Музычны кіраўнік ДУА «Яслі-сад №40 г. Ліды» Алена Мураўёва аддала прафесіі амаль дваццаць гадоў
07 Октября 2018
2635
– У рабоце кіруюся наступнымі словамі: «Калі ў раннім дзяцінстве данесці да сэрца прыгажосць музычнага твора, калі ў гуках дзіця адчуе адценні чалавечых пачуццяў, то яно паднімецца на такую прыступку культуры, якая не можа быць дасягнута ніякімі іншымі сродкамі», – кажа Алена Фёдараўна. – Я стараюся прывіць дзецям любоў да ўсяго прыгожага, зрабіць іх унутраны свет больш цікавым і багатым.
Па словах педагога, бачыць, як выхаванцы цягнуцца да музыкі, робяць першыя крокі ў гэтым накірунку, дзесьці «набіваючы гузы», і ўсё ж упэўнена ідуць наперад, для яе – радасць. Але самая вялікая ўзнагарода – захопленыя вочы дзяцей, калі яны ўпершыню ў сваім жыцці пачынаюць разумець мову музыкі.
– Я нарадзілася ў сям'і, дзе не было прафесійных спевакоў і артыстаў (мама добра малявала), але ўжо з ранняга дзяцінства была актыўнай удзельніцай усіх хатніх і вулічных канцэртаў, – распавядае мая суразмоўца. – А ў школьным узросце цвёрда вырашыла для сябе, што буду выкладаць музыку. І ні разу аб сваім выбары не пашкадавала. Пасля заканчэння музычнага вучылішча працавала ў ДУА «Яслі-сад №4», а затым, у жніўні 2014 года, перайшла сюды, у ДУА «Яслі-сад №40 г. Ліды». Я люблю сваю прафесію. Яна творчая, цікавая. Даводзіцца шмат чытаць, шукаць новае, сачыняць. Выхаванцы праходзяць гэты шлях ра-зам са мной. Не сумнявайцеся, кожны хлопчык і кожная дзяўчынка вельмі таленавітыя. Трэба толькі дапамагчы ім раскрыцца. Нездарма вядомы педагог Міхаіл Казінік казаў: “Калі вы хочаце, каб вашы дзеці зрабілі першы магчымы крок да Нобелеўскай прэміі, пачынайце не з хіміі, а з музыкі”.
Напярэдадні прафесійнага свята Алена Мураўёва ўся ў клопатах. Разам з маленькімі выхаванцамі яна рыхтуе для калег сапраўднае свята і з натхненнем дзеліцца сакрэтам будучага прадстаўлення. Яго мы, вядома, раскрываць не будзем. Затое раскажам аб адной не менш прыемнай падзеі. Нядаўна лідчанка была ўзнагароджана медалём «Жонцы афіцэра», з нагоды юбілейнай даты – 100-годдзя крымінальнага вышуку.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







