Свята ведаў: у Лідзе і Лідскім раёне празвінелі першыя званкі і прайшлі ўрачыстыя лінейкі
Тысячы пышных бантаў, яркія букеты кветак, старанна адпрасаваныя стрэлкі на штанах, беласнежныя блузкі і радасныя эмоцыі бацькоў і педагогаў... У Лідзе і Лідскім раёне ва ўсіх школах, гімназіі і ліцэі празвінелі першыя званкі.
Дзень ведаў сустрэў лідчан яркім сонцам і бясхмарным небам. Не па-восеньскаму гарачы дзень пакуль яшчэ не настройвае на вучобу, а дорыць адчуванне свята. На ўрачыстых лінейках выстраіліся вясёлыя дзеці і ўсхваляваныя бацькі, якія, па зразумелых прычынах, заўсёды перажываюць больш, чым самі вучні. У гэтым годзе ў школы раёна ідуць каля 14,5 тысячы чалавек, у тым ліку паўтары тысячы першакласнікаў.
У СШ №15 пасля летняга трохмесячнага перапынку са сваімі настаўнікамі сустрэліся 969 вучняў. 118, насупраць, толькі з імі пазнаёміліся. Сярод тых, для каго ўпершыню празвінеў званок, хто ўпершыню сеў за парты пятнаццатай, былі і падапечныя “Лідскай газеты” Артур, Насця і Аня Кодзікі. Трайняткі пайшлі ў 1 “Б” клас, іх настаўніцай стала Святлана Емельяновіч.
– Гэта ўжо мой чацвёрты набор, і, напэўна, самы вялікі. У класе ажно 28 вучняў! Канешне, знаёміцца з новымі дзеткамі вельмі хвалююча, бо разумею, наколькі вялікая адказнасць кладзецца на мае плечы. Але я ўпэўненая, што мы з кожным знойдзем агульную мову, – адзначыла Святлана Віктараўна.
З настальгіяй на першакласнікаў глядзелі адзінаццацікласнікі: для 48 чалавек сёння адбылася апошняя восеньская школьная лінейка. З гэтай нагоды старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч пажадаў кожнаму цярпення і вытрымкі. “Каб дамагчыся сваіх мэт і паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, атрымаць жаданую прафесію, ні ў якім разе нельга дазваляць сабе расслабляцца. Існуе толькі адзін спосаб дасягнуць перавагі, і гэта – руплівая праца. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для атрымання ведаў, рэалізацыі талентаў, вам трэба толькі не ленавацца і скарыстаць усе гэтыя магчымасці”, – звярнуўся да будучых выпускнікоў Міхаіл Канстанцінавіч.
Сведчаннем таго, што ўпартасць, працавітасць, уседлівасць і цяга да ведаў заўсёды ўзнагароджваюцца, з'яўляецца поспех навучэнкі 11 “А” класа Антаніны Змітрукевіч. Яна ўдастоена першай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў. Кіраўнік рэгіёна Міхаіл Карповіч уручыў Тоне адпаведнае пасведчанне.
– Атрымаць узнагароду з рук старшыні райвыканкама вельмі ганарова, між тым гэта надкладвае і пэўную адказнасць: цяпер трэба старацца яшчэ больш, каб палепшыць вынік, – адзначыла навучэнка СШ №15.
Між тым, дасягненні ў Антаніны Змітрукевіч вельмі ўражлівыя: у 9-м класе яна стала ўладальніцай дыплома першай ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, а ў мінулым годзе – уладальніцай дыплома другой ступені.
– Я займаюся мовай адносна нядаўна, калі лічыць па алімпіядных мерках, – з канца 8-га класа, – дадала Тоня. – Але пэўныя поспехі ўжо ёсць. І гэта дзякуючы ў тым ліку старанням маёй настаўніцы Людмілы Віктараўны Гладкай. Алімпіяда – гэта нашмат болей, чым школьная праграма, таму з Людмілай Віктараўнай мы дададкова займаемся амаль кожны дзень – пры пятнаццатай дзейнічае алімпіядная школа. Куды буду паступаць, я дакладна яшчэ не вырашыла, разглядаю два варыянты: філфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта або перакладчыцкі факультэт.
…Размову журналіста “Лідскай газеты” з Антанінай Змітрукевіч перарваў званок, які паклікаў школьнікаў на першы ў гэтым новым навучальным годзе ўрок пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”, які быў прысвечаны Году малой радзімы. А дырэктар СШ №15 Таццяна Кучура, скарыстаўшыся хвілінамі школьнай цішыні, павяла ў гэты час ганаровых гасцей у абноўленую сталовую. Пакуль хлопчыкі і дзяўчынкі адпачывалі і набіраліся сіл, дарослыя рыхтаваліся: зрабілі ў сталовай рамонт, замянілі тэхналагічнае абсталяванне, мэблю. На гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдзелена 400 тысяч рублёў.

***