14 кастрычніка ў лідчанкі Святланы Яльчанінавай двайное свята
14 Октября 2018
2384

Дарэчы, на наступны дзень жанчыне трэба было ехаць у Гродна на сустрэчу са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым і для ўдзелу ў святочным канцэрце, прымеркаваным да Дня маці. Клапотна? Хвалююча? Яшчэ б! Але Святлана Яльчанінава сустрэла мяне цёплай усмешкай і шырока расчыніла дзверы сваёй кватэры, дзе шмат дзіцячай радасці і душэўнай цеплыні, дзе пануюць спагадлівасць, узаемапавага і давер.
– Я выбрала для сябе шчаслівы, удзячны, але, вядома, няпросты і адказны шлях, поўны клопатаў, перажыванняў, – шлях шматдзетнай маці, – адзначыла жанчына. – Ён патрабуе каласальнай самааддачы, цярпення і сіл. Вядома, матчына праца не ведае ні адпачынку, ні выхадных, але за яе чакае ўзнагарода, якая з лішкам перакрывае ўсе цяжкасці. Гэта магчымасць бачыць, як робяць першыя крокі, як растуць і вучацца дзеці, разам з імі яшчэ і яшчэ раз спасцігаць свет, радавацца іх поспехам і дасягненням.
Святлана Яльчанінава ўпэўнена: дзецям патрэбна не лепшае, а неабходнае, а гэта ў першую чаргу – безумоўная любоў. “Пасталеўшы, ніхто не ўспомніць, якой мадэлі быў тэлефон, – разважае жанчына. – Але ў памяці застануцца сумесныя вечары, паездкі, шчырыя абдымкі. З дзецьмі трэба пастаянна размаўляць, усе праблемы рашаць толькі разам, выслухоўваць іх меркаванні незалежна ад узросту і бясконца ў іх верыць. Трэба літаральна кожны дзень казаць ім пра свае пачуцці: дзеці мацнеюць, калі ўпэўненыя, што іх любяць. А яшчэ самі бацькі ў сваіх адносінах павінны быць ва ўсім прыкладам для дзяцей – і адзін да аднаго, і да іншых ставіцца так, каб дзецям хацелася іх шлях паўтарыць”.
Сваім ладам жыцця Святлана гэта пацвярджае. Бо, акрамя таго што яна мама, яна яшчэ і работнік культуры, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй: выкладае музыку ў гімназіі горада Ліды, спявае ў кавер-бэндзе “Week&Band”, з’яўляецца пастаяннай удзельніцай гарадскіх і раённых святаў (прынамсі, у жанчыны ёсць канцэртны нумар “Ты мая мама”, які яна выконвае разам са сваімі дочкамі, дзіўны атрымліваецца квартэт). І пры такім рытме жыцця Святлана абавязкова знаходзіць час і для сябе: тры разы на тыдзень займаецца ў фітнес-зале.
– Залог майго поспеху – гэта расклад і пастаяннае планаванне, – гаворыць шматдзетная маці. – Інакш быў бы хаос, ніхто нічога і нікуды б не паспяваў. Зрэшты, галоўнае ва ўсім – гэта жаданне. “Не паспяваю”, ”Няма часу” – гэта не больш чым адгаворкі і звычайная лянота.
Сустрэча са Святланай Яльчанінавай і яе дзяўчынкамі зацягнулася на некалькі гадзін бесперапыннай шчырай размовы. Ісці ад іх не хацелася, бо ад гэтай сям’і ішло столькі пазітыву, энергіі і дабрыні. Яны распавядалі пра свае традыцыі (абавязковыя сумесныя снеданні і вячэры), пра “адносіны” з камп’ютарам (за рэдкім выключэннем, толькі па выхадных, бо ў прыярытэце жывыя зносіны), пра падрыхтоўку да сямейных святаў... І ў гэтым было столькі жыцця, столькі сэнсу і столькі шчасця!
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.