Жыхарка Ліды адзначыла 100-гадовы юбілей
Пражыць 100 гадоў… Толькі ўдумайцеся, якая лічба! А колькі падзей адбылося за гэты перыяд, колькі радасцяў і расчараванняў перажыта! 100-гадовыя юбіляры... Такія людзі – легенды, вялікая рэдкасць нашага часу, аднак вельмі радуе, што яны ёсць. 19 студзеня свой соты дзень нараджэння адзначыла жыхарка Ліды Станіслава Баляславаўна Місюлевіч.
Як і ўсім з таго пакалення, на яе долю выпала нямала выпрабаванняў: вайна, пасляваенная разруха, голад, цяжкая праца… Але ў той час гэта перажывалі ўсе. Больш кранае асабістае… Спачатку заўчасная, усяго ў шэсць месяцаў, смерць малодшага сына, пазней – мужа, удзельніка Вялікай Айчыннай. Праз пэўны адрэзак часу давялося бабулі вытрымаць новы ўдар лёсу: ад невылечнай хваробы ў маладым яшчэ ўзросце – 47 гадоў – пайшоў з жыцця і другі сын, яе першынец. Здавалася б, як перажыць усё гэта і не зламацца? Але скардзіцца на несправядлівасць лёсу не ў характары Станіславы Баляславаўны.
– Іншы б ад такога гора ачарсцвеў душою, адгарадзіўся б ад усяго свету,– разважае малодшая дачка Крысціна Іосіфаўна, – а наша мамачка, нягле-дзячы ні на што, захавала душэўную дабрыню, спагаду. Якая яна ў нас дабрачка! Ведаеце, яе ж усе суседзі любілі і любяць, нярэдка казалі нам, дачкам, што больш сардэчнай, добразычлівай, справядлівай жанчыны на Свярдлова няма (Станіслава Баляславаўна яшчэ ў дзяцінстве разам з татам, матуляй, чатырма братамі і сёстрамі пераехала сюды – тады яшчэ на вуліцу Віленскую – з маёнтка Малюзінаў (знаходзіўся на тэрыторыі Лідскага ўезда), дзе яны працавалі па гаспадарцы. Бацькі рана памерлі, браты і сёстры раз’ехаліся, а яна так і засталася жыць у бацькоўскай хаце. – Заўв. аўт.).
Усё сваё жыццё Станіслава Місюлевіч многа працавала. Хто ведае, магчыма, гэта і давала ёй сілы жыць і пераадольваць усе цяжкасці. Перад вайной служыла ў яўрэйскай сям’і. Акрамя ўборкі па хаце, нагляду за дзецьмі, у яе абавязкі ўваходзіла варыць марозіва. Прыгатаваны ласунак гаспадыня потым прадавала. У пачатку вайны ўсю гэтую яўрэйскую сям'ю немцы расстралялі, а Станіславе Баляславаўне цудам удалося выратавацца. Потым жанчына працавала прыбіральшчыцай у рамесным вучылішчы №12 горада Ліды, а калі нарадзіліся дзеці, засталася дома, на гаспадарцы.
– Можа, і сорамна такое казаць, але тата гэтай працы не тычыўся, – уступіла ў гутарку старэйшая дачка Марыя Іосіфаўна. – Мама сама і карміла скаціну, і чысціла за ёй, і нават рэзала, смаліла, разбірала. Яшчэ паспявала і агароды абрабіць, і ў лес па ягады-грыбы збегаць… А як інакш? Ёй трэба было нас, дзяцей, падымаць на ногі.
Дзеці – гэта тое багацце, дзеля якога жыла Станіслава Баляславаўна. Лёс пакінуў ёй дзвюх дачок – Марыю і Крысціну. З цягам часу падарыў унучку Леначку і праўнука Андрэя. У кожным з іх яна душы не чуе. Адказваюць узаемнасцю ёй і родныя. Падчас размовы з журналістам “Лідскай газеты” дачкі не-не ды і абдымуць сваю мамачку, пагладзяць па руцэ, схаваюць валасы, якія выбіліся з-пад хусткі. І столькі ў гэтых рухах шчырай любові і пяшчоты, што мімаволі слёзы наварочваліся на вочы. Яна жыла для іх, цяпер яны жывуць для яе... Станіслава Баляславаўна ўжо не ўстае, амаль не бачыць, не гаворыць і не чуе, не можа за сабой даглядаць… Але яна не адзінокая: заўсёды побач, з адкрытымі сэрцамі і шчырымі клопатамі, яе дачкі (8 год таму Станіславу Баляславаўну забрала да сябе старэйшая, Марыя).
– Наша мама ўсё жыццё была жартаўніцай, – кажуць жанчыны, – і нас вучыла адносіцца да жыцця лёгка, не браць беды да галавы, дзякаваць за малое. Вучыла нас, што ўсе хваробы ад нерваў. Ведаеце, а мама ж за сваё жыццё ні разу ў доктара не была, таблеткі не прыняла! Падчас святкавання яе стагоддзя Андрэйка кажа ёй на самае вуха: “Бабуля, табе сёння споўнілася сто гадоў”. А тая адказвае: “О, як здорава! Уголас – не, а ў душы я песню спяваю…” І ў гэтым уся яна, наша мамачка.
А на днях павіншаваць Станіславу Місюлевіч прыйшла і начальнік аддзялення грамадзянства і міграцыі Лідскага РАУС Ірына Шукалюкава. З пажаданнямі здароўя яна ўручыла бабулі яе новы пашпарт. Пры гэтым Ірына Эдуардаўна нагадала, што векавыя юбіляры для Лідскага раёна рэдкасць. У мінулым годзе, напрыклад, не было ніводнага.
Калектыў “Лідскай газеты” далучаецца да ўсіх цёплых слоў, якія былі сказаны ў адрас юбіляршы. Мы зычым трывалага міру і цёплых адносінаў у яе сям’і – такіх, якія родныя і яна пабудавалі і захоўваюць разам ужо не адно дзесяцігоддзе. Спадзяёмся, што 100 гадоў для Станіславы Баляславаўны – гэта не мяжа…