Да Дня бібліятэк. «Я радуюся, калі ідуць па кнігу чытачы...»

15 Сентября 2018 1554

Філіялу “Лідская гарадская бібліятэка №3”, што па вул. Фамічова ў мікрараёне Маладзёжны, сёлета спаўняецца сорак год. Увесь час яна размяшчалася ў адным і тым жа будынку, на другім паверсе магазіна “Сузор’е”. Толькі калісьці яна была маленькая, потым да яе далучылі яшчэ адно памяшканне... А пазней яна ўвогуле стала займаць два крылы паверха. Не паменшылася (а можа, нават, і павялічылася сваімі фондамі) бібліятэка і зараз, хаця перасялілася ў адно крыло. Звязана гэта з шасцідзённым графікам работы і зручнасцю для чытачоў.

Калі б я жыла ў Маладзёжным, абавязкова была б чытачом гэтай бібліятэкі. Тут, у гэтым царстве кніг, вельмі камфортна. Пануе ідэальны жаночы парадак: усё кампактна, сістэматызавана. Выставы па тэмах: “Год малой радзімы”, “Скарбы роднай мовы”, “Лідчына літаратурная” – і нават міні-музей, палічка перыёдыкі, дзіцячы куток. Усё прыведзена ў парадак, і нават самі кнігі стаяць прыгожа і правільна. Што і казаць, дзве жанчыны: загадчыца Алена Паповіч і бібліятэкар Марыя Храпіцкая –гаспадараць тут з толкам.

Алена Янаўна Паповіч працуе ў бібліятэцы №3 адзінаццаць год, яе маладая памочніца – тры. Загадчыца ўсміхаецца: “Апошнім часам маладыя мяняліся, а Марыя вось затрымалася, працуе добра”.

Алена Янаўна – сапраўдная гаспадыня дома, дзе жывуць кнігі. Пасля майго запытання: “Як вы сталі бібліятэкарам?” – паўза, а потым – прызнанне: “Я проста вельмі любіла чытаць... Пасля школы прыйшла папрацаваць, потым адвучылася па спецыяльнасці і засталася ў прафесіі. Працавала ў розных установах, у тым ліку сельскіх, але найбольшы адрэзак часу – тут, у філіяле №3”.

Гэта на першы погляд можа падацца, што бібліятэка №3, якая знаходзіцца на ўскраіне горада, неперспектыўная і нічога асаблівага сабой не ўяўляе. На самой справе ўсё зусім інакш. У мяне ўзнікла ўражанне, што гэты філіял – цэнтральная бібліятэка ў мініяцюры. Тут вельмі багаты кніжны фонд (30 тысяч кніг), які штогод папаўняецца. Бібліятэкары ніколі не гавораць: “Такой кнігі ў нас няма”. Яе адшукаюць, закажуць у іншых філіялах, але даставяць чытачу. Прыцягвае ўвагу, як многа тут новых выданняў, паліграфічна якасных, прыгожых і запатрабаваных... “Выбіраюць жа вачамі”, – заўважае Алена Паповіч. І колькасць чытачоў расце. Сёння іх у бібліятэцы №3 каля паўтары тысячы. Сваю ролю тут адыгрывае суседні густанаселены мікрараён вул. Гастэлы, а таксама новая прыватная забудова. Людзі маюць патрэбу ў бібліятэцы, і ў філіяле №3 іх чакаюць.

– Чытачы з намі раяцца, што пачытаць, – гаворыць Алена Янаўна. – І мы ўжо ведаем запатрабаванні многіх: у вольную хвілінку або на сон – дэтэктывы або жаночыя раманы, а вось чытачы сярэдняга ўзросту, я заўважыла, вяртаюцца да класікі. Гэта людзі, якія скончылі ВНУ, працуюць і вырашылі перачытаць тое, што чыталі раней. Павышаным попытам карыстаецца перыёдыка: выпісваем трыццаць выданняў, на любы густ.

– А самі вы чытаеце, у вольны час? – пытаюся ў загадчыцы.

– Чытаю. Трэба арыентавацца, ведаць літаратуру, каб з кімсьці з чытачоў пры неабходнасці абмеркаваць, а камусьці даць параду, – адказвае яна. – Хоць ёсць такая прыказка: “Шавец без ботаў”, але ў мяне ўсё наадварот: дома з цягам часу сабралася бібліятэка. І мае дзве дачкі, хаця і не абралі прафесію бібліятэкара і не надта апантаныя чытаннем, усё ж чытаюць. Бібліятэка працуе.

– Сваю прафесію я люблю і атрымліваю ад яе асалоду, – гаворыць Алена Паповіч. – Падабаецца прымаць новыя кнігі, яскравыя і прыгожыя, і беражліва адносіцца да старых, скарбаў літаратуры. Кніга была, ёсць і будзе адной з галоўных каштоўнасцей, і яе не заменіць нішто. Я радуюся, калі прыходзяць па яе чытачы.

Текст: Ольга ЯхонтоваОльга Яхонтова
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться