Сустрэча ў фармаце дыялогу сабрала ў Лідзе прадстаўнікоў мясцовай улады і каталіцкіх святароў
Абмеркаваць надзённыя турботы, задаць хвалюючыя пытанні, выступіць з ідэямі ці прапановамі можна было падчас рабочай сустрэчы, якая прайшла пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Лідскага райвыканкама Віктара Пранюка з удзелам спецыялістаў раённых службаў і святароў каталіцкай канфессіі Лідскага рэгіёну.
Такія сустрэчы павінны стаць традыцыйнымі, падкрэслівалася на пачатку падзеі. Бо яны ставяць агульныя мэты – рабіць лепшым наш край, ствараць, выхоўваць, нацэльваць на светлае, чыстае, разумнае яго жыхароў.


Цікавую і карысную інфармацыю пачулі каталіцкія святары з першых вуснаў ад кампетэнтных асобаў. Загадчыца аддзяленнем камунальнай гігіены ЗЦГЭ Святлана Рамановіч звярнула ўвагу на санітарныя нормы, а таксама на неабходнасць падтрымання парадку на прылеглых да касцёлаў тэрыторыях. Яшчэ адна тэма – парадак на могілках. Святлана Генрыхаўна прасіла ксяндзоў звяртацца да парафіян і нагадваць аб абавязку клапаціцца пра месцы захавання іх сваякоў. Начальнік Лідскага РАНС Дзмітрый Бяляўскі акцэнтаваў увагу на мерах пажарнай бяспекі, асабліва падчас правядзення значных святаў, пры вялікім зборы вернікаў. Супрацоўнік аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Станіслаў Гурскі нагадаў аб неабходнасці ўзгаднення Крэсных хадоў. У сваю чаргу ксёндз Уладзімір Гуляй, пробашч Фарнага касцёла, падзякаваў супрацоўнікам інспекцыі за зладжаную работу падчас мінулагодніх шэсцяў. Узгадняліся пэўныя арганізацыйныя моманты на бягучы год. Прадумвалася, як зрабіць гэты працэс лепшым, больш зладжаным і бяспечным.

У адрас ДАІ прагучала просьба – нанесці разметку на паркінгу ля Фарнага касцёла. Тут ставіць машыны мноства людзей, не толькі вернікі, але і шматлікія госці горада, якія пасля не могуць раз’ехацца. Гэтае пытанне ўзята на ўвагу і будзе ўнесена для разгляду ў камісію па бяспечным руху, што дзейнічае пры райвыканкаме.
Начальнік упраўлення землеўпарадкавання Алена Нурыева распавяла аб патрабаваннях да афамлення зямельных участкаў касцёлаў, падтрыманні іх у належным парадку і прапанавала звяртацца ва ўпраўленне пры любых пытаннях, спецыялісты гатовыя дапамагаць.
Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Лідскага РАУС Андрэй Яцкевіч запрасіў каталіцкіх святароў удзельнічаць у акцыях па прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці, выступаць перад людзьмі, якія спатыкнуліся, памыліліся ў жыцці. “Да вашага слова прыслыхоўваюцца, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч. – У зале звычайна стаіць цішыня”.
Загадчыца жаночай кансультацыі Ірына Кніга у разрэзе дэмаграфічнай тэмы распавяла аб актуальнай праблеме – ранняй сэксуальнай актыўнасці падлеткаў.
Было б вельмі добра, каб у школах сумеснымі намаганнямі медыкаў, педагогаў, псіхолагаў і духавенства праводзіліся семінары або канферэнцыі, каб мы змаглі данесці да дзяцей і іх бацькоў важнасць існуючай праблемы, падказаць правільныя шляхі. Ідэя атрымала падтрымку і будзе апрабавана ўжо ў бліжэйшы час.
Удзельнікі бакоў сустрэчы, якая нагадала круглы стол, выказалі падзяку за дыялог – ён стаў карысным і, бясспрэчна, прынясе свой плён.







