Прэзентацыя літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” адбылося у Гродна

15 Октября 2022 2174

На днях у зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылася прэзентацыя літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Лідскае “Суквецце” стала першапраходцам у рэалізацыі новага праекта Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – абласнога літаратурнага рэгіён-фэсту. Праект, разлічаны на доўгі тэрмін, закліканы паказаць у абласным цэнтры літаратурныя суполкі, якія дзейнічаюць у розных рэгіёнах Гродзенскай вобласці.


Прадстаўнікі Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ рэгулярна прыязджаюць у Ліду і сустракаюцца з паэтамі “Суквецця”. Падчас нядаўняй такой сустрэчы, якая адбылася ў чэрвені, старшыня аддзялення Людміла Кебіч запрасіла літаратараў Лідчыны прыехаць восенню ў Гродна, у госці да гродзенскіх літаратараў. І вось на днях суквеццеўцы просьбу выканалі і сталі першымі ўдзельнікамі літаратурнага рэгіён-фэсту.

Перад выступленнямі лідскіх паэтаў кіраўнік “Суквецця” Аляксандр Мацулевіч правёў для гледачоў невялікі экскурс у гісторыю літаб’яднання, якому сёлета споўнілася 55 гадоў. Затым на сцэну па чарзе выходзілі лідскія творцы – людзі розных прафесій, прадстаўнікі розных пакаленняў, аб’яднаныя любоўю да паэтычнага слова. Сваёй творчасцю з гродзенскімі гледачамі  падзяліліся Алесь Хітрун, Ганна Рэлікоўская, Ірына Маркевіч, Людміла Русь, Тэрэза Смольская, Антон Піліпчык, Ганна Гайдукевіч, Ала Юшко, Канстанцін Якубчык, Іосіф Кліз, Вольга Ашмяна-Бічэль, Ларыса Лайкевіч, Аляксандр Мацулевіч. 

Са сцэны выразна і пранікнёна гучалі вершы на самыя розныя тэмы: пра Радзіму і пра маці, пра каханне і пра восень, пра родную Ліду і пра родную вёску, філасофскія, гумарыстычныя і вершы для дзяцей… Верш-прысвячэнне маці прагучаў не адзін: літаратурная сустрэча ў Гродне праходзіла напярэдадні Дня маці. Паэтаў выступіла шмат – і кожны запомніўся гледачу. 
У зале, акрамя гродзенскіх літаратараў, прысутнічала шмат навучэнцаў і педагогаў гродзенскіх устаноў адукацыі – уся зала была запоўнена гледачамі. Гродзенская публіка цёпла сустрэла лідчан, уважліва і зацікаўлена слухала іх выступленні. 

Некаторыя паэты прадэманстравалі свае кнігі. З вершам, прысвечаным гораду Лідзе, у якім некалі жыла і працавала, выступіла і гродзенская паэтэса, ветэран працы Наталля Чакліна-Гарбачова. Выступленні паэтаў разбаўляліся музычнымі нумарамі ў выкананні спявачкі і паэтэсы са Слоніма Галіны Урадзімскай. 

Усе гледачы, у тым ліку старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Людміла Кебіч, атрымалі асалоду і засталіся пад вялікім уражаннем ад імпрэзы. Людміла Антонаўна шчыра па-дзякавала лідскім паэтам за яркія, кранальныя выступленні, за талент, за адданасць творчасці і ўручыла літаб’яднанню “Суквецце” ў знак далейшага сяброўства і супрацоўніцтва памятны дыплом аб прысваенні звання “Ганаровы партнёр Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі”. А гэта значыць, мост творчага сяброўства паміж літаратурнымі Гроднам і Лідай стане яшчэ больш трывалым.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться