Капліца Маці Божай Ружанцовай – новае месца малітвы ў Дворышчы
Дарогу да аграгарадка Дворышча многія аўтамабілісты і падарожнікі называюць самай прыгожай на Лідчыне. Паабапал яе роўным радамі растуць бярозы. Па правы бок паблізу Дворышча прыцягвае ўвагу скульптура “Сэрца Іісуса Хрыста”, у вячэрні час прыгожа падсвечаная ліхтарамі. А па левы – новыя могілкі з каталіцкай капліцай цікавага архітэктурнага праекту. Будынак капліцы быў пабудаваны многа год таму, але свайго адкрыцця і асвячэння дачакаўся толькі сёння. Дзеля гэтага былі прыкладзены вялікія намаганні ксяндза Юрыя Бяганскага і мясцовых жыхароў.
З гэтай нагоды варта ўспомніць, што будаўніцтва капліцы распачалося яшчэ ў 1990 годзе па ініцыятыве былога кіраўніка саўгаса Аляксандра Збераноўскага. Для хутчэйшага ўзвядзення яе былі арганізаваны суботнікі, на якія найбольш прыходзілі спецыялісты саўгаса. Жыхары Дварышчанскага сельсавета рэгулярна збіралі грошы, аднак большую частку па фінансавай дапамозе прымаў на сябе саўгас. На жаль, з распадам СССР будаўніцтва прыпынілася. Не хапіла пары месяцаў да здзяйснення задуманага. Заняпад у эканоміцы, фінансавыя цяжкасці саўгаса не давалі магчымасці працягваць будоўлю. З часам вокны ад буры павыпадалі, а дах пачаў працякаць. Ішлі гады, а ў недабудаванай і дзюравай капліцы штогод 2 лістапада за памерлых адпраўлялася Святая Імша. І кожны раз збіраючыся, людзі жылі надзеяй, што будоўля скончыцца і прыйдзе той дзень вялікай радасці.
Іскрынка спраўджанай надзеі заззяла ў 2018 годзе, калі ў Тракельскую парафію служыць прыйшоў ксёндз Юрый Бяганскі. Святар звярнуўся да дырэктара РСУП “саўгас “Лідскі” Уладзіслава Ірчыца, а потым і ў Лідскі райвыканкам – з просьбай перадаць будынак ва ўласнасць парафіі. 22 лютага 2020 года Дварышчанская сакральная будоўля перайшла ва ўладанне парафіян. У тым жа годзе распачалася рэканструкцыя: у капліцы правялі электраэнэргію і замянілі дах. А ў наступным годзе ўставілі пластыкавыя вокны, патынкавалі ўсярэдзіне ўвесь будынак і падшылі столь. У 2022-м унутры капліцы памалявалі сцены белай фарбай, на падлогу палажылі плітку і ўставілі ва ўсе памяшканні белыя пластыкавыя са шклом дзверы.
І вось 21 кастрычніка 2023 года адбылася гістарычная падзея. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў капліцу. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел святары з Радунскага і Лідскага дэканатаў, прадстаўнікі раённай і мясцовай сельскай улады, дырэктары і працаўнікі РСУП “саўгас “Лідскі”, спонсары, госці, а таксама жыхары і парафіяне Тракельскай парафіі.
Усіх прысутных і гасцей вітаў ксёндз канонік Юрый Бяганскі, які адзначыў, што гэта чацвёртая капліца ў гонар Маці Божай Ружанцовай на дварышчанскай зямлі. Першая была пабудавана ў Дворышчы ў 1591 г. рэктарам Віленскай акадэміі Гарцыя Алабіянам. У 1770-м пасля зруйнавання старой езуітамі была пабудавана другая капліца, а ў 1860 г. арандатар і будучы ўладальнік Дворышча Аляксандр Вольскі пабудаваў на тым жа месцы трэцюю васьмівугольную капліцу, яккая таксама была асвечана ў гонар Маці Божай Ружанцовай і мела яе абраз у срэбных шатах старажытнай работы.
– Сучасная капліца павінна жыць у стагоддзях і служыць людзям, – адзначыў ксёндз Юрый і падзякаваў яго Эксцэленцыі – біскупу Аляксандру Кашкевічу, які ў 1991 годзе, будучы маладым святаром, асвячаў закладанне вуглавога каменю напачатку яе будаўніцтва. Словы падзякі ксёндз Юрый адрасаваў і мясцовым жыхарам, якія прыклалі шмат намаганняў дзеля стварэння святыні. Сярод тых, хто найбольш актыўна удзельнічаў у будаўніцтве, – Аляксандр Дзякун з Ліды, а таксама намеснік старшыні касцельнага камітэту Іван Ганевіч.
Найважнейшым абрадам пры асвячэнні капліцы і алтара з’яўляецца цэлебрацыя Эўхарыстыі. Падчас яе святары і вернікі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто паспрыяў усталяванню святыні.
Напачатку Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч здзейсніў абрад асвячэння вады, якой акрапіў сцены капліцы, алтара і ўсіх прысутных.
– Асвечаная капліца – гэта больш, чым проста каменнае збудаванне, а плод чалавечых здольнасцяў і старанняў. Святыня адсылае нас да таго будаўніцтва, якое з'яўляецца нашым жыццём, пабудаваным з Хрыстом і ў Хрысце, з касцёлам і ў касцёле, у суполцы з іншымі і для іншых. Яна здольная змяніць нашыя сэрцы і зрабіць іх больш адкрытымі да любові, да ахвяры, да дапамогі, да бескарыслівага служэння сёстрам і братам, да клопату і настойлівасці, вернасці і творчасці, да пабудовы на трывалым падмурку.
Гамілію прамовіў біскупскі вікарый, пробашч Гродзенскай катэдры ксёндз канонік Ян Кучынскі, які звярнуў увагу на ролі святога Ружанца ў жыцці хрысціяніна.
Сярод ганаровых гасцей падзеі была старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш.
– Сёння мы шмат гаворым аб жыцці ў міры і згодзе, – адзначыла Інэса Генадзьеўна. – Мне імпануе той факт, што ідэя стварэння гэтай капліцы належала былому старшыні саўгаса Аляксандру Збераноўскаму, праваслаўнаму чалавеку, які разумеў, што людзям вельмі важна мець месца малітвы, духоўнай падтрымкі. Важны і той факт, што пазней ў Дворышчы з’явіўся чалавек, які ўзяў на сябе адказнасць і змог павесці за сабой людзей. Я радуюся, што жыхары Дворышча не дзеляцца па веравызнанні, а аб’яднаныя ідэяй хрысціянскіх каштоўнасцей, а гэта ў першую чаргу – ідэя любові да Бога і да бліжняга.
– Гэта падзея будзе запісана ў гісторыі і хроніцы парафіі, – адзначыў у інтэрв’ю карэспандэнтам біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Цешуся, што на пачатку 90-х гадоў з’явілася такая ініцыятыва і дзякуючы старанням ахвярадаўцаў і кіраўнікоў была збудавана капліца. Я памятаю 1991-ы год, калі да мяне звярнуліся з просьбай памаліцца і благаславіць гэтую справу. Я вельмі гэтаму ўзрадаваўся і тады, і зараз, калі дзякуючы старанням ксяндза каноніка Юрыя Бяганскага гэтая капліца адроджана да жыцця. Вельмі важна, што ён, кіраўнік гэтай вялікай справы, не збаяўся. Вядома, дапамаглі яму людзі. Капліца атрымалася вельмі прыгожая, і людзі, якія моляцца тут, будуць атрымліваць водгук у сваёй душы. Дзякую за прысутнасць усіх і ад срэрца ўсіх благаслаўляю.
Асабліва важнай падзея стала для жыхароў Дворышча. Іван Феліксавіч Ганевіч, які, дарэчы.у гэты ж дзень адзначыў свій 70-гадовы юбілей, падзяліўся з карэспандэнтамі:
– 32 гады капліца прастаяла ў заняпадзе, і мы, праязджаючы міма, з сумам пазіралі ў яе бок. Але як бывае, вялікія, добрыя справы робяцца па ініцыятыве кіраўніка. Таікм для нас стаў ксёндз Юрый. Тры гады мы вялі рамонт капліцы і зрабілі вельмі многае. Архітэктура будынку складаная (вышыня сцен 25 метраў), але людзі прыходзілі і працавалі, сеялі пясок, мяшалі раствор… Варта адзначыць такіх мясцовых жыхароў, як Юзаф Шанціла, Юзаф Фурман, Лідзія Жукоўская, Марыя Смолка, Святлана Драб і многія- іншыя, якія ніколі не адмовіліся і выконвалі шмат розных работ. Многа было і фундатараў: гэта нашы мясцовыя фермеры і кіраўнікі. Хочацца павіншаваць усіх жыхароў са знамянальнай падзеяй – асвячэннем новага месца для малітвы, якое прынясе карысць людзям.
Урачыстасць у Дворышчы прадоўжылася і на другі дзень: у Доме культуры адбылася прэзентацыя кнігі ксяндза Юрыя Бяганскага “Мінулае і сучаснае Дворышча”.
У якасці пасляслоўя: бягучы год для жыхароў аграгрардка сапраўды стаў гістарычна значным. Сёлетняй вясной тут асвяцілі новую праваслаўную царкву, а воосенню – каталіцкую капліцу.







