Токар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Лідсельмаш» Пётр Савіцкі – адзін з двух працаўнікоў прадпрыемства, якія ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»

01 Мая 2021 1410
Токар кавальска-механічнага цэху ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Лідсельмаш” Пётр Савіцкі на заводзе асоба адметная. Высакакласны спецыяліст, побач з імем якога заслужана ставіцца знак якасці. Дарэчы, ён адзін з усяго двух працаўнікоў прадпрыемства, якія ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. 

…Успамінаючы сваё ўзнагароджанне тры гады таму, Пётр Мікалаевіч кажа: “Шчыра кажучы,  лічыў сябе недастойным. А зараз ганаруся”. 

На “Лідсельмашы” Пётр Савіцкі апынуўся, можна сказаць, выпадкова. Сам вясковец (з вёскі Дакудава) і ў маладосці адзінаццаць гадоў адпрацаваў у воінскай часці электрыкам. Ды і на завод прыйшоў уладкоўвацца менавіта электрыкам. Але на той час, у 1987 годзе, такіх вакантных месцаў не было. Ён ужо развярнуўся на прахадной, каб ісці назад, і раптам яго прыпыніў майстар аднаго з цэхаў Уладзіслаў Дзікевіч: “Можа, ты паспрабуеш токарам?” 

– А я ўжо прыглядаўся да гэтай спецыяльнасці – яна мне падабалася, – успамінае Пётр Савіцкі. – Пагадзіўся і застаўся. Лічу, што ў жыцці мне з таго моманту вельмі пашанцавала, бо займаюся любімай справай. 

Вучыўся ў Францішка Дайлідкі, які стаў і настаўнікам, і аўтарытэтам. Працаваў увесь час у адным цэху, за адным станком. “Я кансерватыўны, – кажа Пётр Мікалаевіч, – не мяняю ні сваіх сяброў, ні заняткаў”.

– Гэта чалавек, які на сваім ручным станку можа зрабіць усё! – гаворыць пра токара начальнік цэху Яўген Бузук. – Нарэжа любы від разьбы: і трапецыядальную, і ўзмоцненую… Абслужыць любы станок: і ручны, і паўаўтамат, і рэзьбанарэзчы. Пётр Савіцкі – адзін з нямногіх, хто мае сваё кляймо – гэта значыць, асабіста нясе адказнасць за якасць, якая сумневу не падлягае. Ён і сапраўды вельмі высакакласны спецыяліст. Акрамя ўсяго, і выдатны чалавек.

– У чым жа сакрэт? – цікаўлюся ў токара. – Вока-алмаз, залатыя рукі, вопыт?

– Проста я вельмі люблю сваю работу, – усміхаецца ён. – Уявіце: вырабляеш з куска металу, чугуннага ліцця пэўную дэталь і атрымліваеш ад гэтага маральнае задавальненне. 

Зараз яму 66, у сваім цэху ён найстарэйшы. Такіх работнікаў на заводзе шануюць, берагуць. Ды і вучняў раз-пораз прыводзяць, каб павучыліся ў майстра, перанялі яго вопыт. Можа, з кагосьці яшчэ адзін Савіцкі вырасце? 

У Пятра Мікалаевіча двое дзяцей, унукі. Праўда, ніхто з іх справу майстра не працягнуў. А вось жонка Валянціна Усеваладаўна таксама токар і працавала таксама на “Лідсельмашы”. 

З заводам Пётр Мікалаевіч пароднены. Дарэчы, сёлета, у верасні, “Лідсельмаш” рыхтуецца адзначыць 120-годдзе. 

– Ганаруся ім, – кажа токар кавальска-механічнага цэху Пётр Савіцкі, – і веру ў яго будучыню.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться