Як адпачывалася дзецям гэтым летам? У вобласці падвялі вынікі

31 Октября 2018 1283

У рэжыме відэаканферэнцыі адбылося сумеснае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і абласнога міжведамаснага савета па пытаннях аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва. На ім былі падведзены вынікі летняй аздараўленчай кампаніі 2018 года і пастаўлены задачы на ​​будучы аздараўленчы сезон.

Лета 2018 толькі-толькі скончылася. Наўрад ці хто-небудзь з лідчан ўжо будуе асабістыя планы на будучы летні сезон. Зусім іншая справа –аздараўленчая кампанія для дзяцей. Ужо зараз вырашаецца, якой ёй быць у будучым. Мэта – максімальна якасна аздаравіць максімальную колькасць дзяцей. Дзяржава выдзяляе для гэтага вялікія сродкі, і мы павінны даць дзецям усё самае лепшае. А для таго, каб дамагчыся пастаўленых мэтаў, варта даць адзнаку мінулай кампаніі, прааналізаваць плюсы і мінусы, і апошнія надалей не дапусціць.

Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, які ўзначаліў нараду, за апошнія гады ў вобласці была ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база лагераў, пашыраны формы аздараўлення і аздароўлена значна больш дзяцей. Але гэтыя дасягненні – ужо ўчарашні дзень. Сёння неабходна глядзець у заўтра. Даведацца і ўлічыць пажаданні бацькоў і дзяцей, якім яны хочуць бачыць адпачынак. У аблвыканкам паступаюць водгукі са словамі падзякі за адпачынак у стацыянарных лагерах ў маляўнічай мясцовасці – людзям падабаецца, значыць, трэба развіваць гэты накірунак. На прадпрыемствах і ў арганізацыях варта правесці шырокую інфармацыйную працу і распавесці людзям аб усіх лагерах, якія чакаюць на адпачынак рабят.

У цэлым, арганізацыя аздараўленчай кампаніі на Гродзеншчыне прызнана лепшай у краіне – як па колькасці адпачыўшых летам дзяцей, так і па якасці аздараўлення. Пра гэта паведаміў начальнік абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Анатолій Ганчар. У сёлетні сезон у вобласці аздароўлена амаль 60 тысяч дзяцей. Працавалі 970 лагераў розных формаў. На аздараўленне было выдзелена больш за шэсць мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. На будучы год плануецца ахапіць аздараўленнем яшчэ больш дзяцей і павялічыць долю стацыянарных лагераў з кругласутачным знаходжаннем. Тым больш, патэнцыял ёсць. Прапанаваны таксама максімальны пяцізменны рэжым працы лагераў.

Параўнальную дынаміку работы па дзіцячым аздараўленні на Гродзеншчыне прывяла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Людміла Ніцкая: за чатыры апошнія гады вырасла колькасць лагераў – з сямісот да дзевяцісот сямідзесяці. Адпаведна ўзрасла і колькасць аздароўленых дзяцей. Якасней стала праца ў студэнцкіх атрадах. Як вынік – значна знізілася злачыннасць сярод непаўналетніх.

На жаль, не абышлося гэтае лета і без памылак, недапрацовак на месцах. Аналізуючы ўрокі кампаніі, перш за ўсё, неабходна адказаць на пытанне, наколькі бяспечнае было гэтае лета? На жаль, мелі месца выпадкі траўматызму дзяцей. Аналіз паказаў, што 93 працэнты з іх адбыліся ў побыце і на вуліцы. Гэта значыць, дзеці былі бескантрольныя. У дарожна-транспартных здарэннях пацярпелі 12 дзяцей, шасцёра з іх школьнікі, якія праігнаравалі правілы дарожнага руху і таксама не былі ўцягнуты ў формы вольнага часу. У аздараўленчай кампаніі мелі месца факты выяўлення ў лагерах знаходжання прадуктаў і лекаў з мінулым тэрмінам прыдатнасці, або без маркіроўкі. Па ўсіх фактах вынесеныя прадпісанні, а вінаватыя прыцягнуты да адказнасці.

У ходзе пасяджэння акцэнтавалася ўвага на ўцягванне ў аздараўленне будучым летам дзяцей-інвалідаў і стварэнне ў лагерах умоў безбар'ернага асяроддзя, а таксама аздараўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і працу па павышэнні кваліфікацыі педагогаў і іншых работнікаў, занятых у аздараўленні.

Пасля завяршэння пасяджэння былі ўручаны ўзнагароды тым, чыя праца заслугоўвае высокай адзнакі. Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджана старшы выхавальнік аздараўленчага лагера «Бярозка» упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Марына Ляскоўская. 

Текст: Вольга ЯхантаваВольга Яхантава
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться