19 студзеня сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі структуры МНС Беларусі

19 Января 2015 2935

У гэты дзень словы віншаванняў і падзякі гучаць у адрас працаўнікоў і ветэранаў ведамства. Сёлета ў лідскіх ратавальнікаў ёсць двайная нагода для радасці: свята супала са ўводам у баявы разлік новенькага аўтамабіля.

Пажарную аўтацыстэрну на шасі МАЗ між сабой яны называюць «дзесяцітонавік». Яна ўмяшчае 10 тон вады і 600 літраў раствору пенаўтваральніка. Максімальная хуткасць падачы вады – 40 літраў у секунду! 

Новы МАЗ сярод спецтэхнікі райаддзела па НС – рэкардсмен. Раней у арсенале лідскіх пажарных былі аўтамабілі, якія перавозяць 2,5, 3,5 і 5 тон вады. Вось і атрымліваецца, што запасу галоўнага вогнетушыльнага сродку хапала ў лепшым выпадку на 3-5 хвілін працы разліку. «Новая тэхніка істотна пашырае магчымасці для манеўра падчас тушэння пажараў, – расказвае начальнік Лідскага райаддзела па НС Анатоль Даўгалявец. – Пакуль машына вялікай ёмістасці задзейнічана на пажары, іншыя могуць папоўніць запасы вады. Так можна выйграць час, а ў сутычцы з агнём важная кожная хвіліна».

Спецтэхніка вялікай ёмістасці – проста знаходка для аддзела, што абслугоўвае сельскую мясцовасць. Аўтамабіль вялікага водазмяшчэння дазваляе зэканоміць на ўтрыманні пажарных вадаёмаў. Акрамя таго, новы МАЗ мае 6 месцаў баявога разліку і прымяняецца пры выкананні шырокага спектру пажарна-выратавальных работ.

IMG 0018

Аўтамабіль выдзелены раёну па лініі Міністэрства па НС. Дамоўленасць аб гэтым была дасягнута паміж старшынёй Лідскага райвыканкама Міхаілам Карповічам і Міністрам ведамства Уладзімірам Вашчанкам у снежні, падчас яго візіту ў Ліду.

Увядзенню машыны ў баявы разлік папярэднічалі перыяд абкаткі, афармленні нумарных знакаў, першаснае тэхнічнае абслугоўванне пажарнага абсталявання. Размяшчацца МАЗ-дзесяцітонавік будзе ў цэнтральнай частцы ПАВЧ-1. За ім ужо пазменна замацаваны тры вадзіцелі. Ёсць усе падставы меркаваць, што гэта не адзінае папаўненне аўтапарка ў бягучым годзе. Чакаецца паступленне яшчэ аднаго аўтамабіля, ёмістасцю 5 тон. 

Але тэхніка – гэта, вядома, толькі адна з умоў эфектыўнай дзейнасці пажарных-ратавальнікаў. Галоўныя ў гэтай нялёгкай справе ўсё ж людзі. Добра скаардынаваная праца, прафесіяналізм, самаахвярнасць калектыву даюць магчымасць пры неабходнасці ратаваць чалавечыя жыцці. 

IMG 0022

Адам Сідорчык, адзін з вадзіцеляў новага МАЗа, здзяйсняе праверку пажарнага насоса ў аўтамабілі.

– Падраздзяленне Лідскага аддзела па НС налічвае 263 чалавекі асабовага складу, – расказвае Анатоль Даўгалявец. – Усе яны гатовы прыйсці на дапамогу. Хочацца падзякаваць маім калегам за службу, працавітасць, адказнасць, стаўленне да сваёй справы з душой. 

Напрыканцы размовы раблю здымак новага МАЗа з баявым разлікам пажарных-ратавальнікаў. З новай тэхнікай яны ўжо на «ты». Спадзяюся, што лідскія агняборцы будуць выкарыстоўваць яе рэдка, а традыцыйнае пажаданне сухіх рукавоў будзе здзяйсняцца часцей.

IMG 0031

Баявы разлік пажарных-ратавальнікаў. Першы рад, злева направа: Аляксей Даўлюд, Аляксандр Кір'яшаў, Андрэй Майсюк; другі рад, злева направа: Руслан Пышынскі, Канстанцін Зубрык.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться