У каталіцкія храмы Лідчыны дастаўлены Віфлеемскі агонь
У пятнаццаты раз напярэдадні свята Божага Нараджэння ў Беларусь прыбыла эстафета перадачы Віфлеемскага агню. Гэта еўрапейская традыцыя штогод падтрымліваецца і нашымі вернікамі. Сваё падарожжа па Беларусі агонь распачаў з Гродна. 17 снежня ў Фарным касцёле абласнога цэнтра сярод тых, хто сустракаў лампаду, былі і нашы землякі. У нядзелю, 21 снежня, агонь з базілікі Нара-джэння Хрыстова быў дастаўлены ў галоўны каталіцкі храм нашага горада.
На святочнай імшы ксёндз Уладзіслаў звярнуўся да прыхаджан са словамі: “На жаль, не ўсе мы можам пабываць у храме Нараджэння Хрыстова, але мы сагрэем свае сэрцы і душы ад гэтай лампады. Віфлеемскі агонь – гэта сімвал міру, еднасці, хрысціянскай любові і цяпла Божага Нараджэння для ўсіх вернікаў”.
Запаліць свечку ад лампады і прынесці ў свой дом часцінку Віфлеемскага агню ў перадсвяточныя дні зможа кожны жадаючы. Сёмага студзеня святыню перададуць праваслаўным вернікам.