Клуб сярэднявечнага мадэлявання “Dies Magna” змяніў свой фармат

20 Февраля 2023 898
Строі, стравы, танцы, песні, гульні з далёкага сярэднявечча – усё гэта было прадэманстравана на днях у выставачнай зале Лідскага замка, дзе адбылося адкрытае пася-джэнне даўно знаёмага лідчанам клуба рыцарскіх мастацтваў і сярэднявечнага мадэлявання “Dies Magna” ў новым фармаце. У якім – даведаўся карэспандэнт “ЛідаМедыяКампаніі”, які таксама прысутнічаў на мерапрыемстве.

Спачатку нагадаем нашым чытачам, што клуб “Dies Magna” (што ў перакладзе з лацінскай мовы гучыць як “Дзень Велічы”) існуе з 1998 года (сёлета яму споўніцца 25 гадоў). У 2007 годзе калектыву прысвоена званне “народны”. Доўгі час клуб узначальваў знаўца сярэднявечнай культуры і рыцарскіх мастацтваў Мікалай Шаўчэнка (зараз жыве ў Мінску). Калектывам быў створаны шэраг тэатралізаваных праграм, прысвечаных сярэднявечнаму побыту. “Dies Magna” – адзін з ініцыятараў і арганізатараў фестываляў і турніраў рыцарскіх мастацтваў у нашым горадзе. Галоўнае дасягненне аматарскага аб’яднання – арганізацыя і правядзенне ў Лідзе рыцарскіх турніраў “Меч Лідскага замка”, якія вельмі палюбіліся гледачам і сталі культурным брэндам нашага горада.

Сёння ў клуба два кіраўнікі: Ірына Струмскіс, метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, і Ірына Вашкевіч, якая паралельна кіруе народным тэатрам “Батлейка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

У хуткім часе мы спадзяёмся на перайменаванне нашага клуба, – расказвае ў інтэрв’ю “Лідскай газеце” перад пасяджэннем клуба Ірына Струмскіс, – бо ў яго цяпер зусім не той фармат, што быў раней, і іншы напрамак дзейнасці. Склад калектыву змяніўся, зараз у ім адны жанчыны. Рыцараў у нас на сённяшні дзень няма, таму рыцарскімі мастацтвамі, даспехамі, зброяй, паядынкамі мы не займаемся. У сферы нашых інтарэсаў – сярэднявечныя (а таксама эпохі ранняга рэнесансу) строі, кухня, танцы, песні, забавы. Мы цяпер выключна дамскі клуб. Свайго роду прэзентацыяй клуба “Dies Magna” ў новым фармаце стане яго адкрытае пасяджэнне “Аксамітны вечар, або Зазірнем у сярэднявечча”. Гэта першы, пробны, варыянт тэатралізаванага дзейства – вечарыны (такая форма дзейнасці клуба будзе практыкавацца і надалей), і прымеркавана гэта падзея ў тым ліку да 700-годдзя нашага горада Ліды. Мерапрыемства шырока не анансавалася. На яго запрошаны прадстаўнікі аддзела культуры райвыканкама, супрацоўнікі Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, іх знаёмыя (плануецца, што ў будучым дзейства змогуць убачыць і іншыя лідчане, і госці горада – яно будзе праходзіць у замку не раз). 

Вечарына праходзіла ў імправізаванай банкетнай зале, у якой за шчодра ўстаўленым стравамі доўгім сталом сядзелі сярэднявечныя дамы, якія чакалі сваіх рыцараў з далёкай вандроўкі. За сталом няспешна цяклі жаночыя размовы: пра розныя прысмакі, новыя правілы застольнага этыкету і здаровага харчавання, павевы новай моды пры каралеўскім двары. Не абышлося ў банкетнай зале і без сярэднявечных танцаў, песень, гульняў (апошнія былі інтэрактыўнымі – у іх разам з дамамі ўдзельнічалі некаторыя гледачы). Начытаныя дамы цытавалі ўрывак з “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага (якой, дарэчы, споўнілася 500 гадоў) і выказванні Францыска Скарыны. На заканчэнне дзейства ўсе гледачы былі запрошаны за стол, стравы і напоі на якім былі не бутафорскія, а сапраўдныя і вельмі смачныя. 

Словам, гледачы пабывалі ў гасцях у сярэднявеччы, адчулі дух і рамантыку той далёкай эпохі і нават пачаставаліся. Новая тэатралізаваная праграма клуба “Dies Magna” ўдалася! Чакаем паўтору!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться