25 красавіка праваслаўныя вернікі адзначаць вялікае свята – Вербніцу
25 Апреля 2021
1002
– Вярбу да свята рыхтавалі загадзя, – робіць экскурс у мінулае навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ірэна Клімовіч. – Яе дубчыкі павінны былі быць прамымі, моцнымі, гнуткімі. Іх наразалі цэлы пук, падобны на сноп. А потым пачыналася самае цікавае. Перад Вербніцай на вуліцах нашага горада можна было дзівіцца і любавацца ўпрыгожанымі вербамі.
Сапраўднымі мастацкімі дзівосамі выглядалі вырабы з розных зёлак, лясных, палявых і балотных раслін, каласкоў збажыны, галовачак лёну. Пазней сталі прымацоўваць да дубчыкаў штучныя кветкі. Былі яны нават з саломы.
– Вылучаліся вербы акруглай формы – “віленскія” (традыцыя вырабу якіх прыйшла да нас са свята Казюкаса ў Вільні) – і вербы-“лапаткі”, ці “гродзенскія”. Дарэчы, апошнія занесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, – расказвае мая суразмоўніца.
Асвячоныя ў храме галінкі вярбы нашы продкі захоўвалі (як і мы сёння) цэлы год за абразамі як каштоўную рэліквію, лічылі іх абярэгам хаты, надзялялі рознымі лекавымі ўласцівасцямі. Актуальны і сёння звычай сцёбаць асвячонай вярбой усіх членаў сям’і (у прыватнасці, дзяцей) пасля вяртання з храма, прыгаворваючы: «Будзь здаровы, як вада, і расцi, як вярба!» Лічылася, што гэты рытуал пазбавіць таго, каго б'юць галінкай, ад хвароб. Даставалася і хатняй жывёле, вуллям з пчоламі.
– Добры гаспадар рабіў абрадавы абход усёй гаспадаркі, пасцёбваючы дубчыкамі вярбы будынкі, а дзе можна, утыкаў іх паміж бярвеннямі, – працягвае Ірэна Клімовіч. – А вось для павышэння ўраджайнасці зямлі нашы продкі ламалі галінкі і кідалі іх на тое месца, дзе будзе расці ўраджай. Асвячонай вербачкай выганялі першы раз у поле кароўку-карміцельку, а на Юр'еў дзень сцёбалі каня. Загадвалі з дапамогай вярбы і на лёс. Дакрануўшыся вербачкай да першага сустрэчнага хлопца, дзяўчына пытала ў яго імя, загадваючы на будучага мужа.
Па словах спецыяліста, з вярбой было звязана і шмат прыкмет. Напрыклад, калі яснае надвор'е ў Вербную нядзелю, чакай багатага ўраджаю, а калі на Вербніцу ветрана, лета будзе халодным.
– І сёння галоўныя традыцыі свята мы ведаем і выконваем: у гэты дзень заўсёды набываем свежыя галіны вярбы, асвячаем іх у храмах, ставім у вазы па ўсім доме, а яшчэ дорым знаёмым, блізкім, сябрам і родным, – адзначыла мая суразмоўніца. – Хочацца і ад сябе павіншаваць усіх вернікаў са святам, пажадаць дабрабыту, моцнага здароўя, здзяйснення мар. Хай заўсёды будзе ў сэрцы кожнага цудоўная нагода падзяліцца з блізкім радасцю і добрым настроем.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.






