Залатое вяселле на вясковай вуліцы

06 Января 2023 2074

Пышныя шапкі дзекабрыстаў, густа ўсыпаныя белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі,  нібыта спецыяльна затрымалі пік свайго цвіцення да важнай падзеі  –  залатога вяселля гаспадароў 
Віктара і Дануты Жыдзісаў.

Апынуцца ў іхнім доме ў в. Навіцкія-2 Траццякоўскага сельсавета для мяне было ўдвая прыемна, бо роўна дзесяць год таму я ўжо была тут з нагоды рубінавага вяселля. Галоўным пажаданнем тады было сустрэцца на вяселлі залатым. І вось яно здзейснілася!
 
Данута і Віктар Жыдзісы – цудоўныя вясковыя людзі, якіх ведаюць і паважаюць у наваколлі за іх працавітасць, дабрыню і моцныя сямейныя традыцыі. І вось – паўвека разам!.. «Сумняваліся, ці спраўляць залатое вяселле, ці не, – кажуць муж і жонка. – І вырашылі: мы гэта свята заслужылі!»

  Данута Эдуардаўна – мясцовая жыхарка, нарадзілася і вырасла ў Навіцкіх-2. Віктар Віктаравіч з Іўеўскага раёна. У маладосці прыехаў на працу ў калгас «Запаветы Ільіча», быў шафёрам малакавоза. У тым ліку збіраў малако ад насельніцтва. А пазнаёміліся будучыя муж і жонка так… Аднойчы яна прыехала з Навагрудскага гандлёвага тэхнікума дамоў на канікулы. Раніцай, падаіўшы карову, здавала малако. Дзяўчына была невялічкая ростам… А ён, малады шафёр, вырашыў пажартаваць: “Падавай вышэй!” А потым яго напарніца-лабарантка параіла звярнуць увагу на маладзенькую Данусю. Сталі бачыцца часцей. Сустракаліся амаль два гады. Калі Віктар прыйшоў да яе бацькоў сватацца, мама спачатку не хацела адпускаць дачку: ішоў ёй усяго дзевятнаццаты год, ды і маленькая. Але потым падумала і сказала: «Бяруць – ідзі!»

 Маленькая аказалася вельмі ўдаленькая. Гэта адразу заўважылі сваякі мужа, калі нявестка паказала сваю працавітасць і спраўнасць: і ў полі яна першая, і ў руках усё гарыць. 
Юбіляры ўспамінаюць сваё вяселле: дваццаць пар «дружбы», уся вялікая радня з бакоў маладога і маладой. А новае жыццё пачыналі на здымнай кватэры. Потым, пажыўшы і ў адных бацькоў, і ў другіх, вырашылі будаваць свой дом. Віктар Жыдзіс – чалавек здольны да работы, ніякай працы не баяўся, браўся за ўсё. І пабудаваў свой дом.

  Данута Эдуардаўна шмат год адпрацавала прадаўцом у магазіне. Віктар Віктаравіч – шафёрам у калгасе. Да нядаўняга часу юбіляры трымалі вялікую хатнюю гаспадарку: карову, каня, курэй, гусей, авечак. Зараз здароўе стала падводзіць, таму застаўся конь, авечкі ды куры. 
Сям’я Жыдзісаў славіцца і сваёю душэўнасцю, а гэта вялікая заслуга Дануты Эдуардаўны. Сямейныя традыцыі тут перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Гэта робіць сям’ю моцнай, як камень. Ад сваіх бацькоў жанчына пераняла ўсё лепшае. Галоўнае – цягу да працы. І зараз не можа сядзець без справы. Ледзь толькі вясна, сонейка прыгрэе – рукі самі просяцца ў агарод, у хлеў, да зямлі. 

  Дзеці ў сям’і пайшлі па слядах бацькоў: старэйшы сын, поўны цёзка свайго бацькі, Віктар Віктаравіч, жывё ў той жа вёсцы і такі ж спраўны гаспадар. Ніводнаму кавалачку зямлі не дасць пуставаць. Дачка Ірына пайшла ў маці і таксама жыве ў той жа вёсцы. У юбіляраў чацвёра ўнукаў і адзін праўнук. 

  …На залатое вяселле збяруцца 25 чалавек – і гэта толькі самыя блізкія. Разраслася сям’я, а былі ж калісьці толькі двое… Вунь ужо колькі галінак! Годных, ладных, моцных, прыгожых… Данута Эдуардаўна і Віктар Віктаравіч кожнаму са сваіх нашчадкаў пажадаюць, каб і яны жылі так, як іх бацькі. Ёсць жа з каго браць прыклад! А самі скажуць адзін аднаму дзякуй – за тое, што былі разам, жылі душа ў душу, перайшлі поле жыцця, спазналі шчасце і гора, што і зараз, на схіле дзён, як дзве палавінкі, даюць адзін аднаму сілу і моц, энергію жыць.

  Як і паўвека таму, муж і жонка плануюць узяць шлюб у Мінойтаўскім касцёле. Хвалююцца па-ранейшаму, як будуць стаяць перад алтаром і перад Богам і што скажуць словамі сваіх сэрцаў. 
Дай жа Бог ім яшчэ і яшчэ!.. Паўтараю сваё пажаданне сустрэцца праз дзесяць год на брыльянтавым вяселлі! Веру: яно спраўдзіцца, бо вельмі моцна гэтага жадаю.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться