Уся прыгажосць роднай мовы. Міжнародны дзень роднай мовы на Лідчыне адзначылі шырока і паўсюдна
Міжнародны дзень роднай мовы на Лідчыне адзначылі шырока і паўсюдна: у многіх арганізацыях і ўстановах праходзілі выставы, віктарыны, дыктоўкі. Але, бадай, не памылюся, калі скажу, што ў сярэдняй школе №16 узровень любові да беларускай мовы і ўсяго роднага найбольш зашкальваў! Тут разгарнулася масштабная калектыўная творчая справа, якая ахапіла ўсіх да аднаго вучняў школы, з першага па адзінаццаты класы, і нават дашкалят, выхаванцаў дзіцячага садка №34.
Увогуле, у шаснаццатай школе адным днём роднай мовы не абмежаваліся – ей быў прысвечаны тут цэлы тыдзень, і ўжо пачынаючы з панядзелка, ладзіліся конкурсы, выставы, гульні. На чацвер, 21 лютага, прыйшоўся самы пік тэматычных дзействаў, які і стаў агульнай і вельмі цікавай дзіцячай справай пад назвай “З беларускай мовай нам жыць у 21 стагоддзі”.
Яна захоплівала кожнага, хто трапляў у школу, яшчэ на ўваходзе, дзе ладзіўся вялікі вучнёўскі флэш-моб “Разам кінемся ў скокі”. А далей запрашала накіравацца ў падарожжа: па гісторыі Беларусі, яе традыцыях, культуры, абрадах. Па ўсёй школе размясціліся “Падворкі”. Адзін з іх, “У бабулі Ганны”, заклікаў гасцей яшчэ здалёку – смачнымі пахамі. Чаго толькі тут не было на сталах: бліны розных гатункаў і з рознымі начыннямі, вядома ж, дранікі, пірагі, каўбасы, сала, квашаная капуста і салёныя агуркі... Слінкі цяклі. Гаспадыня падворка расказала гасцям, вучням школы, пра стравы, якія ў даўнасці гатавалі, і частавала прысмакамі.
На другі падворак “працавітая Марылька запрасіла гаспадынькаў”. На трэцім ішла віктарына “Залацінкі роднай мовы”. Патрапіўшы на чацвёрты падворак, можна было апынуцца у зачараваным царстве беларускіх казак. А падняўшыся на другі паверх школы, можна было патрапіць на сапраўдныя вячоркі. Беларуская мова гучала нават у спартыўнай зале, дзе “вяселля ды смеху было па цэламу меху” падчас беларускіх народных гульняў.
Ладзіўся ў школе і беларускі кірмаш – выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў. Вочы разбягаліся ад прыгажосці, зробленай рукамі дзяцей! Зазірнуць варта было і яшчэ на адзін падворак, у тэатр-батлейку, дзе спектакль давалі юныя артысты тэатра-студыі “Вера. Надзея. Любоў”. На чарговым падворку старэйшыя вучні чыталі па-беларуску для самых маленькіх, выхаванцаў дзіцячага садка №34. А праз колькі крокаў, у этнаграфічным музеі, самых старэйшых, адзінаццацікласнікаў запрасіў экскурс у “Хату з матчынай душой”.
І гэта яшчэ не ўсё… Вучні школы напісалі агульную дыктоўку. Дарэчы, вучням 3-4 класаў быў прапанаваны тэкст “Вечны агонь”, што сімвалічна ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Якія ўражанні атрымалі самі вучні, пацікавіўся карэспандэнт.
Эмілія Луцэвіч, 7 клас:
– Мы вельмі чакалі сённяшняга дня. Бо кожны год у нас у школе ў дзень роднай мовы ладзіцца свята. Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Я вучуся з 1 класа ў беларуска-польскім класе, і ў нас усе прадметы выкладаюцца на роднай беларускай мове. Я асабіста гэтым ганаруся.
Дар’я Змітрэвіч і Дзяніс Вянцкевіч, 11 клас:
– Мы ведаем, што Дзень роднай мовы ў нашай краіне адзначаецца вось ужо амаль дваццаць год. І нам вельмі прыемна, што ў нашай школе ён праходзіць так цікава і весела. Кожны вучань хацеў прыняць удзел у тым ці іншым дзеянні. Мы асабіста працавалі на беларускім кірмашы: усё, што мы прадстаўлялі, зроблена нашымі вучнямі. Прыемна было ўвесь дзень размаўляць па-беларуску. Гэта наша родная мова і кожны чалавек павінен ведаць яе проста, каб паважаць сябе.