Абрадам «Засеўкі» ў Лідскім раёне дадзены старт вясеннім палявым работам

20 Марта 2025 2459

“Засеўкі” – менавіта гэтым традыцыйным абрадавым мерапрыемствам распачынаецца прыход вясны ў жыцці хлебаробаў, калі ўжо настае час распачынаць яравую сяўбу. Іспыт на трываласць, у якім па-асабліваму важны кожны пагодлівы дзень, пачаўся. Аграрыям давядзецца прыкласці ўсе намаганні, каб выканаць работы ў сціснутыя агратэхнічныя тэрміны.

Надвор'е сёння, як па замове, выдалася па-вясноваму сонечным і цёплым. Яно спрыяла пачатку палявых работ.

Сёлета традыцыйны вясновы абрад быў праведзены на адным з палёў ЛРСУП "Мажэйкава" – каля вёскі Масявічы. Тут сабраліся кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, старшыня прафсаюзнага камітэта работнікаў АПК Аляксандр Марсаў, механізатары, прадстаўнікі духавенства і артысты.

Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі прывітаў прысутных і павіншаваў аграрыяў з пачаткам пасяўных работ.

– Калі я стаў кіраўніком раёна, мне паведамілі, што на Лідчыне існуе традыцыя распачынаць першую вясеннюю баразну абрадам “Засеўкі”, а затым спыталі, ці будзем яго прадаўжаць. Я адказаў, што абавязкова будзем, калі гэта такая традыцыя! Андрэй Іванавіч, дзякуй за тое, што сёння нас прымаеце ў сваёй гаспадарцы. Хачу пажадаць, каб мы сваімі адносінамі да працы нябесную канцэлярую не прагнявілі, каб яна на працягу года радавала сваім спрыяльным надвор’ем і дазволіла сабраць у будучым высокі ўраджай. У гэтым годзе ўсе гаспадаркі раёна добра падрыхтаваліся да вясновых палявых работ. І мы павінны пасяўную кампанію, а пасля і ўборачную, правесці адказна і атрымаць добры вынік. Ёсць такое добрае выказванне: "Хвала рукам, што хлебам пахнуць!" Дзякуй вялікі ўсім працаўнікам сяла, механізатарам, спецыялістам за вашу нялёгкую працу. Я думаю, што мы разам атрымаем той вынік, якога ад нас чакаюць, і дасягнем пастаўленых мэт.

Да прысутных таксама звярнуўся кіраўнік сельгаспрадпрыемства ЛРСУП «Мажэйкава» Андрэй Лявон:

– Сёння мы сабраліся на мажэйкаўскай зямлі, каб абазначыць асаблівы момант – пачатак вясновых палявых работ. Гэта час, калі прырода абуджаецца, а мы, вяскоўцы, займаемся справай, ад якой залежыць дабрабыт не толькі раёна, але і ўсёй краіны. Вясновая пара – гэта пачатак закладкі будучага ўраджаю. Кожнае зерне, кінутае ў зямлю, – гэта агульны ўклад у росквіт нашага краю, гэта дабрабыт у нашых сем'ях. Хай надвор’е спрыяе, а тэхніка нас не падводзіць! Ведаю, што ў нашых працаўнікоў ёсць галоўнае – жаданне працаваць, а значыць, усё выканаем якасна, своечасова і найлепшым чынам!

У гэты дзень Аляксандр Вярсоцкі і Андрэй Лявон кінулі ў баразну першае зерне для будучага ўраджаю.

Народны абрад "Засеўкі" даў старт вялікай усеагульнай працы. І задачы пасяўной кампаніі перад калектывамі гаспадарак пастаўлены не завоблачныя, а цалкам рэальныя.


Галоўны аграном прадпрыемства Віталій Макусь адзначыў, што ў гэтым годзе пад яравы клін адведзена 1580 га пасяўных плошчаў. З іх 400 га пойдзе пад пшаніцу і 270 га – на ячмень. Пад кукурузу і зерне адведзена 580 га палёў, 190 га – пад гарох і 210 га на лубін белы. Яшчэ ў гаспадарцы плануецца 53 гектары плошчы аддаць на пасеў агародніны.

– На пасяўной сёлета будуць задзейнічаны 2 пасяўныя комплексы і 3 агрэгаты па падрыхтоўцы глебы. Усяго выйдзе на палеткі каля 20 адзінак тэхнікі, – сказаў Віталь Макусь. – На дадзены момант у гаспадарцы ўжо пасеяна 260 гектараў яравога ячменю і будзем плаўна пераходзіць да сяўбы яравой пшаніцы і бабовых культур, у прыватнасці, гароху і лубіну белага. У гэтым годзе склаліся спрыяльныя ўмовы для сяўбы яравых і збожжавых культур. Спадзяемся ў бягучым годзе сабраць добры ўраджай і дасягнуць высокіх паказчыкаў.


Благаславілі механізатараў запрошаныя на мерапрыемства святары. Яны акрапілі святою вадою збожжа і тэхніку, якая будзе задзейнічана ў правядзенні веснавых работ, памаліліся за тое, каб Бог спрыяў руплівай працы хлебаробаў дзеля багатага будучага ўраджаю.

Завяршыўшы ўсе дзеянні, быў дадзены старт пасяўной. Права першай баразны атрымаў механізатар Леанід Жаўнерчык, які вывеў у поле свой сельскагаспадарчы агрэгат «Беларус-3522», які за час працы ў гаспадарцы стаў для яго па-сапраўднаму родным.

У ЛРСУП «Мажэйкава» Леанід Браніслававіч Жаўнерчык працуе ўжо 22 гады. На дадзеным агрэгаце механізатар працуе ўжо чатыры гады. Для яго вясенняя пасяўная – справа адказная і для душы ўцеха:

– На дадзены час ужо мной пракультывавана 200 гектараў глебы перад пасяўной. Упэўнены, калі надвор’е нам будзе спрыяць і далей, то восенню абавязкова будзем з добрым ураджаем.
















Текст: Анжаліка ЗАБРОДСКАЯАнжаліка ЗАБРОДСКАЯ
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться