У Лідзе адкрылася першая рэлігійна-каталіцкая лаўка
Рэлігійна-каталіцкая лаўка знаходзіцца ў краме “Родная старонка” (былы магазін “Корзинка”), што па вуліцы Савецкай, і займае ўсяго некалькі квадратных метраў. Нягледзячы на такія, здавалася б, сціснутыя ўмовы, прапанаваны асартымент задаволіць патрэбы дарослых і пацешыць маленькіх. Тут ёсць нацельныя крыжы і ланцужкі, пярсцёнкі, малітоўнікі, ружанцы, фігуркі Маці Божай і Ісуса Хрыста, абразы, вопратка для хрышчэння і першай споведзі, сувеніры, Бібліі, размалёўкі і іншыя рэлігійныя выданні.
– Сёння выбар прадметаў каталіцкага ўжытку разнастайны, – дзеліцца сваімі думкамі прадавец Тарэса Каспар (на здымку злева). – Але да гэтага часу ў Лідзе не было спецыяльнай крамы, дзе б яны былі так шырока прадстаўлены і знаходзіліся ў вольным доступе. Усё гэта можна было набыць у некаторых парафіях, але толькі падчас святых імшаў. І вось цяпер у самым цэнтры горада з’явілася спецыялізаваная лаўка.
Думку жанчыны падтрымлівае Вольга Пакшыс (на здымку справа). Лідчанка жыве недалёка ад магазіна “Родная старонка”, таму часта ходзіць сюды за прадуктамі. Цяпер, прызнаецца, кожны раз будзе зазіраць і ў рэлігійна-каталіцкую лаўку імя святога Яна Паўла II.
– Царкоўных лавак для праваслаўных вернікаў у нашым горадзе дастаткова, а вось мы, каталікі, да нядаўняга часу ў гэтым плане былі абдзеленыя, – кажа жанчына, гартаючы дзіцячую Біблію. – Таму ідэя вельмі добрая. Упэўнена, яна знойдзе водгук у сэрцах жыхароў і гасцей нашага горада. Шкада толькі, што месцазнаходжанне крамы не зусім удалае: далёка ад вакзалаў, ды і ад цэнтра трэба прайсціся. Але калі ў парафіях нашых касцёлаў часцей будуць “рэкламаваць” краму, нястачы ў пакупніках не будзе. Тым больш што тут сабрана ўсё неабходнае для духоўных практык і разумення хрысціянскага жыцця.

Рэлігійна-каталіцкая лаўка імя святога Яна Паўла II працуе кожны дзень, акрамя нядзелі, з 12.00 да 18.00. Па словах прадаўца Тарэсы Каспар, калі ў продажы не будзе неабходнага для пакупніка тавару, можна пакінуць заяўку, і яго ў хуткім часе прывязуць. Немалаважны факт: усе атрыманыя сродкі будуць выкарыстаны ў дабрачынных мэтах.
Толькі факт. У касцёле парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны знаходзяцца рэліквіі святога Яна Паўла II, якія былі прывезены ў пачатку мая і да якіх мае вольны доступ кожны вернік.



