Да Дня энергетыка. Змерым жыццё ў кілаватах

20 Декабря 2014 2432

Гэты артыкул я не магла не напісаць на беларускай мове. Чаму? Адказ просты. Наведваючы прадпрыемства Лідскіх электрасетак, заўважыла: уся інфармацыя пададзена на роднай мове, і нават шыльды з назвамі кабінетаў. Далей высветлілася, что кіраўнік гэтай арганізацыі Пётр Пятровіч Лабан нават свае справаздачы робіць на роднай мове і размаўляць любіць на ёй.

– А чаму не? – усміхаецца ён. – Наша мова цудоўная: прыгожая і мілагучная. Каб зразумець гэта, трэба проста на ёй гаварыць…Але да справы. Візіт мой звязаны быў з прафесійным святам энергетыкаў, якое адбудзецца 22 снежня. З чым падышлі яны да свайго дня?

– Галоўны паказчык нашай дзейнасці, – кажа Пётр Пятровіч, – колькі прадпрыемствы, арганізацыі і людзі спажываюць электраэнергіі. І тут можна пахваліцца: гэты паказчык з года ў год расце, нягледзячы на тое што тарыфы павялічваюцца. Другі асноўны паказчык – тэхналагічныя страты. Яны змяншаюцца. Напрыклад, калі ў 2004 годзе страты складалі 16,3 працэнта ад рэалізацыі, то ў 2014-м – 10,2. Іх удаецца зменшыць за кошт укаранення новых тэхналогій. Напрыклад, устаноўлена больш за 500 электронных прыбораў уліку электраэнергіі, інфармацыя з якіх паступае да нас праз камп’ютар. Адзін такі прыбор можа сабраць інфармацыю з пяці лічыльнікаў.

Дарэчы, электронныя лічыльнікі могуць устанавіць і звычайныя людзі. Гэта выгадна не толькі для электрасетак, але і для самаго чалавека, таму што можна разлічыць расход электраэнергіі асобна па выхадных і будзённых днях. Практыка паказвае: больш электраэнергіі людзі расходуюць менавіта па выхадных і святочных днях. Маючы такі лічыльнік, можна скарэкціраваць свае патрэбы.

Усю новую інфармацыю жыхары Лідчыны могуць атрымаць у аддзеле збыту электраэнергіі, зазірнуўшы ў акенца даведачнай службы, дзе прывабныя дзяўчаты адкажуць на любое пытанне. У гэты дзень там працавала Ганна Ярмош (на здымку). Каб дакладна расказаць наведвальніцы нюансы, ёй няцяжка (у прамым сэнсе слова) пайсці насустрач.

Увогуле, трэба адзначыць, што на прадпрыемстве Лідскіх электрасетак усюды пануе вельмі цёплая атмасфера. Супрацоўнікі кажуць: усё – дзякуючы іх дырэктару Пятру Пятровічу Лабану, якога вельмі паважаюць і па-людску любяць. Не кожны кіраўнік можа гэта заслужыць.

Гэтак жа цёпла дырэктар адносіцца і да сваіх работнікаў, якім праз газету перадае віншаванні са святамі і пажаданні ўсяго найлепшага.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться