Што трэба ўлічыць пры падрыхтоўцы да Радуніцы

14 Апреля 2023 595
На дзявяты дзень пасля Вялікадня праваслаўныя адзначаюць Радуніцу – першы дзень пасля Вялікага Свята, калі памінаюць памерлых і наведваюць могілкі. У гэтым годзе яна прыпадае на 25 красавіка.

Дарэчы, па старадаўняй традыцыі нельга было пачынаць вясновыя земляробчыя работы да таго часу, пакуль не будуць прыбраны магілкі блізкіх памерлых. Але звычайна там парадак наводзіўся напярэдадні Радуніцы. Таму, калі Вялікдзень быў позні, дзеля новага ўраджаю выкарыстоўвалася кожная прыдатная гадзіна. На Радуніцу ж звычайна толькі наведвалі месца спачыну блізкіх, успаміналі гісторыі з іх жыцця, не саромеліся ў журбе паплакаць, шкадуючы па незваротным часе… А ўвечары рэчаіснасць брала сваё: радасць перамогі жыцця над смерцю, як сімвал Вялікадня, памножаная на сілы прыроды, якія дае вясна, вяртала настрой на пазітыўны лад. Так і склалася прыказка: “на Радуніцу зранку аруць, у поўдзень плачуць, а ўвечары скачуць”.

Хачу падзяліцца з вамі, паважаныя чытачы, адным назіраннем. Радуніца – дата для праваслаўных такая ж значная, як і для католікаў дзень Усіх Святых, які адзначаецца ў пачатку лістапада. Але і на Радуніцу, і на Усе Святыя і католікі, і праваслаўныя разам наведваюць могілкі, памінаюць сваіх продкаў. У народзе так і кажуць: вясновыя і восеньскія Дзяды. У гэтыя дні нашы памерлыя аб’ядноўваюць прыхільнікаў абедзвюх канфесій у адным памкненні – захаваць памяць роду, знайсці вольную гадзіну, каб сустрэцца з тымі, хто яшчэ жывы, каб пагутарыць пра надзённае і не страціць сябе ў віры жыцця… Можа менавіта таму і непадуладна знешнім сілам пасварыць у нашай краіне між сабой беларусаў, палякаў, рускіх, яўрэяў, украінцаў, літоўцаў, татараў… (пералічваць можна доўга), якія калі і маюць розныя веравызнанні, але духоўныя каштоўнасці ў іх аднолькавыя.

Дык вось вернемся да Радуніцы, дакладней – падрыхтоўкі да яе. Хочацца паразважаць пра аздабленне магіл. Цяпер вельмі папулярна (бо зручна) упрыгожваць іх штучнымі кветкамі – яны не вянуць, доўга трымаюць колер. Такім чынам, магілка глядзіцца дагледжанай, калі яе нават працяглы час ніхто не наведваў. Што зробіш, пара цяпер такая: часта няма часу зайсці да жывых на кубак кавы, а ўжо на могілкі… Некаторым толькі і ўдаецца трапіць туды ўвесну ды ўвосень, а калі раз-другі ўлетку выпадае абарваць траву, то наогул, лічы, пашчасціла.

Але давайце паглядзім на гэта ўпрыгожванне вачыма эколагаў. З чаго робяць штучныя кветкі? З таннага і не заўсёды бяспечнага матэрыялу, які не падлягае другаснай пераапрацоўцы. Значыць, яны аказваюцца на звалках. Час натуральнага распаду матэрыялу, з якога яны зроблены, ад 100 да 500 (!) гадоў. Паступова шкодныя рэчывы трапляюць у паветра, у зямлю, грунтовыя воды. Пры спальванні гэтых кветак у атмасферу падымаюцца цяжкія металы і дыяксіны, якія вельмі шкодныя для здароўя, асабліва для дзяцей… Час задацца пытаннем: а ці хочуць нашы памерлыя, каб мы хварэлі, ці так ужо чакаюць нас да сябе, каб хутчэй сустрэцца? 

– Дык што рабіць? – спытаецеся. На мой погляд, нічога складанага. Калі магілка добраўпарадкавана так, што нельга пасадзіць жывыя расліны (зразумела, палоць не наездзішся), можна цяпер набыць або пасадзіць самому вазон. А калі ўжо і ставіць штучныя кветкі, то не патрэбна магілку ператвараць у кветнік – дастаткова сціплага букеціка, які падкрэсліць ваш густ і абазначыць вашу павагу да таго, каму вы яго прынеслі, бо памер павагі і памяці нельга вымяраць колькасцю кветак.

Ці не праўда?

Текст: Ян ПРАЎДЗІНЯн ПРАЎДЗІН
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться