Як гэта было. «Мы разам з Усходняй Беларуссю пакрочылі ў заўтрашні дзень»

11 Сентября 2021 1309
“Лідская газета” не толькі надзейная крыніца інфармацыі  аб сучасным жыцці – старонкі друкаванага выдання захоўваюць шматлікія факты з гісторыі Лідчыны. Перагортваючы архіўныя падшыўкі мясцовай раёнкі і чытаючы матэрыялы, можна ўбачыць падзеі і факты вачыма сучаснікаў той пары.

Сёння, напярэдадні свята ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ў адзіную дзяржаву, мы ў чарговы раз звярнуліся да матэрыялаў газеты “Уперад” (зараз “Лідская газета”), каб даведацца, якія водгукі ў сэрцах нашых землякоў знайшлі восеньскія дні 1939 года і якія змяненні прынеслі ў жыццё людзей, горада і вёскі. 

Мара стала рэальнасцю

Петрыкоўскі, былы старшыня заўкама завода сельгасмашынабудавання, “У вераснёўскія дні”, №88, 1940 год:

 “Я памятаю, як у той вераснёўскі дзень 1939 года Ліда набыла святочны выгляд. Народ валіў на вуліцу, усюды адчуваліся радасць, вяселле. У 4 гадзіны дня на навагрудскім тракце паказалася савецкая машына і пад’ехала пад замкавыя муры. З яе выйшаў чырвоны камандзір. Сустрэты гучнымі “Ура!”, ён пайшоў на замкавы двор, а за ім – увесь народ. Там адбыўся мітынг”.

Меснік, загадчык аддзела працы гарсавета, “Аддзел працы перастае існаваць”, №32, 1940 год:

“Пры панскай Польшчы ў Лідзе налічваецца звыш 3 тысяч беспрацоўных. Гэта былі людзі ад 18 да 40 год. З першых дзён вызвалення безадкладна ствараецца пры Часовым упраўленні аддзел працы, які бярэцца за ліквідацыю беспрацоўя.

...За ўвесь час дзейнасці аддзел працы накіраваў на работу 4 600 беспрацоўных. Усё гэта дало магчымасць паставіць перад гарсаветам пытанне аб ліквідацыі аддзела працы”.

“У гарадской бібліятэцы”, №55, 1940 год:

“Зусім нядаўна ў гарадской бібліятэцы былі кнігі толькі на польскай і яўрэйскай мовах. Цяпер жа бібліятэка мае больш за 4 тысячы кніг на рускай і беларускай мовах. У тым ліку падарунак ад сталіцы – Масквы – складае 3 тысячы кніг”.

І. Багуцкі, “Мяняецца аблічча горада”, №105, 1951 год:

“Да ўз’яднання беларускага народа ў адзінай Беларускай Савецкай дзяржаве ў нашым горадзе была пераважная большасць дробных прамысловых прадпрыемстваў, аснашчаных старой тэхнікай. Рабочым прыходзілася працаваць за мізэрныя грошы. Толькі з прыходам савецкай улады лёгка ўздыхнулі працоўныя горада, пачалі ладзіць свой дабрабыт.

Пасля вайны... з руін намаганнямі ўсіх працоўных горада выраслі абутковы камбінат, аснашчаны перадавой тэхнікай, мясакамбінат, фабрыка хімкультпрадметаў. На базе разбуранага піваварнага завода вырас камбінат харчовых канцэнтратаў, пабудаваны птушкакамбінат і адноўлены іншыя прадпрыемствы.

За гады пасляваеннай пяцігодкі поўнасцю адноўлены чыгуначны вузел. Будуюцца электрастанцыя і малочна-кансервавы завод. Асобныя ўчасткі гэтых прадпрыемстваў будуць здадзены ў эксплуатацыю ў 1952 годзе”.

Я. Осіпаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў, “Вялікія пераўтварэнні”, №127, 1949 год:

“Сяляне марылі аб лепшай долі і з надзеяй паглядалі на ўсход, у бок сваіх адзінакроўных братоў, чакалі дапамогі ад рускага народа. І гэта дапамога прыйшла. Над абяздоленым народам засвяціла сонца Канстытуцыі. Жыхары Заходняй Беларусі сталі раўнапраўнымі грамадзянамі вялікай і свабоднай сям’і народаў Савецкага Саюза, гаспадарамі свайго лёсу.

Савецкая ўлада аказала вялікую матэрыяльную дапамогу былым батракам і малазямельным сялянам. У нашым раёне батракам і беднякам раздадзена звыш 5 тысяч гектараў былой панскай і кулацкай зямлі, вялікая колькасць жывёлы, насеннага матэрыялу, сельскагаспадарчага інвентару. Дзеці сялян атрымалі магчымасць вучыцца. Зараз усе дзеці школьнага ўзросту ахоплены школамі. Упершыню сяляне атрымалі бясплатную медыцынскую дапамогу. 

Пры савецкай уладзе былыя бяспраўныя батракі і беднякі атрымалі магчымасць прымаць актыўны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Так, 12 сялян з’яўляюцца дэпутатамі раённага Савета і 363 – сельскіх Саветаў. Яны прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, з’яўляюцца праваднікамі рашэнняў партыі і ўрада на сяле. Асабліва актыўна працуюць дэпутаты раённага Савета тт. Шот, Якуць, Місюкевіч і іншыя. 

Сяляне актыўна ўступаюць у калгасы. Толькі за апошні час у раёне іх створана 14”.

 Ж. Пятроў, “Карэннае пераўтварэнне”, №105, 1951 год:

“Да верасня 1939 года аб вёсцы Агароднікі гаварылі як аб глухім месцы. І гэта была праўда. Сяляне задыхаліся ад беззямелля. Голад і галеча панавалі ў кожным доме селяніна. Ні адной культурна-асветніцкай установы. Дзеці сялян не вучыліся і заставаліся непісьменнымі. Не было куды звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Яе можна было атрымаць толькі ў горадзе, і то за вялікія грошы. Праляжаць селяніну тыдзень на бальнічным ложку каштавала яму гадавалага цяляці.

З 17 верасня 1939 года сяляне адразу адчулі рэзкія перамены ў жыцці. Асабліва вялікія змяненні ў жыцці сялян вёскі Агароднікі адбыліся ў гады пасляваеннай пяцігодкі. Савецкая ўлада перадала ў карыстанне сялянам сотні гектараў зямлі, дзясяткі галоў жывёлы, дапамагла былым батракам, беззямельным і малазямельным сялянам стаць на ногі. У корані змянілася аблічча вёскі Агароднікі, змяніўся вобраз жыцця хлебаробаў, іх дзеці атрымалі магчымасць вучыцца на роднай мове.

Зараз тут ёсць сямігадовая школа, бібліятэка, чырвоны куток. Ніколі ў жыцці не думаў селянін Уладзімір Шулейка, што яго дачка Зінаіда будзе вучыцца ў меліярацыйным тэхнікуме. Сын Сцяпана Шэўчыка Іосіф скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча і зараз працуе настаўнікам. Вера Заека – дачка раней беззямельнага селяніна – скончыла сярэднюю школу і працягвае вучыцца далей. Такіх сем’яў у вёсцы Агароднікі зараз вельмі многа“.

«Верасень у маім лёсе»

В. Какошка, калгаснік: “Не на паноў мы працуем”, №111, 1959 год:

“14 гадоў было мне, калі Чырвоная Армія вызваліла нас, беларусаў, ад панавання “белага ожэла”. Я добра памятаю той радасны дзень, усхваляваныя твары людзей.

– Эх, Вацлаў, – часта гаворыць мне зараз маці, – добрыя зараз часы. А як раней жылі?

Сям’я ў нас была вялікая: адзінаццаць чалавек – маці, бацька, чатыры браты і пяць сёстраў. Не мелі мы ні ўласнай хаты, ні зямлі, як і ўсе сяляне-беднякі. Бацькі мае ад зары да зары батрачылі ў памешчыка Ельскага. Багаты быў пан, меў 250 гектараў ворнай зямлі, 150 – лесу, 180 – сенажацяў. Мала жыў пан у сваім маёнтку. Паважаў больш пан Ельскі Варшаву, гарадскія балі і гарадскіх паненак. Памятаю, як я, вясковы хлапчук, схаваўшыся, каб ніхто не ўбачыў, назіраў за прыездам памешчыка з Варшавы. Важна праходзіў пан Ельскі, тоўсты, надзьмуты, у мундзіры з бліскучымі гузікамі – ён быў палкоўнік польскай армііі. Прыязджаў ён на легкавым аўтамабілі. Яно і зразумела: грошы, намі здабытыя, лёгка даставаліся яму.

Як толькі мінула мне 12 год, я таксама стаў батрачыць, пасвіў памешчыцкіх кароў, араў памешчыцкую зямлю. Хадзіў у рызманах, недасыпаў, недаядаў. 

Паступова амаль уся наша сям’я стала працаваць на памешчыка, але жылі, як і раней, бедна. У любы момант маглі нас аблаяць, выгнаць з работы. А куды пойдзеш?

Так, калі ўспомню былое, страшна робіцца. Добра, што ў нябыт адышлі тыя часіны. Уцёк за мяжу ў 1939 годзе пан Ельскі, уцяклі яго ўпраўляючыя. Калі ў нас у 1947 годзе арганізавалі калгас, мы ўсёй сям’ёй уступілі ў яго. Справы паступова наладжваліся: хоць часам нялёгка было, а ўсё ж лепш пачыналі жыць. У нашу сям’ю прыходзіў дастатак. Гэта было недаспадобы кулацкім недабіткам, тым, хто раней з панамі цягнуў з сялян жылы. У 1953 годзе такія бандыты напалі і нанеслі мне 14 нажавых ран.

“Будзеш ведаць, як у калгас уступаць”, – шыпелі яны. Але пагрозы мяне не спалохалі. Выздаравеў і зноў, як і ўся мая сям’я, пачаў працаваць у калгасе”.

Б. Казлоўская, жыхарка Ліды, былая работніца фабрыкі “Ардаль”, “У нашых сэрцах бурліла вясна”, №111, 1959 год:

“На гумовай фабрыцы “Ардаль” я стала працаваць з 1928 года. Цяжка было тады. Рабочы дзень – 12 гадзін у суткі, а плацілі вельмі мала. Адсутнічалі элементарнейшыя правілы бяспекі працы. За скаргі можна было без лішніх размоў трапіць на вуліцу. 

Цяжка перадаць вялікую радасць, якую перажылі мы ў шчаслівыя вераснёўскія дні, калі ў горад прыйшлі чырвонаармейцы. Усё працоўнае насельніцтва горада і навакольных вёсак сустрэла гэтую вестку з вялікай радасцю. Старыя, жанчыны, дзеці, апранутыя ў найлепшае адзенне, з букетамі кветак сустракалі вызваліцеляў. Хаця неба плакала асеннімі слязьмі, хаця па ім бесперапынна снавалі важкія шэрыя хмары, у нашых сэрцах бурліла вясна.

Так у верасні 1939 года для мяне першы раз у жыцці засвяціла сонца сацыялістычнай бацькаўшчыны. Тады ўпершыню за ўсё жыццё перастаў палохаць заўтрашні дзень, зніклі трывога і няўпэўненасць.

Ішлі дні. Фабрыка хутка мяняла сваё аблічча. За некалькі месяцаў пасля нашага вызвалення колькасць рабочых павялічылася на 219 чалавек. Адначасова палепшыліся і ўмовы працы рабочых. Для абслугоўвання работніц, якія мелі дзяцей, адразу былі адкрыты яслі.

Я запомніла на ўсё жыццё дзень 17 лютага 1940 года. У гэты дзень калектыў гумовай фабрыкі “Ардаль” мяне, простую работніцу, вылучыў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета па Лідскай гарадской выбарчай акрузе. 24 сакавіка адбыліся выбары, савецкія людзі абралі мяне сваім дэпутатам”. 

В. Амбрэмскі, начальнік механічна-зборачнага цэха завода сельгасмашынабудаўніцтва, “Ад рабочага да начальніка цэха”, №127, 1949 год:

 “У бацькі нас было чацвера дзяцей. Кожны жадаў вучыцца, але вучоба каштавала тады вялікіх грошай, для гэтага не хапала бацькоўскага заробку.

Усё ж мне пашанцавала. З вялікімі цяжкасцямі я скончыў пачатковую школу. Хацелася вучыцца далей, але дзверы навукі былі для мяне зачынены. Каб дапамагаць сям’і, прыйшлося за мізэрную плату пайсці падручным да майстра зборачнага цэха ліцейнага завода. Аб набыцці спецыяльнасці я не мог і марыць. 

У 1939 годзе для мяне, як і для ўсіх рабочых, шырока адчыніліся дзверы да заможнага жыцця і вучобы. Толькі пры савецкай уладзе я змог набыць спецыяльнасць слесара-зборшчыка. Набытыя веды дазволілі мне ў 1945 годзе стаць майстрам цэха, а ў 1948 годзе мяне назначылі начальнікам механічна-зборачнага цэха. Такая пасада пры панскай Польшчы для рабочага была недасягальная”.

Стваральная праца людзей – падмурак будучыні

“У выніку спаборніцтва”, №127, 1949 год:

“Па пачыне калектыву рабочых завода сельскагаспадарчых машын было шырока разгорнута перадсвяточнае сацыялістычнае спаборніцтва. 

Выдатных поспехаў дасягнулі калектывы рабочых хімкультпрадметаў і 12 дыстанцыі службы пуці. Гэтыя прадпрыемствы датэрмінова выканалі свае пяцігодкі. Прыбліжаюцца да завяршэння сваіх пяцігодак заводы сельскагаспадарчых машын і цвікавы. Гадавую вытворчую праграму яны выканалі за 9-9,5 месяца. За час перадсвяточнага сацыялістычнага спаборніцтва значна вырасла колькасць стаханаўцаў. Амаль кожны калектыў прадпрыемства мае ў сваіх радах людзей, якія штодзённа даюць па 2-3 нормы. Слесар вагоннага дэпо станцыі Ліда Салькоўскі выканаў 9 гадавых норм. Па 7-8 гадавых норм далі цесляры Смальчук, Кур’ян, маляр Даўгун, каваль Шурмей і многія іншыя”.

Ж. Пятроў, “Карэннае пераўтварэнне”, №105, 1951 год:

“Дружна і арганізавана папрацавалі маладыя калгаснікі сельгасарцелі імя Кірава ў гэтым годзе. Яны сваёй стаханаўскай працай на калгасных палях вырасцілі багаты ўраджай. У час і без страт убралі яго, абмалацілі і датэрмінова выканалі сваю першую запаведзь перад дзяржавай. Зараз калгаснікі засыпаюць насенне пад яравую сяўбу, ствараюць іншыя і страхавыя фонды. Вялікую колькасць хлеба і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў намячаецца раздаць на працадні калгаснікам. 

На днях члены сельгасарцелі заканчваюць сяўбу азімых, якую праводзяць на значна большай плошчы, чым у мінулым годзе”.

“Яны апярэдзілі час”, №127, 1949 год:

“Самае каштоўнае ў нашай краіне – гэта людзі, якія сваімі працоўнымі подзвігамі абганяюць час, ствараюць сілу і багацце нашай краіны”.
Текст: Редакция.Редакция.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться