У касцёлах Ліды і Лідскага раёна гучаць калядныя песні – католікі адзначаюць Божае Нараджэнне
Сёння католікі ўсяго свету адзначаюць адзін з найважнейшых хрысціянскіх святаў – Божае Нараджэнне. У касцёлах Лідскага раёна з гэтай урачыстай нагоды ноччу прайшлі святыя імшы. Карэспандэнт «Лідскай газеты» радасць Божага Нараджэння раздзяліла з вернікамі парафіі Святой Сям’і.
Нягледзячы на позні час (імша пачалася роўна апоўначы), у касцёле не было ніводнага вольнага месца. Людзі прыйшлі і па адзіночцы, і цэлымі сем’ямі. Дарэчы, дзяцей было сапраўды шмат.
Асобнай увагі заслугоўвае ўбранне храма. Парафія Святой Сям’і заўсёды адрозніваецца вельмі дбайным і вытанчаным падыходам да святочнага ўпрыгожвання. Сёлета ў касцёле па традыцыі ўсталявалі высокія жывыя елкі, ўпрыгожылі іх электрычнымі гірляндамі, шарамі, мішурой і, што самае галоўнае, – дзіцячымі пажаданнямі, напісанымі на папяровых сэрцах. Адны яслі з Дзіцяткам Езусам ўсталявалі ў цэнтры касцёла (над ім з любоўю і пяшчотай схіліліся анёлы), другія, галоўныя, – у адной са сцен. Пасля імшы парафіяне актыўна фатаграфаваліся на памяць побач з гэтымі кампазіцыямі.
У завяршэнні імшы, якая скончылася ў 01.30, пробашч парафіі Святой Сям’і ксёндз Юзаф Ганчыц падзякаваў усім за сумесную малітву, хор – за выдатныя спевы, якія стваралі атмасферу свята, а сёстрам законным – за іх працу і самаадданасць. Святар папрасіў вернікаў быць больш памяркоўнымі і добрымі адзін да аднаго ў будучым годзе.
…Напярэдадні Божага Нараджэння – 22 снежня – мясцовыя харцэры ўрачыста даставілі ў парафію Святой Сям’і Віфлеемскі агонь. Кожны меў магчымасць узяць яго і занесці ў свой дом, каб запаліць ад яго вігілійную свечку.