«Паміж Лідай і Наваградкам горад стаіць…»
Менавiта такiмi словамi звычайна пачынаюць свой экскурс у гiсторыю вучаніцы 11 класа, члены клуба “Пошук” ДУА «Бярозаўская сярэдняя школа №3» Рэната Дзяковiч, Кацярына Бухцiнава, Алена Яржэмская. Таленавiтыя дзяўчынкi з пачуццём гонару за свой родны край апавядаюць прыгожую легенду: «Быў калісьці ў гэтых мясцiнах чароўны бярозавы гай. Людзі захапляліся яго хараством, бавілі тут вольны час, любаваліся стройнымі беластволымі дрэўцамі. Доўга не разважаючы, назвалі гэтае месца Бярозаўка, спадзеючыся, што яно, як і прыгожы бярозавы гай, будзе вядома далёка за межамі краіны. І не памыліліся».
Зараджэнне шкляной вытворчасці
Лiчыцца, што гісторыя горада Бярозаўкі цесна пераплятаецца з гісторыяй шклозавода “Нёман”. Так i ёсць.
Канец XIX стагоддзя… Менавiта ў гэты час зараджаецца гутная вытворчасць на бярозаўскай зямлi, абшары якой належалі тады мясцоваму памешчыку Зянону Антонавічу Ленскаму.
– Прыкладна ў 1875 годзе памешчык заснаваў ва ўрочышчы Устрынь-Боркі, што ў чатырох кіламетрах ад Бярозаўкі, гуту (шкляны завод), – расказваюць дзяўчынкi. – Хаця ў дакументах гута Ленскага ўпершыню ўпамінаецца толькі ў 1883 годзе. Што цiкава: Ленскі аказаўся не вельмі добрым прадпрымальнікам, таму вымушаны быў у 1891 годзе здаць гуту ў арэнду. Арандатарамi аказалiся сапраўдныя майстры шкляной вытворчасці – Юліус Столле і Вільгельм Краеўскi. Дзякуючы гэтым таленавітым людзям у нашым краі зарадзілася шкляная вытворчасць, а слава аб шклозаводзе “Нёман” загучала далёка за межамі краіны.
Сядзіба Ленскіх у Вашкевічах (в. Агароднікі). Гравюра Дмахоўскага з архіва А. С. Лысёнка.
20-30-я гады ХХ стагоддзя
Гэта час аднаўлення завода з укараненнем новых тэхналогій, пашырэннем асартыменту, заваёўваннем новых рынкаў збыту. Час росквіту горада. З'яўляюцца Дом апекі маці і дзіцяці, магазін спажывецкай кааперацыі для работнікаў, бальніца, нават стадыён. Дзейнічалі дзіцячая скаўцкая арганізацыя, пажарная ахова, аматарскі аркестр і хор “Лютня”. Пачалося будаўніцтва шасэйнай дарогі Ліда – Ганчары – Агароднікі – Бярозаўка – Оркавічы – Макрэц – Пятрэвічы – Наваградак.
Гута «Нёман» (1930-я гады) у Бярозавым Гаі.
– Першая школа была адкрыта ў 1923 годзе, – апавядае Кацярына Бухцінава, аўтар працы “Тапаніміка ў гісторыі горада Бярозаўкі”. – Гэта была пачатковая польская школа. Знаходзілася яна ў невялікім доме № 7 па вуліцы Спацыровай (Леніна). Займалася тут трыццаць вучняў. Першымі настаўнікамі былі Люцына Краеўская і Лясняк. У 1933 годзе на сродкі фірмы “Столле і сыны” было пабудавана новае памяшканне школы на 175 месцаў. Навучанне было сямігадовае. ішла актыўная забудова вуліц пасёлка. Ужо вызначыліся такія вуліцы, як Уяздовая, Маставая, Спацыровая, Спартовая, Спакойная, Прага, Новая, Фабрычная, Ясная, Дакудаўская і іншыя, плошча 3 Мая. Мяне зацікавіла паходжанне гэтых назваў. Аказалася, што яны сімвалічныя. Вуліца маставая – бо вяла да моста праз раку Нёман. Спартовая – бо на гэтай вуліцы быў стадыён, дзе праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы. Спацыровая – вельмі прыгожая вуліца, дзе жыхары адпачывалі. Дакудаўская – бо па гэтай вуліцы людзі маглі праехаць у вёску Дакудава. Ясная, Спакойная – новыя вуліцы Бярозаўкі, якія адлюстроўвалі характэрныя рысы яе жыцця ў 1920-30-я гады.
Прадукцыя шклозавода «Нёман»
У тыя часы – гэта вялікая колькасць вырабаў: крыштальныя графіны, шклянкі, куфлі, чаркі, вазы для кветак, садавіны, цукерак, хлебніцы, салатніцы і шмат іншых прыбораў хатняга ўжытку. Некаторыя з іх з'яўляюцца экспанатамі музея. Узяць хаця б туалетны прыбор 1930-х гадоў, які складаўся з дэкаратыўнай бутэлькі з распыляльнікам, флакона для парфумы, пудраніцы, мыльніцы і формы для грабянёў.
Туалетны прыбор 1930-х гадоў.
– Усё гэта зроблена залатымі рукамі майстроў, умельцамі шклозавода “Нёман” , – дадае кіраўнік музея “Скарбы продкаў” Тэрэса Матусевіч. – Праца іх была цяжкая і складаная, вырабы іх маюць асаблівую мастацкую каштоўнасць, прывабліваюць сваёй прыгажосцю. Сведчаннем высокага прафесіяналізму майстроў-гутнікаў з’яўляецца каталог фірмы “Столле і сыны” 1939 года, які налічваў 1828 вырабаў. Копія яго захоўваецца ў памяшканні нашага музея і яшчэ раз сведчыць аб укладзе сям’і Столле ў развіццё шкляной вытворчасці “Нёмана” і нашага горада.
У ваенны час
У гады Вялікай Айчыннай вайны Бярозаўка была акупавана немцамі і знаходзілася ў акупацыі да 7 чэрвеня 1944 года. У час наступлення савецкіх войск завод быў ператвораны ў крэпасць. У цэхах былі ўстаноўлены кулямёты і мінамёты. Але пад націскам Чырвонай Арміі і партызанскага атрада “Іскра”, брыгады імя Кірава фашысцкія войскі вымушаны былі адступаць. Пры адыходзе немцы ўзарвалі завадскую электрастанцыю, вывелі са строю асноўныя і дапаможныя цэхі, складскія памяшканні, спалілі мост цераз раку Нёман, разбурылі будынак заводакіраўніцтва, некаторыя жылыя дамы.
Сёння ў цэнтры горада, па вуліцы Карзюка, знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў.
«Характэрная асаблівасць» Лідчыны
З 1962 года Бярозаўка адносіцца да Лідскага раёна. У пасёлку пачалі дзейнічаць музычная школа, Дом культуры, бальніца, была адкрыта кніжная крама. У 1969 годзе Бярозаўка атрымала статус гарадскога пасёлка. Працягваецца будаўніцтва жылых дамоў для працоўных, уведзены ў строй новая бальніца, дзіцячы cад №2, камбінат бытавога абслугоўвання, з 1973 года – Бярозаўская СШ №2, дырэктарам якой быў прызначаны Іван Мікалаевіч Камышка.
Чарка з вензелем Кацярыны ІІ – выраб сучаснага майстра.
З 1988 года Бярозаўка – горад раённага падпарадкавання. У 1991 годзе была адкрыта Бярозаўская СШ №3, дырэктарам якой працуе Іван Мікалаевіч Кудзій. У 1991-1994 гг. былі пабудаваны на сродкі прыхаджан касцёл Спаслання Духа Святога і царква Іконы Жыровіцкай Божай Маці. У 2003 годзе пачала дзейнічаць царква хрысціян Веры Евангельскай, што сведчыць аб рэлігійнай талерантнасці краю.
10 чэрвеня 2010 года горад атрымаў герб. Пад ім на залатой стужцы дэвіз: “Differentia specifica”, што азначае “характэрная асаблівасць”.
– Сёння ў Бярозаўцы пражывае больш за 10500 чалавек, і мы ўсе разам захоўваем нашу гістарычную спадчыну: “Новы дворык”, дом Браніслава Столле 30-х гадоў, заводскую кантору фірмы “Столле і сыны”, дом Юліуса Столле, – расказваюць дзяўчынкi. – Вучні нашай школы даглядаюць магілы заснавальнікаў горада: Юліуса Столле, Вільгельма Краеўскага, першай настаўніцы Люцыны Краеўскай і іншых членаў іх сем’яў. Ганаровыя госці нашай школы – нашчадкі сям’і Столле, якія сёння пражываюць у Польшчы і іншых краінах свету, а таксама заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мурахвер і Людміла Мягкова.
***
Дзясяткі тысяч экскурсантаў сёння наведваюць шклозавод “Нёман”, мастацкі музей прадпрыемства, каб пазнаёміцца з унікальнай вытворчасцю шклозавода. Спраўдзілася надзея продкаў: Бярозаўка набыла сусветную вядомасць. Яе гiсторыя працягваецца, а гэта самае галоўнае.
Вучаніцы 11-га класа, члены клуба «Пошук» ДУА «Бярозаўская сярэдняя школа №3» Рэната Дзяковiч, Кацярына Бухцiнава, Алена Яржэмская.