Праект «Бяром пачатак свой ад замкавых муроў». Ад пекара да галоўнага сакратара: гісторыя Вайдылы – магчыма, самага багатага баярына ў Вялікім княстве Літоўскім

25 Октября 2021 1317
У папярэднім выпуску нашага праекта, дзе расказвалася аб будаўніцтве Лідскага замка, быў прыведзены ўрывак з хронікі Мацея Стрыйкоўскага, які пацвярджае, што ў 1379 годзе замак у Лідзе існаваў: “Ягайла… даў у замужжа Вайдылу сястру сваю родную князёўну Марыю і Лідскі замак у пасаг з усімі ваколіцамі”. Шлюб Марыі Альгердаўны і Вайдылы адбыўся ў 1379 годзе. 

Пра Вайдылу на гэты раз мы раскажам больш падрабязна. Шлюб яго з велікакняжацкай дачкой быў з’явай беспрэцэдэнтнай для тых часоў. І не толькі шлюб – просталюдзін Вайдыла быў саветнікам Ягайлы, трымаў Ліду з ваколіцамі і з’яўляўся, магчыма, самым багатым на той час чалавекам у ВКЛ. 

Гісторыя неверагоднага ўзлёту Вайдылы ад простага халопа, пекара, “нязначнага роду чалавека” да галоўнага саветніка Вялікага князя і мужа князёўны, гісторыя з вельмі драматычнымі вынікамі натхніла не аднаго творчага чалавека на Лідчыне. Лідскі мастак Уладзімір Мельнікаў стварыў карціну “Вайдыла і князёўна Марыя ў Дубровенскім палацы”, якую сёння можна ўбачыць у канферэнц-зале Лідскага замка. Некаторыя лідскія паэты прысвяцілі знаходліваму і стараннаму Вайдылу вершы. 

Вайдыла… Марыя… Ягайла… Кейстут… Альгерд… Цэлая галерэя гістарычных асоб Вялікага княства другой паловы XIV стагоддзя мысленна праходзіць перад маімі вачыма, калі я збіраюся рыхтаваць да друку гэты выпуск гістарычнага праекта… 

Успомнім жа гэтую неверагодную і ў той жа час сумную гісторыю. А дапаможа нам гэта зрабіць старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Валерый Васільевіч Сліўкін, які ў чарговы раз ахвотна падзяліўся каштоўнай інфармацыяй…

Ад пекара да галоўнага сакратара

У Вялікага князя літоўскага Альгерда Гедымінавіча быў слуга Вайдыла (Вайдзіла, Вайдол, Вайніл, Вайдзім, Вайдул). Гэты малады хлопец быў сялянскага паходжання, парабкам нявольным, халопам. Спачатку быў пекарам (хлебнікам, піўнічым, мукамолам), потым князь прыблізіў яго да сябе. Вайдыла стаў каморнікам (пасцельнічым) – слаў Вялікаму князю пасцель, затым падчашым – даваў піць ваду, і, нарэшце, асабліва даверанай асобай і галоўным сакратаром Альгерда. Усе заходнярускія перапісчыкі летапісаў апісалі гэта ўзыходжанне па кар’ернай лесвіцы і адзначылі выдатныя таленты Вайдылы (“хітры, знаходлівы, старанны, дакладны, усіх тайных парад і спраў давераны”).

З цягам часу Вайдыла настолькі высока падняўся ў літвінскай іерархіі, так палюбіўся князю, што ў 1374 годзе Альгерд даў яму ў трыманне Ліду і прызначыў у баярства. Вось фрагмент летапісу Быхаўца: “Быў халоп у Вялікага князя Альгерда, парабак нявольны, звалі яго Вайдыла. Спярша быў пекарам, потым (князь. – Заўв. рэд.) паставіў яго пасцель слаць і ваду даваць сабе піць, а потым і вельмі палюбіўся яму (Вайдыла князю. – Заўв. рэд.), і даў быў яму Ліду трымаць, і павёў быў яго ў добрае…” А вось тэкст з хронікі Літоўскай і Жамойцкай: “Быў там у яго Вайдыла нейкі, нязначнага роду чалавек; той, перад тым будучы яшчэ ў Альгерда пекарам, з дасціпнасці сваёй падабаўся князю, паставіў (князь. – Заўв. рэд.) яго ў сябе пасцельнічым, потым падчашым, і быў (Вайдыла. – Заўв. рэд.) верным сакратаром Альгердавым да смерці яго”.

Разам з Лідай Вайдыла атрымаў навакольныя паселішчы – цэлую воласць. Трэба адзначыць, што маёнтак буйнога баярына ў XIV стагоддзі ахопліваў адну-дзве вёскі з сядзібай, рэдка хто валодаў буйным памесцем з некалькіх вёсак. Вайдыла стаў вельмі багатым баярынам (магчыма, самым багатым у Вялікім княстве Літоўскім).

«…І Лідскі замак у пасаг з усімі ваколіцамі»

Альгерд памёр у 1377 годзе, пакінуўшы дванаццаць сыноў ад дзвюх рускіх жонак. Вялікім князем літоўскім быў выбраны, са згоды брата Альгерда – князя Кейстута Гедымінавіча, – сын Альгерда Ягайла. Вайдыла застаўся на пасадзе галоўнага сакратара. 

Ягайла “праз два гады ці крыху больш” выдаў замуж за Вайдылу сваю родную сястру – князёўну Марыю – і зрабіў яго сваім саветнікам. “Потым, пасля смерці Вялікага князя Альгерда, праз два гады ці крыху больш Вялікі князь Ягайла павёў Вайдылу ў вельмі высокіх, выдаў за яго сястру сваю родную князёўну Марыю”. Шлюбнымі вузамі з Марыяй Альгердаўнай Вайдыла спалучыўся ў 1379 годзе. “Ягайла, стаўшы Вялікім князем літоўскім, даў у жонкі Вайдылу сястру сваю родную князёўну Марыю і Лідскі замак у пасаг з усімі ваколіцамі”.

Дарэнне халопу горада з замкам і яго шлюб з велікакняжацкай дачкой былі надзвычайнымі падзеямі для тых часоў (гэты прэцэдэнт у гісторыі ВКЛ паўтарэнняў не меў) і ў далейшым мелі вельмі драматычныя вынікі, у сувязі з якімі Ліда згадваецца ва ўсіх беларуска-літоўскіх летапісах, а падзеі апісваюцца ва ўсіх манаграфіях па сярэднявечнай гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Халоп – муж князёўны і саветнік Вялікага князя! Было з-за чаго быць у абурэнні тагачаснаму літвінскаму баярству! Было з-за чаго абурацца князю Кейстуту – дзядзьку Ягайлы і Марыі, апошняму з жывых сыноў Гедыміна! Просталюдзін, пекар увайшоў у радство з гедымінавічамі! Халоп стаў мужам яго пляменніцы – Вялікай князёўны!

І пачаў стары Кейстут папракаць Ягайлу і Марыю, і ўспыхнула паміж ім і Вайдылам лютая нянавісць. “…І пачаў той Вайдыла… стаяць супраць князя Кейстута”.

«На высокае месца садзіўся – на высокую шыбеніцу стаў»

Будучы саветнікам Вялікага князя, Вайдыла ўступіў у перапіску з крыжаносцамі і пераканаў Ягайлу заключыць з імі мірны дагавор. 31 мая 1380 года ў Давідзішках Вялікі князь Ягайла падпісаў дагавор аб вечным сяброўстве з крыжаносцамі. Дагавор гэты быў заключаны, як і раіў Вайдыла, без удзелу ненавіснага Кейстута і ў абход яго інтарэсаў, тычыўся толькі Ягайлавых уладанняў. Аб гэтым Кейстуту паведаміў кум – камандор Лібштэйн: “Ты таго не ведаеш, як Вялікі князь Ягайла пасылае да нас часта Вайдылу і ўжо запісаўся з намі, як бы цябе ссадзіць з тваіх месцаў, а яму дасталося”.

Чаша цярпення князя Кейстута была перапоўненая. У канцы 1381 года на чале сваёй дружыны Кейстут нечакана напаў на велікакняжацкі палац у Вільні. Вялікага князя Ягайлу, яго малодшых братоў, маці Ульяну Цвярскую, Вайдылу з жонкай Марыяй Альгердаўнай пасадзіў пад варту, а “заняўшы замкі і горад Віленскі, Вайдылу, які гэта піва наварыў, загадаў зараз жа павесіць на шыбеніцы, пастаўленай на гары Лысай пад замкам, каб быў усім бачны: на высокае месца садзіўся – на высокую шыбеніцу стаў” (Мацей Стрыйкоўскі, польскі гісторык XVI стагоддзя).

Аднак гісторык XIX стагоддзя Ігнацій Даніловіч лічыў, што Вайдыла быў схоплены ў Дуброўна пад Лідай, дзе жыў з жонкай у палацы: “Родны брат Ягайлы князь ноўгарад-северскі Дзмітрый Карыбут уступіўся за Ягайлу і пачаў пагражаць Кейстуту. Кейстут выступіў супраць Карыбута і па дарозе ў яго ўдзел напаў на Дуброўна, у 5 вёрстах ад Ліды, схапіў тут Вайдылу і загадаў яго павесіць”.

Ягайла прысягнуў свайму дзядзьку, што ніколі не ўзброіцца супраць яго, не выйдзе з-пад яго волі, пасля чаго быў адпраўлены з раднёй у Віцебск, на бацькоўскі ўдзел. У 1381-1382 гадах Ягайла падпісваўся як князь віцебскі, крэўскі і лідскі.

«Я знайшоў там вялікую колькасць валуноў…»

Аднак у ліпені 1382 года Ягайла, парушыўшы клятву, адваяваў велікакняжацкі трон. Смерць свайго саветніка ён не дараваў. Стары Кейстут быў задушаны залатым шнурком ад феразі ў Крэўскім замку і з вялікай урачыстасцю спалены па язычніцкіх абрадах у даліне Свінтарога ў Вільні. Род жонкі Кейстута Біруты быў знішчаны. Яе дзядзька Відымунд і родны пляменнік яе маці Бутрым былі разбітыя на коле (паводле іншых версій, пасаджаныя на кол, расцягнутыя на дыбе). Многія прыхільнікі былі пазбаўленыя жыцця. Сама ж Бірута кары пазбегла і памерла сваёй смерцю ў 1416 годзе.

Вядома, што Вайдыла быў праваслаўным, па яго ініцыятыве вяліся перагаворы аб жаніцьбе Ягайлы на адной з дачок Дзмітрыя Данскога. Смерць Вайдылы, на думку польскага гісторыка Леха Бейнара, павярнула Вялікае княства Літоўскае не ў бок праваслаўя.

17 лютага 1387 года Ягайла, на той час ужо кароль польскі і Вялікі князь літоўскі, падарыў двор Дуброўна з прылеглымі да яго паселішчамі кафедры віленскіх каталіцкіх епіскапаў. Магчыма, гэтае месца, дзе некалі жыў яго саветнік і любімец Вайдыла з жонкай, было для Ягайлы свяшчэнным.

Праз пяцьсот гадоў, у канцы XIX стагоддзя, жыхары Дуброўна яшчэ паказвалі каменныя фундаменты палаца Вайдылы. У трэцім томе “Жывапіснай Расіі”, выдадзеным у 1882 годзе, Адам Кіркор пісаў: “У 5 вёрстах ад Ліды, на ўсход, у маёнтку Дамброўка, указваюць месца і каменныя фундаменты палаца Вайдылы, любімца Ягайлы, жанатага на сястры яго Марыі і пакаранага смерцю Кейстутам”.

– Мае пошукі і зносіны з жыхарамі Дуброўні ў канцы XX стагоддзя станоўчага выніку не далі, – гаворыць Валерый Сліўкін, – але прывялі да сумненняў адносна знаходжання палаца Вайдылы – знайшоўся фальварак Дуброўка па дарозе на Дворышча. Я знайшоў там вялікую колькасць валуноў…
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться