Восень пахне яблыкамі. У тарноўскім садзе пачаўся збор смачнага, сакавітага ўраджаю
10 Сентября 2019
2134
– Ваганні тэмпературных рэжымаў вясной падчас цвіцення дрэў негатыўна адбіліся на іх плоданашэнні, – расказвае брыгадзір саду «Тарнова» Наталля Хартановіч. – Калі завязваліся яблыкі, ночы былі халоднымі. Як вынік, паўсюдна ў Гродзенскай вобласці рэдка дзе ўбачыш багаты ўраджай наліўных.
Але, насуперак зменлівасці вясны, ураджай ёсць, і каб сабраць яго, садаводы працуюць не пакладаючы рук. Дапамагаюць ім у гэтым спецыялісты гаспадаркі, не першы год прыязджаюць брыгады з Ліды і Бярозаўкі. Жанчыны збіраюць яблыкі, а потым беражліва перасыпаюць у спецыяльныя кантэйнеры. За змену адзін чалавек можа сабраць да тоны садавіны. Грошы, якія людзі атрымліваюць за сваю працу, іх цалкам задавальняюць. За дзень на яблыневай «ніве» можна зарабіць больш за дваццаць рублёў. А калі работнікі пяройдуць на прыгожыя, духмяныя, сакавітыя зімовыя гатункі, заробак будзе вышэй, паколькі і ўраджай з гэтых яблынь лепшы.
Па словах Наталлі Хартановіч, уборкай ураджаю работы ў садзе не завершацца. Яго плантацыя – «дзяўчына» капрызная і патрабуе да сябе асаблівай увагі. Каб кожны наступны год не аказаўся «пустым», проста «касметычнай» стрыжкай не абысціся. Догляд саду не спыняецца ні зімой, ні вясной, ні летам.
Вітамінны прадукт сёння запатрабаваны. У гаспадарцы «Мажэйкава» на яго даўно зрабілі стаўку. Таму побач са старым садам два гады таму атрымаў прапіску яго малады сабрат. На плошчы двух гектараў пасаджаны кусты чарнаплоднай рабіны. Хутка і тут закіпіць праца. У адміністрацыі гаспадаркі запэўніваюць: ягады карыстаюцца не меншым попытам, чым яблыкі і грушы. У іх ураджаі зацікаўлены перапрацоўчыя прадпрыемствы Клецка і Гродна.
– Садавіна прыносіць добры прыбытак, – заўважыла мая суразмоўніца. – Пакуль адна частка ўраджаю яблыкаў па традыцыі паступае ў дзіцячыя сады, школы, бальніцы, другая ідзе на экспарт у Расійскую Федэрацыю. А гэта пастаянны даход у бюджэт сельгаспрадпрыемства.
Зараз плошча яблыневага саду ў «Тарнове» складае 80 гектараў. Яшчэ на 9 гектарах растуць грушы, 2,88 гектара адведзена пад ягаднікі (чарнаплодную рабіну і парэчку).
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.