Тут будзе храм!. У аграгарадку Ёдкі асвяцілі крыж на месцы будаўніцтва царквы

12 Ноября 2018 2267

На ўездзе ў Ёдкі, па левы бок, у перспектыве будзе сустракаць храм. Ужо ёсць праект і ўжо дакладна вырашана, што менавіта тут, у гэтым месцы, дзе прастор, дзе можна разгарнуцца, добраўпарадкаваць тэрыторыю, – быць прыгожай і велічнай царкве!

Рашэнне аб будаўніцтве храма было прынята некалькі год таму. Пазней у Ёдках была створана абшчына, а затым і прыход, названы ў гонар свяціцеля Лукі Крымскага (Война-Ясянецкага), архіепіскапа, святога ўрача.

Пабудаваць храм – справа нялёгкая. Так і ў ёдкаўскіх вернікаў: не абышлося без складанасцяў і перашкод. Але ж прыхаджане і іх святар, протаіерэй Дзмітрый Тарарака, спадзяюцца, што справа пойдзе і царкве быць. Асвячэне крыжа – адзін з важных крокаў на гэтым шляху.

Малебен на пачатак добрай справы ўзначаліў благачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў. Яму саслужыў настаяцель прыхода, айцец Дзмітрый. У падзеі прынялі ўдзел не толькі вернікі, але і кіраўніцтва мясцовай улады: старшыня Траццякоўскага сельвыканкама Аляксандр Хвайніцкі, а таксама прадстаўнікі мясцовых прадпрыемстваў, якія аказваюць спонсарскую дапамогу. За працу ў славу Божыю архіерэйскай падзякай быў узнагароджаны адзін з іх – кіраўнік ТАА “Стыль” Барыс Васіленка, на прадпрыемстве якога быў выраблены крыж. Барыс Барысавіч абяцаў і надалей падтрымліваць добрую справу.

– У розныя часы храмы будаваліся толькі ўсім мірам!.. Так і ў Ёдках: калі ўсе разам возьмуцца, ён будзе, – звярнуўся да прысутных протаіерэй Расціслаў Салаўёў. – Нягледзячы на тое, што блізка горад і многія могуць наведваць гарадскія цэрквы, як чалавеку душа, аграгарадку патрэбен свой храм.

Пакуль што ёдкаўскія вернікі збіраюцца кожную нядзелю на малебне ў адным з памяшканняў былой гасцініцы КСУП “Ёдкі-Агра”, дзе абсталявана часоўня ў гонар свяціцеля Лукі Крымскага. 

Текст: Вольга ЯхантаваВольга Яхантава
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться