У сельскай экзотыкі свая іскрынка. Сям'я з аграгарадка Ёдкі марыць аб фермерстве і ўласнай хатцы ў вёсцы

15 Декабря 2018 1672
Анастасія і Сяргей Балгабаевы, іх тры дачкі Міхаліна, Ганна і Дар'я – моцная маладая сям'я. Пакуль адны мараць аб гарадской мітусні, муж і жонка з аптымізмам гля-дзяць у будучыню і бачаць яе не інакш як у сельскай мясцовасці. Хатка у вёсцы, вялікая прысядзібная гаспадарка, хатняя жыўнасць для адных – цяжар, а для іх – запаветная мара. Прычым яны ўжо жывуць у аграгарадку.

– З будучым мужам пазнаёмілася выпадкова: проста памылілася нумарам тэлефона, – з усмешкай успамінае Анастасія. – Ён тады служыў у арміі ў Пячах. Паўгода проста размаўлялі па тэлефоне. Упершыню сустрэліся, калі прыехаў да мяне на дзень нараджэння. Пачалі сябраваць. Кожную пятніцу дабіраўся ў Ёдкі з дзвюма перасадкамі з вёскі Прыбалавічы Лельчыцкага раёна, што на Гомельшчыне, або з Полацка, дзе вучыўся на майстра лесу. А потым вырашылі, што павінны заўсёды быць ра-зам. Згулялі вяселле. І хутка дзесяць гадоў, як жывём душа ў душу.

Сяргей працуе на прыватным прадпрыемстве, Анастасія – на мясцовым малочна-таварным комплексе аператарам машыннага даення. Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску з самай малодшай дачкой Дар'яй. Паспявае ўпраўляцца не толькі па хаце, але і па гаспадарцы, якая, дарэчы, нават па сельскіх мерках немаленькая: тры каровы, птушка, трусы (каліфарнійцы і волаты). Для аматараў камфорту – непасільная ноша.

– Сёння не кожная маладая жанчына ў трыццаць гадоў згадзіцца трымаць буйную рагатую жывёлу. А тут тры каровы. Чым абумоўлена такое жаданне і як усе паспяваеце?

– Мая мама заўсёды трымала гаспадарку, – распавядае Анастасія. – Былі ў ёй і свінні, і кароўка. А паколькі ў яе балелі ногі і яна перыядычна клалася ў бальніцу падлячыцца, даводзілася браць адказнасць за жывёлу на сябе. Прымала апаросы, даіла карову. Вучылася таму, што многія аднагодкі ў гэтым узросце не ўмелі. Вядома, гэта была своеасаблівая загартоўка працай, якая не магла не сыграць сваю ролю. Жывёл вельмі люблю. Калі нарадзілася сярэдняя дачка Анюта, вырашылі з мужам завесці карову. Купілі цялушку, назвалі Мурашкай. Выгадавалі яе. Праўда, цяпер на мурашку яна зусім не падобная, а больш на рэкардсменку: трыццаць літраў малака ў суткі – не жарты. Яе па праве можна назваць карміцелькай.

Неўзабаве маладыя муж і жонка вырашылі, што пара пашыраць гаспадарку. Не адразу, але ўсё ж з’явіліся ў ёй каровы Чарнушка і Васіліса. А значыць, пашырыліся і абавязкі ўнутры сям'і, якія не даюць расслабіцца і ўсё больш, як лічыць маладая сям'я, трымаюць у тонусе. Разлічваць даводзіцца толькі на ўласныя сілы.

– Дзень пачынаецца ў пяць гадзін раніцы, – расказвае гаспадыня. – Пакуль дзяўчынкі бачаць салодкія сны, паспяваю наведаць бадастых членаў сям'і. Звычайна чышчу іх, потым прыступаю да дойкі. Прычым да кожнай яшчэ трэба ўмець падступіцца. Мурашка сама па сабе ласкавая, а Чарнушка са свавольным характарам. Калі ранішняя дойка скончана, заводжу іх на пашу і вяртаюся дадому – збіраю дзяцей: каго ў школу, каго ў дзіцячы сад. Ну а потым, як ва ўсіх хатніх гаспадынь, уборка, мыццё, гатаванне. 

Такая сельская экзотыка жанчыне не ў цяжар, а ў радасць. Бо ад гэтага – толькі плюсы: і свежыя прадукты на стале, і грошы ў хаце заўсёды, і сумаваць некалі. 

– У супермаркет практычна не хаджу, – кажа Анастасія. – Хіба можа свежае ранішняе малако з пенкай замяніць крамны прадукт? У нас усё сваё: і мяса, і тварог, і смятана, і сыр. Часта гатую сваім дамачадцам любімую страву – тварожную запяканку. У выхадныя дні, калі ўся сям'я ў зборы, традыцыйна рыхтую духмяныя бліны з мачанкай. Ды і агародніна таксама са свайго агарода. Вялікае задавальненне – збіраць уласны ўраджай: нарваць свежай цыбулькі, хрумсткіх агурочкаў, салодкай морквы, якія вырасціў уласнымі рукамі. Да таго ж у полі садзім бульбу, сеем збожжавыя для жывёл. Як у той песні пяецца: «Ні хвіліны спакою…»

– Ці не цяжка з усім спраўляцца?

– Няцяжка, калі ёсць надзейны тыл, – чую ў адказ. – Сяргей родам з вёскі. Працы не баіцца і не лічыць яе цяжкай. Таму, як бывае дома, асабліва летам, ці працуе ў агародзе або ў полі, ці жыўнасць даглядае. Назапасіць корму для кароў, калі ў хаце толькі чатыры рукі, складана. Сёлета дапамагло сельгаспрадпрыемства. А з нядаўняга часу з'явіўся надзейны памочнік на чатырох колах – уласны трактар. Без яго на гектары зямлі не абысціся. Так што араць усю плошчу, касіць зможам уласнымі сіламі. Глядзіш – яшчэ больш пашырым гаспадарку. 

Планаў у сям'і Балгабаевых яшчэ шмат. Гэта прыклад маладой сям'і, якая свядома, па загадзе душы аддала перавагу не гарадскім джунглям, а сельскай экзотыцы.

– Ні для каго не сакрэт, што моладзь не хоча заставацца ў вёсцы, усе імкнуцца адтуль з'ехаць, – заўважыла Анастасія. – Хутка сустрэча з каровай ці тое самае “кукарэку” ад пеўня будзе выклікаць здзіўленне. І хоць жывём у аграгарадку (у нас добраўпарадкаваная кватэра), але ўсё роўна марым аб утульнай хатцы ў вёсцы з добрым надзелам зямлі, каб падсобная гаспадарка расла як на дражджах: кароўкі, цяляты, самая розная хатняя птушка. Ды і парасят хацелася б завесці. У Ёдках гэтага не зробіш: свінагадоўчы комплекс побач. Загартоўка ёсць, энтузіязм і сілы таксама. Не хапае той самай сельскай ідыліі. Планаў шмат, як і часу на іх ажыццяўленне. А значыць, усё ў нашай сям'і яшчэ наперадзе.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться