«Няхай вашы дзеці прыносяць радасць і суцяшэнне!» Маладых матуль у лідскім раддоме павіншавалі праваслаўныя і каталіцкія святары

11 Января 2023 1864

Сёмага студзеня з нагоды светлай і радаснай падзеі Нараджэння Хрыстова з пастырскім візітам у суправаджэнні духавенства епархіі епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый наведаў радзільнае аддзяленне Лідскай ЦРБ.


Падчас сустрэчы з медперсаналам, цяжарнымі жанчынамі і маладымі мамамі адбыўся святочны малебен, пасля якога пастыр звярнуўся да прысутных і павіншаваў з Нараджэннем Хрыстовым і са з'яўленнем у сем'ях нованароджаных. Уручыў маладым мамам калядныя падарункі і пажадаў душэўнага і цялеснага здароўя немаўлятам і іх бацькам.
Звяртаючыся да персаналу радзільнага дома, епіскап Парфірый пажадаў медработнікам Божай дапамогі ў іх важнай працы, заўважыўшы, што яны першымі прымаюць новага чалавека ў гэты свет, што ў цяжкую хвіліну пагрозы для жыцця нованароджанага яны могуць прыйсці на дапамогу не толькі як медыкі, але і як хрысціяне.

***
З віншаваннямі і падарункамі ў радзільны дом завітаў і ксёндз- канонік Юрый Бяганскі, кусташ санктуарыя Каралевы нашых сем'яў у Тракелях. 

«У створаным сусвеце Бог падарыў нам шмат цудаў, найбольшы з якіх – мама і нараджэнне дзіцяці, – адзначыў ксёндз Юрый. – Любыя матулі! Вас выбраў і паклікаў да жыцця сам Пан Бог, бо Ён так хацеў і запланаваў. Як з першага дня нараджэння дзіцяці маці жыве яго дыханнем, яго слязамі і ўсмешкамі, так і Божая Маці атуляе вас сваёй апекай. Яе дапамога можа быць і незаўважнай кожны дзень. Аднак, калі паглядзім назад, мы зразумеем, што ўвесь гэты час над намі была Яе апека. Кожнаму дзіцяці знаёмы рукі, што заўсёды благаслаўляюць; вочы, поўныя слёз, калі ніхто не бачыць, але вясёлыя ў прысутнасці гасцей; сэрца, якое заўсёды прабачае, бо шчыра любіць. Гэта рукі, вочы і сэрца Матулі. Няхай жа вашы дзеці прыносяць вам радасць і суцяшэннне, а Маці Божая Тракельская атуляе сваім мацярынскім плашчом!» – адзначыў святар.



Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться