзначальваў дырэкцыю будаўніцтва, Мазуру давялося ствараць лячэбную базу санаторыя.

У 1993 годзе “Радон” прыняў першых наведвальнікаў. 

радон1

Але развіццё здраўніцы пайшло далей. На возеры Дзікім, што непадалёку ад яе, знайшлі лячэбныя гразі. Іода з Мазурам арганізавалі іх здабычу, і зараз гэтым лекавым сродкам забяспечваецца не толькі санаторый “Радон”, але і санаторыі рэспублікі. (Спалучэнне радонавай вады і лячэбнай гразі ў комплексе дае вельмі добры аздараўляльны эфект.)

Белаграздраўніцы быў перададзены былы піянерскі лагер, яго далучылі да “Радона” і стварылі дзіцячы санаторый. У мінулым годзе ля “Радона” пачалося будаўніцтва прыватнага санаторыя “Радон-Альфа” на 250 месцаў. Ён ужо хутка будзе ўведзены ў строй. Такім чынам, агульная ўмяшчальнасць устаноў для аздараўлення на месцы, дзе некалі адкрылі радон, складзе каля тысячы чалавек. 

У 2013 годзе, з нагоды святкавання 20-годдзя з пачатку дзейнасці санаторыя “Радон”, была праведзена навукова-практычная канферэнцыя па тэматыцы лячэння радонам. На ёй выступілі пяць дактароў і кандыдатаў медыцынскіх навук, у тым ліку ад Гродзенскага медуніверсітэта Л. Пірагова і Н. Мазур, якія курыруюць аздараўленне, развіццё даследаванняў у напрамку вяртання здароўя людзям. Дарэчы, у Гродзенскім медуніверсітэце адкрылі, упершыню ў Беларусі, напрамак па падрыхтоўцы ўрачоў-курартолагаў.

“Такі вось значны, магутны працяг мае адкрыццё ў 1967 годзе крыніцы з радонам, стварэнне першапачатковай базы, непасрэднае дачыненне да якой маюць лідскія будаўнікі”, – падвёў вынік сказанаму Уладзімір Логаш.

А ў заканчэнне нашай размовы Уладзімір Міхайлавіч прачытаў напісаны ім верш, які прысвяціў сваёй малой радзіме і, як ён любоўна называе Дзятлаўшчыну, Зецельскай старонцы. У вершаваных радках зліліся шчырыя пачуцці і гонар – гонар за тое, што з дзіўнай прыгажосцю краявідаў злучыўся такі сучасны, патрэбны людзям аб’ект, як здраўніца “Радон”.

Кожны раз, быццам нанава,Еду дадому ў Ахонава, Еду – заўсёды хвалююся Ды краявідам любуюся. Час ляціць – адна мінутка, А ўжо Зецель прамінуў я. Цяпер ціха, не спяшы, Наперадзе Курпяшы. Глянь налева, управа глянь:Цячэ рэчанька Ухань. А далей ужо Арліна – Усёй дарогі палавіна. Тут, ля Моўчадзі-ракі, Вёсачка Баравікі, А ў ёй сябра Свіб жыве, Заўжды ў госці ён заве. У яго часам заначую, Смачным мёдам пачастуе. Што за дзіва?! Справа ён, Гонар нацыі – «Радон». Мы старанна будавалі, Аб будучым краю дбалі.А праз лес бяжыць дарога, Дзе грыбоў заўсёды многа. Ручай Клішаўка журчыць, А вакол Трайня ляжыць. За чыгункай, на ўзгорку, Для мяне, бы тая зорка, Ахонава ўставала –Цэнтр акругі. Во бывала!

Ганарыліся на ўвесь свет: Школа, ФАП і сельсавет! Пакуль голас гучыць звонка I ва ўсім даю шчэ рады, Мая мілая старонка, Для цябе не будзе здрады. Ахонава! Родна вёска! Сэрцам да цябе прырос, Бо такая воля Боска, Бо такі шчаслівы лёс.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться