«Дзякую сваім бабулям – каб не яны, я, напэўна, зачахла б». Гісторыя аб тым, як стараста вёскі Буцілы дапамагае жыхарам жыць не ў горы, а ў радасці
01 Ноября 2020
1949
У вёсцы Буцілы Беліцкага сельсавета рыхтавацца да Дня памяці, які адзначаецца 2 лістапада, пачалі загадзя. Сацыяльны работнік (яна ж стараста вёскі) Марыя Макарэвіч абышла аднавяскоўцаў і сабрала напісаныя імі памінальныя запіскі з імёнамі спачылых буцілоўцаў. Усіх іх будзе памінаць у мясцовай каплічцы падчас імшы ксёндз Валянцін Хвядук. Успомніць мясцовых людзей, вядома ж, і сама Марыя. Большасць з іх ведала, многіх даглядала, а некаторых яна ж праводзіла ў апошні шлях. І ў жыцці, і ў хвіліну развітання побач
Каму, як не ёй, мясцовай жыхарцы, якая ў Буцілах нарадзілася, вырасла, выйшла замуж і трыццаць год адпрацавала з людзьмі, ведаць, што такое памяць?! Памяць вёскі.Калі прайсціся з Марыяй Фердынандаўнай вясковай вуліцай, можна пачуць аб мностве людскіх лёсаў.
– Нядаўна праводзілі адну вельмі добрую жанчыну (25 год была ў мяне на абслугоўванні), – расказвае Марыя Макарэвіч. – Дык вось, яна памерла, а дзеці далёка: дачка ў Германіі, сын на Далёкім Усходзе. Пакуль прыехалі… Прыйшлося ўзяць на сябе клопаты па арганізацыі пахавання. “Яна ўсіх хавае”, – расказваюць аднавяскоўцы. Вось і нядаўна бабуля памерла, а дзеці прыехалі і не ведаюць, як і што рабіць. Трэба было і з ксяндзом дамовіцца, і ў хаце прыбраць. Марыя ведае ўсе тэлефоны, дзе танней, у каго ўсе паслугі ўключаны. Нават з навакольных вёсак людзі звоняць ёй, пытаюць нумары, куды звярнуцца.
На зіму да дзяцей? Не… У сваёй хаце лепей!
Буцілы – унікальная вёска. Жывуць тут зараз 100 чалавек. Большасць – пажылыя. Але амаль ніхто (за малым выключэннем) не збіраецца з’язджаць на зіму да дзяцей. Таму што ёсць у іх Марыя!
А ў яе іх, састарэлых падапечных, дванаццаць. – Яшчэ з вечара пачынаю прымаць “заказы”, – расказвае Марыя Фердынандаўна. – Каму заўтра прадукты прынесці, лекі прывезці ці вады (вады ў калодзежах вёскі Буцілы стала вельмі мала, яе амаль няма. – Аўт.), каму з падвала бульбы дастаць, каму могілкі прыбраць, электрычнасць, тэлефон аплаціць… “Пульмаскан” прыязджае – трэба наказаць, каб прыйшлі... А заўтра рана ўстану, упраўлюся па гаспадарцы і пайду па сваіх. Дзякуй Богу, здароўе дазваляе.
…У хаце адной з яе падапечных – Марыі Сцяпанаўны Урбановіч – першае, што кідаецца ў вочы, – ідэальная чысціня і ўтульнасць.
– Дзеці кожны тыдзень прыязджаюць, ды і Марыя дапамагае. Яна два разы на тыдзень павінна прыйсці, а бывае, што прыходзіць і чатыры, – гаворыць 80-гадовая бабуля. – Некаторыя пытаюць, навошта я бяру “абслугу”: дзеці ж блізка. А як я не буду яе браць? А раптам што якое? Аднойчы стала дрэнна – амаль цэлую ноч Марыя сядзела. Дзеці казалі: “Мама, паедзеш на зіму да нас”. А як паехаць са сваёй хаты?! Не паеду, ні за што.
У Марыі Сцяпанаўны Урбановіч васьмёра праўнукаў. На здымку – малодшыя з іх.– Яна мая другая мама, – са слязамі ў голасе гаворыць у адрас жанчыны Марыя Макарэвіч. – Прыходзіла мне на дапамогу ў цяжкую хвіліну не раз, і калі мама памерла, і калі муж памёр.
– А я ў яе маці вучылася калісьці на краўчыху, – гаворыць Марыя Урбановіч. – Потым хрысціла яе, Марыю.
Не ў горы, а ў радасці
Стаяла ў цэнтры вёскі калісьці звычайная хата, гаспадары папаміралі, а дзеці аддалі яе пад патрэбы вяскоўцаў. Зараз гэта каплічка. Добраўпарадкавалі, прыбралі, упрыгожылі яе разам. Праўда, найбольшы ўклад унесла ўсё ж Марыя Макарэвіч.Уваходзіш у яе з вялікім хваляваннем. Ад прыгажосці ў інтэр’еры замірае сэрца! Нават ступаць па вытканых дарожках у абутку няёмка. Здаецца, што апынуўся дзесьці на нябёсах.
У цэнтры – алтарык. Мноства кветак, ручнікі, падсвечнікі, фігуркі анёлаў, святы Антоній. “Штосьці ксёндз Валянцін падарыў, штосьці людзі далі, штосьці я сама, – расказвае Марыя Фердынандаўна. – Вось абраз старадаўні – Маці Божай Балеснай – аддала жанчына. Мясцовы мужчына зрабіў сваімі рукамі з дрэва казаніцу, спавядніцу. Кожную нядзелю сюды прыязджае ксёндз, спраўляе імшу. Каб вы бачылі, як хораша ў нас на Божае Нараджэнне! А на Дзень памяці з’язджаецца мноства народу – адусюль едуць на радзіму.
У гэтай каплічцы Марыя Фердынандаўна абвянчалася з мужам. Дарэчы, ён таксама быў сацыяльным работнікам. Па слядах бацькоў пайшла іх дачка. А пачынала працаваць з людзьмі яшчэ маці Марыі Фердынандаўны.Не тоячы, Марыя Макарэвіч прызнаецца, што вельмі любіць сваю работу. Нават вершы ёй прысвячае!
– Дзякую сваім бабулям – каб не яны, я, напэўна, зачахла б, – прызнаецца Марыя Фердынандаўна. – І кіраўніцтву свайму ўдзячная, Валянціне Іосіфаўне Бурбліс, Таццяне Генадзьеўне Петух, што дазволілі мне папрацаваць яшчэ і на пенсіі.
Дзякуючы Марыі жывуць буцілоўцы адной сям’ёй. Штодзень працуюць, адпачываюць, дзеляцца перажываннямі, радасцямі, ды і не толькі... На многіх падворках можна заўважыць аднолькавых цацарак і яркія хрызантэмы. Так і жывуць: не ў горы, а ў радасці...
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







