25 снежня – Нараджэнне Хрыстова (каталіцкае). Віншаванне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча
25 Декабря 2021
1348

“Слова сталася целам і пасялілася між намі”. Ян 1, 14
Углядаючыся ва ўбогую бэтлеемскую стаенку, у чарговы раз знаходжуся разам з вамі ў радасным здзіўленні, што Усемагутны Бог стаў Дзіцём і менавіта такім дае нам сябе пазнаць. Ён прыходзіць у свет як слабы, безабаронны Бог-Чалавек, якому патрэбна апека. Прыходзіць канкрэтна да нас, хоча быць намі прыняты і пасяліцца між намі.
З нагоды свята Божага Нараджэння жадаю ўсім дарагім дзецям, любай моладзі, клапатлівым сужэнцам, людзям, закранутым хваробай і цярпеннем, а таксама кожнаму з вас адкрыць зноў, што найвялікшым шчасцем для чалавека з’яўляецца клопат пра часамі такую крохкую прысутнасць Бога ў нашым жыцці і разуменне, што Яму ў дапамогу патрэбны нашы рукі і вусны, наша чулае сэрца і наш час, каб Нараджэнне Любові магло перамяніць нас і жыццё нашых блізкіх.
У гэтыя складаныя і неспакойныя з многіх прычын часы няхай святкаванне Божага Нараджэння будзе для нас усіх выклікам і заахвочваннем да дзейнасці дзеля супольнага дабра, да размовы, поўнай павагі, да прабачэння і станаўлення па-над усялякімі спрэчкамі і непаразуменнямі, якія ў святле Пана, які прыходзіць, здаюцца неістотнымі. Няхай гэта будзе час адкрыцця годнасці кожнай асобы, да чаго нас нястомна заклікае папа Францішак, “бо нельга патрабаваць павагі да сябе самога без павагі да іншых; нельга атрымліваць, калі адначасова не хочам даваць”.
Няхай гэта будзе час адзінства, любові, надзеі і дабрыні ў кожнай сям’і, нашым грамадстве і краіне, бо сёння Бог аб’яўляецца ў Чалавеку.
Хацеў бы пажадаць, каб новы год, які прыходзіць, прынёс толькі добрыя дні, пачуццё бяспекі і ўпэўненасць, што Божая любоў спадарожнічае ўсім тым, хто на яе спадзяецца. Каб гэта быў год, поўны добрых хвілін і добрых людзей вакол.
На час супольнага святкавання, актаву Нараджэння Пана і ўвесь год Панскі 2022 ад усяго сэрца вас бласлаўляю!
Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.