20 снежня – Дзень супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі

20 Декабря 2022 1613

Ёсць у Лідзе вуліца, якая носіць імя Івана Наскова. Яна знаходзіцца на ўездзе ў горад з боку Шайбакоў. Вуліца невялікая – паўтара дзясяткаў двароў. Журналіст «Лідскай газеты» пацікавіўся ў жыхароў, ці ведаюць яны, кім быў Іван Наскоў. Не ўсе змаглі даць правільны адказ: “Супрацоўнік аддзела КДБ, які загінуў ад рук бандытаў”.

15 снежня 1948 года. Па агентурных звестках, што паступілі ў Лідскі аддзел КДБ, стала вядома: у вёсцы Паперня знайшлі прытулак некалькі небяспечных бандытаў. «Трывожная» група, якую ўзначаліў лейтэнант Іван Наскоў, тэрмінова выехала ў населены пункт. Дакладнага адрасу не мелася, і таму супрацоўнікі праваахоўных органаў пачалі абыходзіць адзін двор за другім. У адным з дамоў аператыўнікі прыкмецілі мужчыну, які ляжаў на ложку. Паднялі, запатрабавалі паказаць дакументы. Той павольна пацягнуўся па вопратку, але нечакана выхапіў з-пад яе аўтамат і пачаў страляць.

Першымі ж кулямі быў цяжка паранены лейтэнант Іван Наскоў, але ён змог знайсці сілы схапіць за горла бандыта і прыціснуць яго да падлогі. На жаль, ад атрыманых ран мужны афіцэр памёр. Ён быў пахаваны на лідскіх гарадскіх могілках, а неўзабаве адной з вуліц нашага горада прысвоілі імя лейтэнанта Наскова.

Выпадак вельмі нагадвае той, што здарыўся ў 2021 годзе ў Мінску, калі пры выкананні баявога задання быў смяротна паранены малады афіцэр Дзмітрый Федасюк. У летапіс гісторыі Камітэта дзяржаўнай бяспекі занесены прозвішчы і іншых яго смелых і рашучых супрацоўнікаў. Іх адданасць абранай службе, імкненне выканаць пастаўленае заданне – добры прыклад для сённяшняга пакалення супрацоўнікаў службы дзяржаўнай бяспекі, якая стаіць на ахове суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, інтарэсаў грамадзян і краіны.
Текст: РедакцияРедакция
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться