У касцёле ў Лідзе веруючыя могуць атрымаць індульгенцыю
Магчымасць аднавіць свае духоўныя сілы, атрымаўшы прабачэнне грахоў для сябе або кагосьці з памерлых, маюць католікі Лідскага раёна.
2015 год у каталіцкім касцёле праходзіць пад знакам манаскага жыцця. З гэтай нагоды ў дыяцэзіях па ўсім свеце вызначаны касцёлы (выключна тыя, пры якіх існуюць манаскія ордэны), дзе кожны вернік на працягу пэўнага перыяду штодзённа можа атрымаць індульгенцыю. У Лідзе гэта касцёл святога Юзафа Каласанса парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны (мікрараён Індустрыяльны).
Карэспандэнт “Лідскай газеты” сустрэўся з пробашчам гэтага касцёла ксяндзом Янам Асіповічам, які растлумачыў, што такое індульгенцыя, для чаго яна патрэбна і як яе атрымаць.
– Індульгенцыя – гэта вызваленне ад часовай кары за грахі, у якіх грэшнік ужо пакаяўся і віна ў якіх ужо прабачана ў сакрамэнце споведзі, – пачаў айцец. – Справа ў тым, што кожны грэх мае свае наступствы, або пакуты (яны і называюцца часовым пакараннем). Яны вядуць да духоўных пакут, якія чалавек церпіць на зямлі альбо пасля смерці. А індульгенцыя дазваляе атрымаць ад Бога прабачэнне, дапамагае пазбавіцца ад гэтых пакут шляхам схілення чалавека да больш інтэнсіўнай малітвы, спраў міласэрнасці, посту. Індульгенцыю можна атрымаць ці для сябе, ці за памерлых, скараціўшы такім чынам час іх знаходжання ў чыстцы. Прычым памерлы неабавязкова павінен быць блізкім чалавекам. Напрыклад, можна ахвяраваць за тую душу, якая больш за ўсё патрабуе дапамогі. Але трэба памятаць: адна індульгенцыя – толькі за аднаго чалавека, наступная індульгенцыя – за іншага чалавека, і гэтак далей.
– А як атрымаць індульгенцыю?
– Па-першае, трэба прыйсці ў касцёл, які для гэтага вызначаны. У гэтым годзе ў Лідскім раёне гэта касцёл святога Юзафа Каласанса, што ў мікрараёне Індустрыяльны. Па-другое, неабходна прыступіць да сакрамэнту пакаяння, прыняць святую камунію, быць вольным ад усялякай прыхільнасці да якога-небудзь з грахоў, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца малітвамі «Ойча наш», «Вітай, Марыя», «Веру ў Бога». Акрамя таго, трэба выканаць пэўныя практыкі, інфармацыя аб якіх змешчана ў касцёле. Дарэчы, святару неабавязкова казаць, што вы хочаце атрымаць індульгенцыю. Такое ўстанаўленне павінна быць у сэрцы. Таму кожны, хто хоча аднавіць свае духоўныя сілы з дапамогай атрымання адпусту, павінен мець шчырае жаданне і намер скарыстаць дар індульгенцыі.
– Ці існуе якое-небудзь пацвярджэнне атрымання індульгенцыі?
– Ніякае матэрыяльнае пацвярджэнне, напрыклад, у выглядзе дакумента, не даецца: чалавек сам разумее, атрымаў ён адупст ці не. Калі ёсць сумненні, можна падысці да святара і спытаць. За грошы, за міласціну індульгенцыю купіць нельга – трэба мяняць жыццё. Чалавек павінен разумець: індульгенцыя – гэта не штосьці фармальнае, для чаго дастаткова выканаць пэўныя ўмовы і прадпісанні. Насамрэч гэта форма сапраўднага духоўнага лячэння, дзякуючы якому наша воля імкнецца да праўдзівага дабра, а наш розум дакладна вызначае і выбірае ісціну.
Індульгенцыю ў касцёле святога Юзафа Каласанса можа атрымаць кожны жадаючы ў любы дзень па 2 лютага 2016 года. Колькасць разоў неабмежаваная.