Прывід у палацы Дамбавецкага існуе? У Бердаўцы аднаўляецца мясцовая славутасць
Аграгарадок Бердаўка – унікальнае месца на лідскай зямлі, дзе гісторыя крочыць побач з сучаснасцю. Тут захаваліся старыя, векавыя будынкі, а побач з імі выраслі сучасныя дамы. Апошнім часам асаблівая ўвага прыкавана да аднаго са старых будынкаў – палаца былога ўладальніка Бердаўкі Аляксандра Дамбавецкага, у якім зараз размяшчаецца культурна-дасугавы цэнтр. Тут распачаты грандыёзны рамонт, выдаткаваны вялікія сродкі – стаіць мэта аднавіць гістарычную каштоўнасць і ўключыць яе ў турыстычны маршрут па Лідчыне.
У культурна-дасугавым цэнтры, куды завітаў карэспандэнт “Лідскай газеты”, гаспадараць будаўнікі. Дырэктар установы Аляксандр Парфенчык з энтузіязмам пераключыўся на гаспадарчыя клопаты. Аляксандр Генадзьевіч, не толькі як кіраўнік, але і як карэнны мясцовы жыхар, пранікся цікавасцю да багатай гісторыі Бердаўкі, у тым ліку і самога палаца Дамбавецкага.
– Асоба Аляксандра Дамбавецкага даволі значная ў гісторыі Беларусі і Расіі. Ён вядомы як губернатар Магілёўскай губерні, сенатар Расійскай імперыі, краязнаўца, міравы суддзя Лідскай судова-міравой акругі, – уводзіць у курс справы Аляксандр Парфенчык. – Бердаўка ж з’яўлялася яго летняй рэзідэнцыяй. Дамбавецкі пабудаваў тут цагляны палац, побач заклаў парк, у якім і сёння растуць экзатычныя дрэвы: лістоўніцы, дубы, ясені, канадскія клёны, а некалі былі яшчэ і коркавыя дрэвы, блакітныя елкі. Дарэчы, ёсць меркаванні, што палац будаваўся на фундаменце яшчэ больш старэйшага будынка. Сведчаць аб гэтым цэгла-пальчатка” і кладка ў падвальным памяшканні.
Аляксандр Парфенчык звярнуўся да раённых уладаў з прапановай – аднавіць палац. Ідэю ў Лідскім райвыканкаме падтрымалі. Былі выдаткаваны грошы, і летам мінулага года пачаліся работы.
“На сёння ўжо зроблена шмат, – гаворыць Аляксандр Генадзьевіч. – Умацаваны фундамент. Заменены дах – замест шыферу пакладзена металачарапіца. Розніца ў грашовым эквіваленце гэтых матэрыялаў, магчыма, і невялікая, але дах стаў лягчэйшы на 12 тон, што немалаважна, улічваючы гістарычную каштоўнасць будынка. Праведзены рамонт з элементамі рэстаўрацыі вонкавых архітэктурных частак. Заменены ўсе 19 вокнаў, пасля чаго адразу ж адчулася эканомія цяпла, у памяшканні стала святлей. Абсталяваны тамбур цэнтральнага ўвахода, пастаўлены пластыкавыя дзверы. Што немалаважна: у памяшканні нарэшце з’явіўся санвузел (раней ён знаходзіўся на вуліцы). Абнавілася кацельная: у ёй зроблены поўны рамонт сцен, столі і падлогі, заменены вокны, устаўлены металічныя дзверы. Абсталяваны асобны ўваход у падвальнае памяшканне, ён абнесены каванай агароджай з манаграмай Аляксандра Дамбавецкага “ДА” – аналагічнай сапраўднай, якая захавалася на адным з будынкаў старой канюшні”.
Знешне палац ужо сёння выглядае нібыта з карцінкі – вонкавы рамонт завершаны поўнасцю, засталіся ўнутраныя работы. У снежні мінулага года быў праведзены пробны турыстычны маршрут пад назвай “Адзін дзень у гасцях у Дамбавецкіх”. Першы блін не выйшаў камяком: дзейства ўдалося і падштурхнула да новых дасягненняў.
Аляксандр Парфенчык ахвотна дзеліцца задумкамі наконт праектаў. У бліжэйшым будучым сумесна з вядомым скульптарам Рычардам Грушам (а сам ён родам з бердаўскіх мясцін) тут плануюць правесці фестываль каменю. Ёсць задумкі арганізоўваць санныя і конныя прагулкі. А ўвогуле, у адноўленым палацы Дамбавецкага адкрыецца яшчэ шмат цікавага, бо гісторыя яго ахутана незвычайнымі фактамі і легендамі.
– У падвальным памяшканні ёсць тры выхады, і ўсе на розныя бакі, да азёр, – расказвае Аляксандр Парфенчык. – Ці вось яшчэ быў такі факт: на гарышчы калісьці, яшчэ ў савецкія часы, знайшлі скрыню. Зверху – пуга, а ў сярэдзіне – аблігацыі і царскія грошы. Расказваюць і такі выпадак: калісьці адзін з будаўнікоў раптам страціў прытомнасць, а калі апрытомнеў, то не захацеў ніякіх разлікаў і, нічога не тлумачачы, хутка з’ехаў. Мяркуюць, што яму нешта паказалася.
– А прывіды ў палацы ёсць? – цікаўлюся.
– Асабіста я ў іх не веру, – усміхаючыся, кажа Аляксандр Парфенчык. – Хаця... Жанчыны – мая жонка, мастацкі кіраўнік культурна-дасугавага цэнтра Інэса Георгіеўна, і бібліятэкар Алена Георгіеўна Чэчат – расказвалі, што нешта ўсё ж бачылі. Алена Георгіеўна, неяк застаўшыся дапазна, уражаная, дзялілася: бакавым зрокам адчувала, што побач ёсць нейкі рух, але паварочвалася – і ўсё знікала.
Што і казаць: цікава, ды яшчэ і як! А што будзе праз колькі часу, калі ва ўсёй прыгажосці адкрыецца ўнікальная старонка мясцовай гісторыі?! Яна, безумоўна, прыцягне турыстаў. Ды і для кожнага з нас, лідчан, будзе падставай ганарыцца, цікавіцца ёю і ведаць.