Хутка свой 105-ы юбілей адзначыць адна з трох доўгажыхарак Лідскага раёна Наталля Кісіна

23 Августа 2020 1571
Хутка свой 105-ы юбілей адзначыць Наталля Кісіна. Яна адна з трох доўгажыхарак Лідскага раёна, якія маюць такі шаноўны ўзрост. 

“Як я выглядаю?” У тым, што Наталлю Платонаўну і ў 105 гадоў цікавіць яе знешні выгляд, нічога дзіўнага няма. Родныя кажуць, што бабуля заўсёды за сабой сочыць, любіць не столькі прыхарошвацца, колькі выглядаць акуратнай. “Па-жаночаму”, – тут жа лагодна ўдакладняе лідчанка. 

Жыве Наталля Кісіна на пятым паверсе ў цэнтры горада. Нягледзячы на свой досыць шаноўны ўзрост, яшчэ ў мінулым годзе яна штодня самастойна наведвала краму, гуляла па горадзе – няхай і не спяшаючыся, і на невялікія адлегласці. Пасля зімы, на жаль, спускацца па лесвіцы на першы паверх стала вельмі цяжка, і “выхады ў свет”, як жартуе сама Наталля Платонаўна, спыніліся. Але бабуля адчувала сябе нядрэнна, старалася і ў кватэры рухацца, практычна цалкам сама сябе абслугоўвала. Аднак роўна тыдзень таму здарылася бяда: Наталля Кісіна ўпала і зламала шыйку сцягна. Цяпер яна ляжачая. 

– Мне так хацелася сустрэць свой 105-ы дзень нараджэння (а ён у мяне 28 жніўня) у прыгожай сукенцы, сфатаграфавацца з кветкамі. Але я не сумую. Бог не пасылае нам выпрабаванняў, якія мы не можам пераадолець. Галоўнае – заставацца прыгожай унутры, – адзначыла доўгажыхарка.

Родам Наталля Кісіна з Самарскай вобласці. У Ліду пераехала ў 1952 годзе (муж, Васіль Іванавіч, быў ваенным). Тут яна працавала ў кіёску “Саюздруку”, пайшла на пенсію. 

 – Вайну я сустрэла пад Казанню, – успамінае жанчына. – Памятаю такі выпадак. Стаю я на абцасіках, а да мяне падыходзіць мужчына і кажа: “Абутак змяні. Патрэбна дапамога”. А ў мяне і не было нічога іншага – дапамаглі людзі. Я працавала ў шпіталі, даглядала дзяцей. Але і аўтамат прыйшлося ў руках патрымаць, нават страляла. Вайна, самі разумееце. На ёй няма мужчын або жанчын…

Наогул, дапамагаць іншым, не дзяліць людзей на “сваіх” і “чужых”, клапаціцца аб кожным – гэта адзін з жыццёвых дэвізаў 105-гадовай юбіляршы. Таму ў яе заўсёды было шмат сяброў, яна ніколі не была абдзелена ўвагай. Наталля Кісіна і сёння акружана клопатам. У першую чаргу, канешне, сваіх блізкіх: 81-гадовага сына Генадзія (дачкі Людмілы не стала некалькі гадоў таму), унукаў і іх сем’яў, сацыяльнага работніка Аксаны Цвіковіч, суседзяў, знаёмых.  

На пытанне: “Ці ёсць у вас нейкі асабісты сакрэт даўгалецця?” – доўгажыхарка адказвае проста:

– Трэба захоўваць свае думкі і сэрца ў чысціні і любові. Калі яшчэ жывы быў мой каханы, з нас увесь час дзівіліся на вуліцы: чаму мы ходзім не пад ручку, як многія, а за ручку? А мы так жылі: з павагай і беражлівым стаўленнем адзін да аднаго, разумеючы, што век – ён нядоўгі. Гэтаму і дзяцей, унукаў, праўнукаў сваіх вучылі. Я ўсё сваё жыццё пражыла сумленна, ні ў каго чужога ніколі не ўзяла, заўсёды была гатовая падзяліцца апошнім. І за гэта людзі мяне паважалі, жадалі дабра – вось я столькі і пражыла. Калі будзеце здароўя ўсім жадаць і дапамагаць, як я, доўга пражывяце, – раіць 105-гадовая Наталля Кісіна.

...Напрыканцы нашай сустрэчы стала бачна, што Наталля Кісіна стамілася: усё ж такі яна толькі вярнулася з бальніцы пасля пералому шыйкі сцягна. Таму я не стала больш задаваць доўгажыхарцы пытанняў. Хоць пагаварыць яшчэ хацелася аб многім: 105 гадоў – узрост сур’ёзны. Па жыцці Наталлі Платонаўны можна зрабіць зрэз ўсёй гісторыі Савецкага Саюза, сучаснай Беларусі. 

Бачачы, што я сабралася сыходзіць, яна сама ўзяла мяне за руку, моцна сціснула, пахіліла да сябе і паглядзела проста ў вочы: “Віка, дай вам Бог здароўя. Жыццё хуткабежнае, таму не адкладвайце яго на потым. Жывіце сёння і як належыць: сумленна, шчыра і з дабрынёй. Перадайце гэта ўсім чытачам “Лідскай газеты”. Абавязкова напішыце: так раіць 105-гадовая Наталля Платонаўна Кісіна з горада Ліды, і ёй можна давяраць, бо яна сама пражыла больш за стагоддзе”. 

Даведка

Як расказалі журналісту “Лідскай газеты” ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, на тэрыторыі нашага рэгіёна на сённяшні дзень пражывае 668 чалавек ва ўзросце 90-99 гадоў.  

Лідчан, якім больш за 100 гадоў, засталося толькі трое. Акрамя Наталлі Кісінай, гэта Вераніка Сядлецкая (нарадзілася 4 мая 1919 года, пражывала ў вёсцы Дылева Ваверскага сельсавета, цяпер жыве са сваякамі ў Лідзе) і Марыя Юр’еўна Барыс (нарадзілася 17 лютага 1919 года, жыве са сваякамі ў вёсцы Бельскія Дзітвянскага сельсавета).
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться