Жыццёвая гісторыя, якая адбылася ў Лідскай раённай бальніцы, і якую трэба прачытаць кожнаму, хто не верыць у сапраўднае каханне

28 Ноября 2019 3419
Позняя восень барвова палала залатымі водбліскамі засынаючай у прадчуванні зімы лістоты дрэў. Кастрычніцкае зарыва, як таленавіты мастак, непаўторнымі фарбамі аздабляла бальнічны двор, ад чаго на душы рабілася святлей. Праўда, ахвочых палюбавацца гэтай непаўторнай прыгажосцю было малавата, бо палаты мясцовай раённай бальніцы часова паўпуставалі. Спрактыкаваныя лідчане не спяшаліся залечваць свае хранічныя захворванні. Вось закончацца ўборачныя работы на прысядзібных участках і дачах – тады можна і за здароўе брацца.

Дзякуючы старанням маладога энергічнага галоўурача і сама медыцынская ўстанова выглядала нядрэнна. Нанава пафарбаваныя сцены калідораў непрывычна ажыўлялі трохі абрыдлы дагэтуль інтэр'ер.

Зранку ў бальніцы, як звычайна, пачынаўся рух. А пасля ўрачэбнага агляду, розных медыцынскіх працэдур, абеду і іншых момантаў насельніцтва палат заціхала. З наступленнем ціхай гадзіны народ і ўвогуле пагружаўся ў пасляабедзенны сон. Здавалася, што менавіта ў гэтыя святыя хвіліны ўсе абрыдлыя хваробы жвава разбягаюцца па кутках пад дружнае пасопванне ачуньваючых.

Бабулі Яніне не спалася. Яна лячылася ўжо другі тыдзень. Нырачная ліхаманка бязлітасна вырвала сталую кабету з абжытых сценаў роднага дома і прымусіла часова атабарыцца ў казённых бальнічных пакоях. Дажыўшы амаль да 78 гадоў, бабця ўмудралася з лёгкімі недамаганнямі спраўляцца самастойна, з дапамогай народных сродкаў. У раённай паліклініцы ў яе не было нават медыцынскай карткі, што выклікала шчырае здзіўленне і захапленне ў маладзенькай медсястрычкі з рэгістратуры.

Несціхаючае пастогванне суседкі, якая ляжала насупраць, даводзіла бабулю да знямогі. Але прыходзілася цярпець, бо куды было дзявацца. Ёй штохвілінна думалася толькі адно: хутчэй бы дамоў, у родную хатку, да свайго «дзядка» – Стэфаніка.

Стэфан і сапраўды вельмі горача кахаў сваю ненаглядную Янінку на працягу ўсяго доўгага сумеснага жыцця. Падумаць толькі: прабавіліся разам больш за паўстагоддзя, і ўвесь час – душа ў душу. Нездарма ў народзе кажуць: «Пры добрым мужы і Манька – Мар'я Іванаўна!»

Бабка Яніна вельмі сардэчна адносілася да свайго, як яна любіла казаць, пасланага ёй самім Богам такога нарачонага спадарожніка жыцця, цаніла яго залатыя рукі, добразычлівасць і шчырае сэрца. І нездарма: кожны дзень пасля ціхай гадзіны на парозе палаты нязменна з'яўляўся бадзёры ружавашчокі «старичок-боровичок» – Стэфан. Ён таропка здымаў фуражку і, трохі сумеўшыся ад чужых позіркаў, прысаджваўся на ўскрайку рыпучага ложка. Спачатку ён з асаблівым замілаваннем углядваўся ў вочы любай жоначкі, пасля чаго заўсёды пачынаў даставаць з авоські немудрагелістыя вясковыя пачастункі: хатні тваражок уласнай вытворчасці, памідоркі, якія ільсніліся сваімі ружовымі бакамі, нібы пуцы ў ружавашчокай дзяўчыны-красуні, паляндвічку, якая пахла часначком…

Яніна ласкава ўсміхалася мужу, але Стэфанавы гасцінцы так і заставаліся ляжаць у прыложкавай тумбачцы. Апетыт на прысмакі не прыходзіў, бо бабулі моцна нездаровілася, калі не сказаць, што рабілася ўсё горш і горш. Да ўсяго ж, пракляты скразнячок ад адчыненага кімсьці бальнічнага акна справакаваў запаленне лёгкіх, і бабка стала згараць ад высокай тэмпературы пад 40… Якая ўжо тут паляндвічка?

Аднойчы, аблізваючы перасохлыя вусны і выціраючы гарачы ўспацелы лоб, Яніна ціхенька прашаптала:

– Стэфанку! Ты не перажывай! Прывязі мне… вадзіцы, ну… гэтай, што з крынічкі на ўскрайку нашай вёскі… Папіць… Глядзіш – і акрыяю! Людзі кажуць, што жывая яна…

Потым яна закрыла вочы і цяжка ўздыхнула.

Дзядуленька вокамгненна падхапіўся:

– Янінка, я ў момант! Я хуценька! Адна нага там – другая тут! Ты толькі трымайся, галубіца!..

А «галубіцы» з кожнай хвілінай станавілася ўсё горш і горш. Усе намаганні, як ні імкнуўся вярнуць паміраючую да жыцця тэрмінова выкліканы ўрач-рэаніматар, аказаліся дарэмнымі. Усіх, хто быў у палаце, папрасілі выйсці. Павісла панурая цішыня. Здавалася, што час спыніўся.

І тут раптоўна ў канцы калідора ўзнікла худзенькая постаць дзядулі Стэфана. Ён так спяшаўся, што нават злёгку пакульгваў. Дзядуля старанна прыціскаў да грудзей пластыкавую бутэльку з крынічнай вадой, загорнутую ў квяцістую хусцінку.

Спяшаўся!.. Не паспеў!.. Спазніўся!..

Убачыўшы маўкліва-разгубленых жанчын, якія стаялі ў калідоры, ён раптоўна сэрцам усё зразумеў. Рэзка тузануўся і імгненна здранцвеў. Дастаючы дрыжачымі рукамі бутэльку і не хаваючы горкіх слёз, не пераставаў паўтараць:

– Як жа так? Я ж хуценька! Вада з крынічанькі! Людзі кажуць, жывая яна, жывая…

Суседкі па палаце, у іх ліку і я, усхліпвалі. Ніхто з нас так і не адважыўся зазірнуць старому ў вочы. Кожны з нас чамусьці адчуваў вінаватае раскаянне.

***

...Залатое нябеснае свяціла па-ранейшаму ласкава дарыла свае па-асенняму скупаватыя сонечныя промні жыхарам грэшнай зямлі. Па вузкай сцяжынцы, усланай шапаткой жоўтай ліствой, павольна рухаўся смяротна стомлены чалавек з невідушчымі ад слёз вачыма, які ўсё яшчэ моцна прыціскаў да грудзей цяпер ужо нікому не патрэбную бутэльку з гаючай вадой. Ён ніяк не мог зразумець, чаму ліхадзейскі лёс так абыякава адрынуў яго апошнюю паслугу роднаму чалавеку – дараваны роднай зямелькай глыток жывой вады для паміраючай жонкі.

Текст: Тэрэза СМОЛЬСКАЯ, г. Ліда. Пераклад на беларускую мову Тадэвуша ЧАРНАВУСА.Тэрэза СМОЛЬСКАЯ, г. Ліда. Пераклад на беларускую мову Тадэвуша ЧАРНАВУСА.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться