Журналіст «Лідскай газеты» пра спрэчкі вакол свайго артыкула, замежныя авантуры і праве на асабістую думку

18 Сентября 2020 1254
Паважаныя чытачы!

Рэдакцыя “Лідскай газеты” да глыбіні душы ўдзячная ўсім вам за шматлікія водгукі на артыкул пад загалоўкам “Не магу маўчаць!”, які быў надрукаваны 2 верасня і выклікаў шырокі рэзананс. Нераўнадушныя лідчане прыходзілі ў рэдакцыю, выказвалі свае меркаванні па тэлефоне, а мяне, як аўтара, спынялі на вуліцы нават малазнаёмыя людзі і са словамі “падпісваюся пад кожным вашым радком” моцна паціскалі руку. Былі і крытычныя заўвагі, праўда, іх меншасць.

Яшчэ больш гарачая спрэчка вакол “Не магу маўчаць!” разгарэлася ў “Аднакласніках”. У інтэрнэце, што мне вельмі спадабалася, нягледзечы на некаторую крытыку ў мой адрас, асобныя аўтары ў сваіх каментарыях палемізавалі не толькі са мной, але і паміж сабой. Прычым у даволі гарачай спрэчцы з лідчанінам Мікалаем Шаўчэнкам, які прытрымліваецца апазіцыйных думак, на мой погляд, перамагла Наталіяна Мішкеева, якая выказалася ў маю абарону. Вялікае Вам дзякуй, неабыякавая суайчынніца, а таксама ўсім, хто ў гэты трывожны для нашай Айчыны момант прыняў удзел у дыскусіі вакол артыкула “Не магу маўчаць!”, бо толькі ў спрэчцы, як добра вядома, і нараджаецца ісціна…

Не паддамося на замежную авантуру

У адну з цёплых вераснёўскіх раніц, згуртаваўшыся невялікай кампаніяй, мы накіраваліся ў журавінны заказнік. У першы дзень збору каштоўных ягад сабралася нямала народу. Людзі купкамі рассыпаліся па ўсім балоце, імкнучыся чым хутчэй напоўніць узятыя з сабой вялікія вёдры. Работа хоць і марудная, як кажуць, ягадка да ягадкі, але свежае паветра і прыгожыя краявіды паддавалі дыхту. Асабіста я дык і ўвогуле, вырваўшыся з гарадской мітусні, адчуваў сябе як на сёмым небе. У горадзе даўно ўжо надакучылі несанкцыянаваныя мітынгі, надакучлівае сіпенне машын, а ў заказніку стаяла такая чароўная цішыня, што душа не магла нарадавацца.

Але рэха гарадскіх хваляванняў, на жаль, данеслася і сюды. Наладкаваўшы поўныя вёдры, яшчэ задоўга да заходу сонца стомлены, але задаволены народ патрохі накіроўваўся да выхаду, дзе ў чаканні транспарту шукаў месца для адпачынку. Ля нас уладкаваліся дзве даволі ўжо сталыя, як мне падалося, гадоў па восемдзесят, кабеты. Нічога не прадракала бяды, пакуль адна жанчына з нашай кампаніі не выказала абурэнне, што Польшча, як яна даведалася са сродкаў масавай інфармацыі, маўляў, не супраць прыбраць да рук Гродзенскую вобласць, чаго ні ў якім разе нельга дапусціць. 

На яе пайшла ў наступленне іншая апанентка.

– Я палячка, але я беларуская палячка і хачу жыць ў Беларусі!.. – крычала тая, што пачала размову. 

Як мне ўдалося супакоіць кабет, якія вось-вось гатовыя былі цягаць адна адну за валасы, аднаму Богу вядома. А як улагодзіць большую колькасць людзей? Без узаемаразумення абодвух бакоў, без спагады адзін да аднаго і добразычлівасці нічога не выйдзе і будзе як у той прымаўцы: паны б’юцца – ў парабкаў чубы трашчаць.

Пад панамі я падразумяваю арганізатараў каляровай рэвалюцыі ў Беларусі, якія атабарыліся за мяжой і для якіх усе мы – і хто падтрымлімае ўладу, і хто супраць – не больш, чым парабкі. Але яны ўжо, як здаецца, трохі абламалі зубы і наша слаўная Беларусь павінна ўвайсці ў гісторыю на ўсёй постсавецкай прасторы як адзіная рэспубліка, якая не паддалася на замежную авантуру.

Ці не зашмат для аднаго пакалення?..

Работа дзяржаўнага журналіста, які не проста піша, а, у адрозненне ад альтэрнатыўных сродкаў масавай інфармацыі, больш шырока, а не аднабакова адлюстроўвае гісторыю сучаснасці, не толькі цікавая, але і досыць адказная, падчас нават небяспечная. Асабліва ў такія крытычныя, як сёння, для Айчыны моманты.

Да гэтага нешта падобнае, што выклікала вялікую трывогу і з болем адкладвалася ў душы, на маім жыццёвым шляху сустракалася ўсяго тройчы: перабудова, развал Савецкага Саюза і даволі трывожныя 90-я гады, калі наша Беларусь, набыўшы незалежнасць, толькі-толькі станавілася на ногі. Таму і публікацый накшталт “Не магу маўчаць!”, з вострым публіцыстычным характарам, за доўгі час працы ў рэдакцыі ў мяне не так і шмат.

Падчас перабудовы, якую мы, творцы пяра, дружна падтрымлівалі і гэтак жа ўзносілі ў самае неба ў сваіх матэрыялах, гэта быў артыкул “Тармазы на педалях перабудовы”. У ім я вельмі жорстка (можа, нават занадта) на прыкладзе мясцовых фактаў паставіўся тады да з’яў, якія перашкаджалі змагацца з застоем у жыцці савецкага грамадства. 

Другую зарубіну на сэрцы, яшчэ больш прыкметную, чым першая, пакінуў распад СССР, калі мне было ўсяго трыццаць з нечым гадоў. Гэта быў перыяд, які маім пакаленнем атаясамліваўся літаральна з канцом свету, бо вялікая краіна нібы правалілася скрозь зямлю вокамгненна, на вачах не толькі маіх ці нашых, але і ўсяго чалавецтва. 

Мінула некалькі гадоў, і пачалася жорсткая барацьба за набыццё незалежнасці. Нядобразычліўцаў было дастаткова як звонку, так і ўнутры. Напружанасць і хваляванне былі такія моцныя, што на прыняцце ў 1991 годзе Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце мы, журналісты, дружна адклікаліся сваімі рэпартажамі. Я, напрыклад, паэтычным творам, які называўся “Рэспубліцы Беларусь!”.
 

«Вось бы словы твае, Тадэвуш, ды Богу ў вушы!..»

Вяртаючыся да свайго матэрыялу з цыкла “Не магу маўчаць!”, які друкуецца на старонках “Лідскай газеты”, мушу яшчэ раз падкрэсліць: тыя людзі, што мітынгуюць ля помніка Францыску Скарыну і паводзіны якіх я ў сваіх артыкулах ацэньваю больш з крытычнага боку, чым са станоўчага, ніколі нічога дрэннага мне не зрабілі, і я ўсведамляю, што не маю права глядзець на іх крывым вокам. Але я, як і яны, маю права на сваю асабістую думку і абсалютна ўпэўнены, што праўды ў маіх матэрыялах у шмат разоў болей, чым у інтэрнэце. У мяне ўсё заснавана на рэальных фактах, я расказваю пра тое, што чуў і бачыў. У электронных сродках, у тым жа хвалёным інтэрнэце, дзе таксама можна знайсці нямала карыснага, існуе гэтулькі сумніўных сайтаў, што, паверыўшы ім на слова, можна заблудзіцца ў сённяшніх падзеях, а то і зусім з’ехаць з глузду (маю на ўвазе збіцца з правільнага шляху). Ворагі Беларусі, якія ў асноўным акапаліся ў Польшчы, Літве і Чэхіі, спаўна выкарыстоўваюць менавіта гэтую магчымасць. Знаходзячыся хоць і на досыць вялікай адлегласці ад нас, яны кіруюць разбурэннем нашай міралюбівай, лагоднай і незалежнай Беларусі і праз медыйныя каналы і інтэрнэт працягваюць сваё баламуцтва. 

І няхай на замежны інфармацыйны кручок клюнула зусім нязначная колькасць грамадзян Беларусі ў працэнтных адносінах да ўсіх астатніх – маем тое, што маем. Разам з тым мы не можам і ігнараваць людзей, якія мітынгуюць супраць улады, бо жывём з імі побач, сутыкаемся штодзённа і мірным шляхам не стамляемся пераконваць іх у адваротным. Упэўнены, што з цягам часу мы ўсё ж знойдзем агульную мову і прыйдзем да нейкага агульнага кансэнсусу.

Напісаў апошнія радкі і падумаў: вось толькі б гэтыя твае словы, Тадэвуш, ды Богу ў вушы. А ў тым, што Усявышні стаіць над нашай сінявокай і талерантнай Беларуссю, я чамусьці ўпэўнены!

Водгукі на артыкул «Не магу маўчаць!», змешчаны ў «Лідскай газеце» 2 верасня гэтага года

Уладзімір Талькоў, жыхар горада: “Моцна цісну руку аўтару матэрыяла “Не магу маўчаць!” і падпісваюся пад кожным яго словам. Згодзен, што народ мае права прад’яўляць свае прэтэнзіі да кіраўніцтва краіны, але цяпер не той момант, каб разбураць ужо дасягнутае. Лічу, што нас уратуе абмеркаванне і прыняцце новай канстытуцыі, якая расставіць у нашай дзяржаве ўсе кропкі над “і”…”

Алена Пакшыс, лідчанка: “Я, як і аўтар артыкула, выступаю не за раз’яднанне, а за ўз’яднанне людзей. Наша спрадвечнае беларускае міралюбства, спагада, узаемапавага адзін да аднаго павінны сказаць сваё апошняе слова. Нам няма чаго дзяліць, бо Беларусь у нас адна, і вельмі крыўдна, калі хтосьці з мітынгуючых ваяўніча выказваецца…”

Мілана (прозвішча не назвала): “Напісана прыгожа, але ад артыкула крыху папахвае кансерватызмам. Мне здаецца, што ў мінулым яго аўтар быў заядлым камуністам…” (дарэчы, членам камуністычнай партыі я ніколі не быў. – заўвага аўт.)

Станіслаў М.: “Завітаў у рэдакцыю з вельмі вобразнымі словамі: “Была б мая воля, Тадэвуш, я б цябе за твой артыкул раздзеў бы ў паветры…” Так як мы з твару трохі знаёмыя і часта парымся разам у гарадской лазні, тактоўна паспрачаўшыся, прыйшлі да высновы, што, хоць і застаёмся па розныя бакі барыкад, Беларусь у нас, як і лазня ў нашым горадзе, адна і дзяліць нам няма чаго. Будзем працягваць дыскутаваць…”

Юрый Залога, г. Масква: “Замечательная статья, обстоятельный анализ прошлого и настоящего. Уважение и низкий поклон Тадеушу Черноусу. Некоторые представители молодежи не знают сегодня, что такое не получать зарплату по пять месяцев, брести в полуголодном состоянии на пункт сдачи крови, чтобы за вырученную денежку купить своему ребенку хлеба. Горлопаны и прочие неадекваты сегодня стараются быть на волне. В то время как скромные белорусы, поддерживающие свою настоящую Родину, тихо трудятся и больше молчат…”

Мікалай Шаўчэнка: “Сервильности статья…”

Жанна Мацкевіч: “Спасибо Черноусу (дзякую)! Полностью поддерживаю…”

Ірына Пятроўская: “Солидарна!..”

Галіна Безбародава: “Солидарна!..”

Лідзія Раманюк (Русін): “Согласна с автором Черноусом. Эту тему можно еще много развивать. Очень жаль, что перемен хотят люди, которые только начинают жить и уже устали от жизни. Дорогая молодежь! Не теряйте драгоценное время на митинги – учитесь, развивайтесь, влюбляйтесь. Посмотрите вокруг: сколько всего прекрасного в жизни!..”

Крысціна Іодка: “Полностью согласна с автором. Вчера вечером проезжала возле памятника Франциску Скорине. Увидела “этих”, которые ищут “страну для жизни”. Стояло человек 20. Стыдно и жалко было на них смотреть…”

Саня Навумовіч: “Тоже вчера обратил внимание, проезжая рядом. Студенты и школьники заняты сейчас, так и выйти некому…”

Мікалай Шаўчэнка: “Я хочу перемен. Мне 55. И молодым самим решать, жить в мире сервильности или в свободной стране…”

Наталіяна Мішкеева (Дробышава) (адказала Мікалаю Шаўчэнку): “Не судите по себе. Ну хотя бы что-то конкретное написали о переменах – лепите всё в одну кучу, грамотей вы наш. Или лучшая защита – нападение? И не вам судить о моей благотворительности. Вы чем-то помогли хоть одному ребенку? Далеко ходить не надо – в Лиде есть больной ребенок Стацевич Алена. Помогите ей, а не митингуйте – и у вас станет светлее на душе…”

*  *  *

На гэтым я не развітваюся з вамі, паважаныя чытачы, бо спадзяюся, што мы яшчэ не раз сустрэнемся і пагутарым не толькі на гэтую важную і хвалюючую ўсіх нас тэму, але і на іншыя. Давайце заўсёды будзем памятаць залатую ісціну, што толькі згода ў грамадстве, спагада адзін да аднаго і абмеркаванне наспелых праблем выведуць нас на шырокі стваральны прастор.
Текст: Тадэвуш Чарнавус.Тадэвуш Чарнавус.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться