Шлях на 1350 кіламетраў і 16 гадзін за рулём. Яўген Голубеў разам са сваёй сям’ёй прыехаў з Расіі, каб пакланіцца магіле дзеда

14 Июля 2022 2179

Даўно скончылася Вялікая Айчынная вайна, імкліва і нястрымна ляціць час, змяняюцца пакаленні. Але мы памятаем тых, хто не шкадаваў жыцця дзеля нас, рабіў усё, каб не было вайны, каб над нашымі галовамі свяціла яркае сонца і заўсёды было чыстае неба.

Самае моцнае ўражанне школьных год, звязанае з Вялікай Айчыннай вайной, часта вяртае мяне ў верасень 1984 года. У парку вёскі Бердаўкі ля абеліска воінам і партызанам над брацкай магілай схілілі галовы дзве жанчыны. Каб пакланіцца, Еўдакія Іванаўна Голубева і яе дачка Рыма прыехалі з далёкай Горкаўскай вобласці. Доўгія 40 год родныя не ведалі, дзе знайшоў свой апошні прытулак іх муж і бацька, гвардыі сяржант Канстанцін Сяргеевіч Голубеў. І толькі дзякуючы пошукавай рабоце, арганізаванай у Бердаўскай СШ, Еўдакія Іванаўна атрымала дакладныя звесткі пра месца пахавання мужа…

Нарадзіўся Канстанцін Сяргеевіч Голубеў у 1912 годзе ў горадзе Гарбатаве Паўлаўскага раёна Ніжагародскай вобласці. Адтуль у 1941-ым пайшоў у дзеючую армію біць ненавіснага ворага. Дома засталася сям’я – жонка Еўдакія, дачка Рыма і сын Юрый.

Пра тое, якім быў і як ваяваў камандзір баявога разліку мінамёта Канстанцін Голубеў, даведваемся з копіі пісьма Еўдакіі Іванаўне ад парторга ўзвода Ткачэнкі В.Г. Сціплы, вясёлы і бадзёры, масавік і танцор у побыце, бясстрашны ў баі з ворагам, Канстанцін не заставаўся ў даўгу перад фашыстамі: яго мінамёт знішчыў вялікую колькасць гітлераўскіх салдат і афіцэраў. У 1943-ім быў двойчы паранены. Камандаванне часці адзначыла смеласць і рашучасць байца. Загад нумар 176 ад 1 чэрвеня 1944 года па гвардзейскім артылерыйска-мінамётным палку 6-ай гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі Другога Прыбалтыйскага фронта сведчыць, што камандзір мінамёта гвардыі сяржант Голубеў Канстанцін Сяргеевіч узнагароджаны медалём “За адвагу”. Падчас наступлення савецкіх войск Канстанцін быў цяжка паранены асколкам авіябомбы ў левую нагу. 11 ліпеня 1944 года сяржант Голубеў, падпалкоўнік Труханаў, радавыя Дэмбекаў і Максімаў памерлі ад ран у палявым шпіталі. Пахавалі іх у брацкай магіле ў вёсцы Навасёлкі за 50 метраў ад гасцінца. У 1948 г. астанкі Голубева былі перанесены ў брацкую магілу ў парку вёскі Бердаўкі.

…У 1984 годзе пасля сустрэчы з роднымі Голубева ў Бердаўцы чырвоныя следапыты аформілі два альбомы. Адзін з іх пераслалі Еўдакіі Іванаўне. Салдацкая ўдава пазней у сваіх пісьмах не аднойчы дзякавала бердаўскім школьнікам за гэты падарунак. З яе слоў, літаральна штодзень разглядала фотаздымкі, якія напаміналі пра незабыўную сустрэчу на беларускай зямлі і пра тое, як там шануюць памяць пра героя. Жанчына расказвала, што на 40-годдзе Вялікай Перамогі хадзіла з гэтым альбомам на сустрэчу салдацкіх удоў.

Амаль праз 37 год той альбом стаў штуршком для яшчэ адной падзеі ў Бердаўцы. У студзені 2022 года на электронную пошту Бердаўскага дзіцячага сада-базавай школы прыйшоў ліст, з якога пачалася новая перапіска.

“Уважаемые сотрудники школы! Обращается к вам внук погибшего Голубева Константина Сергеевича, 1912 г.р., родившегося в Горьковской области. В 1984 г. на могилу к дедушке приезжали его жена (моя бабушка) и его дочь. Их встречу организовывали красные следопыты под руководством М.Булая, о чем сохранился альбом с фотографиями, а адрес ваш был утерян. В наступившем году хотелось бы приехать и поклониться деду. Уточните, пожалуйста, у вас ли захоронен мой дедушка, и укажите точный адрес. Буду очень благодарен. С уважением Евгений Голубев”, – гаварылася ў лісце.

Ужо даўно пакінулі гэты свет яго бабуля Еўдакія Іванаўна і цёця Рыма Канстанцінаўна. Унук жа савецкага салдата амаль сорак год марыў трапіць на магілу дзядулі, каб пакланіцца яму.

1350 кіламетраў і амаль шаснаццаць гадзін за рулём аўтамабіля аддзяляюць горад Гарбатаў ад беларускага аграгарадка Бердаўкі. Бердаўская зямля вітала сям’ю Голубевых-Мядзведзевых у спякотны і сонечны першы дзень ліпеня. Пакланіцца месцу пахавання Канстанціна Сяргеевіча прыехалі яго ўнук Яўгеній з жонкай Нінай, праўнучка Кацярына з мужам Аляксандрам і шасцігадовым прапраўнукам Дзімам. Дрэвы, ахінаючы сваім ценем брацкую магілу, цішынёй сустрэлі гасцей. Тыя накіраваліся да абеліска ў цэнтры парка. Апошнія крокі да помніка Яўгенію даваліся нялёгка. Мужчына старанна хаваў слёзы, што здрадліва выдавалі ўнутранае хваляванне, – завяршалася яго доўгая дарога да дзеда, пройдзеная за сябе і, напэўна, за свайго бацьку, які так і не ўбачыў месца спачыну самага роднага чалавека…

Гасцей з ніжагародскай зямлі сустракалі Сяргей Саўчык, дырэктар Бердаўскага дзіцячага сада-базавай школы, з педагогамі Галінай Альшэўскай і Аляксандрам Арлоўскім, з работнікамі Бердаўскага сельвыканкама – старшынёй Галінай Суботкай і кіраўніком спраў Аленай Каспяровіч. Пасля ўскладання кветак і фатаграфавання яны расказалі пра гісторыю стварэння і рэканструкцыю помніка, пра тое, як на бердаўскай зямлі захоўваецца памяць пра воінаў-вызваліцеляў, пра мерапрыемствы, якія традыцыйна праходзяць ля помніка на брацкай магіле. Пазней сям’ю Яўгенія Голубева віталі гаспадары Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра Аляксандр і Інэса Парфенчыкі. Яны гасцінна запрасілі ў Музей сям’і і правялі аглядавую экскурсію па палацы Дамбавецкіх. Заключным акордам сустрэчы стала наведванне Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея. Тут адбылося знаёмства з экспазіцыяй, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. “А вось такі ж фотаздымак, як і ў нашым альбоме!” – ціхі ўсклік Кацярыны Голубевай сказаў пра многае. Стала зразумела, што цікавасць да іх сям’і тут не радавая, не аднадзённая – памяць пра Канстанціна Голубева захоўваецца на бердаўскай зямлі ўжо не першы год і не адным пакаленнем.

На развітанне, як і цягам усёй сустрэчы, Яўгеній і Ніна Голубевы, Кацярына Мядзведзева не толькі дзякавалі за сярдэчны прыём. Яны гаварылі пра тое, што іх найбольш моцна ўразіла на нашай зямлі, акрамя прыроднага багацця, навакольнай чысціні і гаспадарлівасці беларусаў. У Беларусі і сёння жывуць людзі, неабыякавыя да трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Тут захоўваюць памяць пра кожнага загінулага і робіцца ўсё магчымае, каб зберагчы мір і спакой для будучых пакаленняў, перадаць моладзі летапіс подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў.

Прыезд у нашу краіну родных пахаванага ў бердаўскім парку воіна-вызваліцеля ў Год гістарычнай памяці стаў хвалюючай, эмацыянальнай і сімвалічнай падзеяй. Такая сустрэча напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яшчэ раз напомніла, што памяць людская – наймацнейшая зброя ў вайне з невуцтвам і фальсіфікацыяй гісторыі. Будзе ў сем’ях беражліва захоўвацца памяць пра Вялікую Айчынную вайну – будуць у нашчадкаў ключы да гістарычнай праўды. І пакуль жыве памяць пра салдатаў той страшнай вайны, яны несмяротныя. Будзем годныя гэтай памяці!

Текст: Галіна АЛЬШЭЎСКАЯ, настаўнік беларускай мовы  і літаратуры Бердаўскага дзіцячага сада-базавай школыГаліна АЛЬШЭЎСКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Бердаўскага дзіцячага сада-базавай школы
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться