Малітва «Анёл Панскі»: за памерлых ці за жывых?

05 Июня 2023 1920

Казалі, што калі ў аднаго суседа вяселле, а ў другога пахаванне, то гэта дрэнная прыкмета для маладых. Ну, што ж зрабіць, калі так здарылася неспадзявана? Але быў у нас і такі выпадак, калі на хрысцінах праспявалі “Анёл Панскі”. На заўвагу патлумачылі, што нічога дрэннага тут няма: “Анёл Панскі” – гэта важная малітва, няхай разам будзе і за памерлых”. Але калі праз пяць гадоў дзіцятка невылечна захварэла (без усялякіх падстаў), то многія, у тым ліку і я, сталі меркаваць, што так рабіць нельга. Навошта змешваць радаснае і жалобнае? На ўсё свой час. /Вераніка, аг. Дзітва

На пытанне адказвае ксёндз канонік Юрый БЯГАНСКІ, кусташ санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях:

– Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса казала, што “малітва – гэта ўзвышэнне сэрца, просты погляд на неба, крык падзякі і любові як у пакуце, так і ў радасці. Гэта кантакт альбо размова з Богам, падчас якой чалавек адкрываецца Яму”. Аднак выдатным прыкладам і настаўнікам малітвы з’яўляецца сам Езус Хрыстус. Ён маліўся перад вырашальнымі момантамі свайго паслання: перад адкрыццём нябёсаў падчас хрышчэння ў Іардане і спасланнем на Яго Святога Духа, перад абраннем дванаццаці апосталаў, перад Ператварэннем, а таксама перад мукаю і смерцю. Як падкрэсліваюць евангелісты, Езус размаўляў з Богам у адзіноце і вельмі часта аддаляўся ў адасобленае месца, каб маліцца.

Сёння касцёл заахвочвае вернікаў да пэўнага малітоўнага рытму, а таксама да пастаяннай малітвы: як мага часцей маліцца, паколькі малітва з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю. Да штодзённых малітваў адносяцца ранішняя і вячэрняя, перад прыняццем ежы і пасля, малітва за жывых і памерлых. Малітва магчыма заўсёды, у кожную хвіліну дня і падчас розных момантаў жыцця, бо яна неаддзельная ад усяго хрысціянскага жыцця.

Адна з каталіцкіх малітваў, якой карыстаюцца вернікі, – гэта “Анёл Панскі” (лац. “Angelus Domini”). Гэта марыйная малітва, у якой гаворыцца пра Звеставанне Найсвяцейшай Панны Марыі. Складаецца яна з некалькіх кароткіх пазначаных выказванняў, пасля кожнага з якіх гаворыцца “Радуйся, Марыя”, і кароткай заключнай малітвы. Тройчы на працягу дня – раніцай (6.00), апоўдні (12.00) і вечарам (18.00) – у касцёлах звычайна б’юць званы, заклікаючы вернікаў да праслаўлення Бога ў таямніцы ўцелаўлення, да ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі словамі гэтай малітвы, якая чытаецца стоячы. Паколькі калісьці людзі не мелі гадзіннікаў, гэта быў даволі практычны звычай. Звычайна вернікі прамаўляюць яе ў мэтах міру, просяць Марыю аб міласэрным заступніцтве. Пабожна прамаўляючы малітву “Анёл Панскі”, мы духоўна перажываем момант Звеставання і звязаную з ім таямніцу Богаўцелаўлення.

 Узнікненне малітвы “Анёл Панскі” датуецца XI-XIV стагоддзямі. Зацвярджаў яе Папа Рымскі Пій V. А ў 1742 годзе Бенедыкт XIV на час велікоднага перыяду ад Вялікай суботы да суботы перад Спасланнем Духа Святога замяніў яе гімнам “Regina Caeli” (“Уладарка неба”). Падчас кожнай нядзелі і святаў Папа Рымскі разам з вернікамі, сабранымі на плошчы Святога Пятра, прамаўляюць гэтую малітву, а на заканчэнне яе ўдзяляецца благаслаўленне.

Аднак калі малітва “Анёл Панскі” ахвяруецца за памерлых, тады на яе заканчэнне дадаецца тры разы: “Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі вечным. Амэн”. І гэта не выпадкова. Спрадвечнае Божае Слова сталася целам, каб вызваліць чалавецтва з няволі граху і смерці, таму Езус называе сябе Дарогай, Праўдай і Жыццём і кажа: “Калі вы будзеце вытрыманымі ў слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас”.

Гледзячы на багатую гісторыю і значэнне гэтай малітвы, многія веруючыя лічаць, што ёю можна маліцца толькі за памерлых. А калі ў суседзяў адбываюцца адначасова якіясьці рэлігійныя мерапрыемствы (хрост ці вяселле), то лічаць, што ў будучыні штосьці здарыцца. Як веруючыя людзі, мы заўсёды павінны памятаць: не трэба верыць у гэтыя прыкметы! Бо ў першым і другім выпадках, у вясёлую ці ў смутную хвіліну, мы звяртаемся да Бога. А ў самой малітве мы не павінны шукаць крыўды ці бяды, бо яна нас не толькі суцяшае, але і дапамагае ў нашым жыцці. 

Няхай жа Марыя Панна будзе для нас прыкладам вялікай святасці, а кожнаразовае прамаўленне малітвы “Анёл Панскі” ўмацоўвае людскія сэрцы ў еднасці і спакоі!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться