Усе ў замак!.. Ліда працягвае святкаваць юбілей
“Л.З.-695” – праграма пад такой назвай інтрыгавала і прыцягвала ўвагу. Тыя лідчане і госці горада, хто папярэдне ўзброіўся праграмай свята і зацікавіўся анонсам, абязкова ішлі ў Лідскі замак. Сёння сюды вялі ўсе дарогі – па культурны адпачынак.
Замкавыя вароты былі расчынены з васьмі гадзін раніцы. З дзевяці сюды пацягнуліся першыя наведвальнікі. І калі ўчора гледачы проста назіралі за відовішчам, рыцарскім турнірам, то сёння ім прапаноўвалі інтэрактыў -- быць дзейснай асобай Сярэднявечча. Замак запрасіў наведаць залы, паблукаць у вузкіх калідорах, зазірнуць ва ўсе свае куточкі, прымераць, адчуць, стаць жыхаром мінулай эпохі.
Шматлікіх наведвальнікаў сёння прымалі ўсе пяць паверхаў паўночна-усходняй вежы з цікавымі экспазіцыямі. Арганізаваны шматлікія фотазоны. А на тэрыторыі замка разбіты рыцарскі лагер: кастрышча, сталы, лавы – перад вачамі ўвесь сярэдневяковы рыцарскі быт. Гаспадарамі пляцоўкі сёння сталі ўздельнікі рыцарскага клуба “Гівойт” з Мінска.
Рыцары прапаноўвалі наведвальнікам навучыцца страляць з лука, кідаць сякеру і нават... пакласці галаву на плаху – каб у поўнай меры адчуць на сябе тую самую атмасферу. Вядома ж, не абыходзілася без рыцарскіх баёў. Воіны сыходзіліся ў сутычках і біліся не на жарт!..
Але найбольшую цікавасць сёння ў замку мелі сярэдневяковыя гульні і забавы, у якіх мог паўдзельнічаць кожны жадаючы. Тут прысвячалі у рыцары і вучылі маладых байцоў ваеннай справе. Спаборнічалі ў старадаўняй рыцарскай забаве -- перацягванні каната, а таксама ў баях мяшкамі. Можна было паспрабаваць падняць меч ці асвоіць сярэдневяковыя лыжы. І нават навучыцца іграць на сярэдневяковых музычных інструментах – валынцы, рогу і барабане. Для прыгожай паловы чалавецтва -- сярэдневяковыя танцы і майстар-класы па іх.
Аб уражаннях мы запыталі ў наведвальнікаў замка.
Таццяна і Ігар Лаўчанковы, г. Мінск:
– Мы прыехалі ўчора па запрашэнні сяброў на фестываль “Lidbeer” і сёння зноў жа па іх запрашэнні і разам з імі прыйшлі ў замак. Нам шмат казалі аб ім, цяпер мы бачым, што гэта, сапраўды, цікавае месца. Інтэрактыў таксама спадабаўся: муж паўдзельнічаў у перацягванні каната з рыцарам. На жаль, не атрымалася перамагчы. Ёсць чаму ў іх павучыцца.
Валянцін Капылоў, г. Брэст:
– Замак я ўжо наведваў калісьці, але тады ён быў яшчэ не адрэстаўрыраваны. Тое, што ўбачыў сёння, уразіла. Я пабываў у вежы: асабліва запомніўся апошні, пяты паверх, пляцоўка з прыладамі для катаванняў. Усё-ткі ў гуманны час мы жывём.
Анастасія Кандрацюк, г. Пінск:
– Не пашкадавала, што правяла сённяшні дзень са сваімі сяброўкамі ў замку. Цікава, весела, відовішчна. Нам, сапраўды, удалося на крыху перанесціся ў тую эпоху (дзякуй за такую задумку і арганізацыю свята супрацоўнікам замка). Я нават сфатаграфавалася побач з рыцарам у адной з залаў вежы – мне здаецца, што ў жыцці сапраўдныя рыцары перавяліся.
Адным словам, у замку сёння бурліць жыццё, яшчэ ёсць час, заходзьце.