Чытайце болей для душы! У Лідзе адзначылі Дзень праваслаўнай кнігі

02 Апреля 2021 945

У Лідскай епархіі свята праводзіцца штогод і за працяглы час стала агульнакультурнай падзеяй. Сёлета яно прайшло на некалькіх пляцоўках, а распачалося ў епархіяльнай бібліятэцы, што размешчана на базе гарадской бібліятэкі-філіяла №4, дзе сабралася духавенства, бібліятэкары, педагогі і проста зацікаўленыя лідчане.

-  Усялякая кніга – гэта дар, - адзначыў сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель. - Бо з кнігі мы чэрпаем веды. Дзякуючы ведам, чалавек дасведчаны. А дасведчанасць - гэта абнаўленне вобраза Божага ў чалавечай істоце. Грахом будзе, калі чалавек праявіць сваё невуцтва пры тым мностве кніг, якія можна проста ўзяць і запазычыць з іх карыснае для душы… Ёсць кнігі розныя, і вельмі важна быць пераборлівымі. У Дзень праваслаўнай кнігі мы звяртаемся да першапачатковых крыніц, Евангелля, Свяшчэннага Пісання. Нашы продкі, раскрыўшы гэтыя кнігі, чэрпалі з іх самае добрае, што служыць для выратавання душы. Сёння мы таксама ўспамінаем Францыска Скарыну, які ўпершыню надрукаваў кнігу, і ёю была Біблія.

Урачстасць моманту з прысутнымі раздзяліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. “У наш век інфармацыя напаўняецца розным зместам, і ў ёй цяжка знайсці ісціну, - адзначыла Інэса Генадзьеўна. – Менавіта духоўная кніга (як і слова святара да сваіх прыхаджан), нясе ісціну, падштурхоўвае задумацца аб самым важным, аб сэнсе жыцця. Вельмі добра, што па ініцыятыве епархіі на базе адной з гарадскіх бібліятэк створаны такі цэнтр, дзе можна пазнаёміцца з духоўнай літаратурай, расшырыць свой кругагляд”. Інэса Белуш пажадала бібліятэцы, каб колькасць яе чытачоў расла, а знаёмства з кнігай служыла абнаўленню душы чалавека.

Дзень праваслаўнай кнігі працягнуўся ў дзіцячай школе мастацтваў выступленнем протадыякана Паўла Бубнова, кандыдата багаслоўя, выкладчыка Мінскай духоўнай семінарыі. З нагоды васемсотгоддзя з дня нараджэння благавернага князя Аляксандра Неўскага, айцец Павел распавёў пра тое, якое дачыненне гэта асоба мае да Беларусі. Дарэчы, летась у Расіі была аб’яўлена акцыя “Імя Расіі”, героем якой названы Аляксандр Неўскі, які вельмі шмат зрабіў для яднання і ўмацавання рускіх зямель. Аляксандр Неўскі мае непасрэднае дачыненне і да Беларусі. Ён быў у шлюбе з дачкой полацкага князя Брачыслава. Гераічнае імя не раз упамінаецца ў старажытных летапісных помніках. Яго ўшаноўвалі нашы продкі. Яго імем называлі храмы.

Яшчэ адна падзея да Дня праваслаўнай кнігі – прэзентацыя кнігі “Іерусалімскія апавяданні” праваслаўнай пісьменніцы Ірыны Токаравай. Свой твор лідчанам прадставіла сама аўтар, знаёмая многім яшчэ і як дзіцячая пісьменніца. Завяршэнем падзеі стаў канцэрт калектываў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа.

Цытата ў тэму:

Арцём МАРТЫНАЎ, дырэктар Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі:

- Наша ўстанова не першы год узаемадзейнічае з Лідскай епархіяй. Дарэчы, невыдкова Дзень праваслаўнай кнігі адкрыўся сёлета ў епархіяльнай бібліятэцы. Гэта яшчэ адна падстава нагадаць лідчанам аб той духоўнай літаратуры, якая ёсць у фондах бібліятэкі. У адным кірунку з епархіяй мы працуем штодзень. Праводзім шматлікія мерапрыемствы па прыцягненню да чытання, прапагандзе духоўна-маральных каштоўнасцей. Мы ўдзельнічаем у рэспубліканскіх конкурсах і летась заваявалі Гран-Пры.

Таццяна БАНДАРОВІЧ, лідчанка:

- З задавальненнем наведала свята. На ўражанне паўплываў аповед аб асобе Аляксандра Неўскага. Часам мы не звяртаем увагу на вельмі важныя рэчы, не ведаем пра гістарычныя постаці. Аляксандр Неўскі – той герой, якім можам ганарыцца і мы, беларусы, выхадцы з адной славянскай сям’і. Тым больш, і ў нас, у Лідзе, будуецца храм у яго гонар. Думаю, гэта таксама будзе слаўны храм. Так, я з’яўляюся падпісчыцай епархіяльнай бібліятэкі і з задавальненнем бяру ў ёй кнігі. Гэта літаратура для душы. З ёю ўзбагачаешся. Дзякую епархіі і бібліятэцы за такую магчымасць.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться