Педагогі Лідчыны сабраліся на жнівеньскую нараду

28 Августа 2018 3391

Напярэдадні новага навучальнага года па традыцыі педагогі Лідчыны збіраюцца на вялікую педагагічную нараду, каб абмеркаваць поспехі і дасягненні мінулага навучальнага года, акрэсліць мэты і задачы на новы, ды і проста сустрэцца, падзяліцца планамі, спадзяваннямі. Сёлетняя нарада сабрала ў вялікай зале Палаца культуры пяцьсот семдзесят пяць чалавек. Сярод ганаровых гасцей былі старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін і намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк.

Нарада пачыналася на ўзнёслай патрыятычнай ноце – з выканання гімна Рэспублікі Беларусь – і ўвесь далейшы тон сёлетняй, у Год малой радзімы, размовы насіў такі ж, патрыятычны і нават крыху лірычны характар. Добрым, родным і цёплым было прыветнае слова і парада 56-і маладым педагогам, што ўліліся ў вялікую педагагічную сям’ю Лідчыны, ад вопытнага педагога, які падрыхтаваў нямала вучняў, пераможцаў конкурсаў і алімпіяды, настаўніка геаграфіі гімназіі №1 Уладзіміра Валюка.

Як спрацавала сістэма адукацыі Лідчыны? Якія актуаліі ўзніклі перад ёю? Якія прыярытэты ставіць перад сабою на бягучы год? Гэтыя і іншыя пытанні педагогі абмеркавалі падчас пленарнага пасяджэння.

Паказчык працы сістэмы адукацыі – гэта перш за ўсё якасць ведаў. “Навучэнцамі Лідчыны ў алімпіядах па вучэбных прадметах, інтэлектуальных конкурсах,  даследчых канферэнцыях заваёвана 223 дыпломы абласнога ўзроўню, 19 рэспубліканскага  і 4 міжнароднага. Гродзеншчына займае другое месца пасля Мінска па выніках прадметнаай алімпіяды. Гэта і наш, лідскі, уклад”, – адзначыў у сваім выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Аляксандр Кадлубай.

Аляксандр Уладзіміравіч канстатаваў: “На асобым кантролі зараз – пытанні падрыхтоўкі да новага навучальнага года. На правядзенне рамонтных работ было выдаткавана парадка васьмісот тысяч рублёў сродкаў мясцовага бюджэта, прыцягнуты пазабюджэтныя і спонсарскія сродкі. Вялікі аб’ём работ выкананы ў СШ №5: рамонт даху і фасаду, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Адрамантавана і поўнасцю заменена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне на харчблоках ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1, СШ №14 і 15. Ва ўсіх установах адукацыі праведзены касметычныя рамонты”.

Больш за чатырнаццаць тысяч вучняў 1 верасня сядзе за парты ў школах Лідчыны. Гэта нямала, хаця ў сельскіх школах па-ранейшаму назіраецца тэндэнцыя памяншэння. Гэта стала падставай для рэарганізацыі дзіцячага сада і школы ў Ваверцы ў вучэбна-педагагічны комплекс.

Асаблівая ўвага ў новым навучальным годзе, як і летась, будзе адведзена профільнаму навучанню. Класы аграрнай накіраванасці з’явяцца ў шэрагу сельскіх школ. Аляксандр Кадлубай звярнуў увагу калег на класы педагагічнай накіраванасці і заклікаў прыкласці яшчэ больш намаганняў у гэтым напрамку.

Аляксандр Кадлубай падзякаваў педагогам за аздараўленне вучняў у летні перыяд: 6670 навучэнцаў аздаравіліся ў лагерах. Вялікай папулярнасцю карысталіся лагеры на базе школ у жывапіснай мясцовасці. Былі задзейнічаны ўсе ўстановы дадатковай адукацыі.

У ходзе пленарнага пасяджэння педагогі абмяркоўвалі найбольш актуальныя пытанні працы сістэмы адукацыі. Як арганізаваць здароўезберагаючыя і бяспечныя ўмовы для выхванацаў у дзіцячым садку, а таксама спартыўна-масавую работу і работу з дапрызыўной моладдзю ў школе, як сфарміраваць дадатную вучэбную матывацыю і актуальную на сёння краязнаўчую і турыстычна-экскурсійную дзейнасць.

Удзельнікаў нарады вітаў старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч. Міхаіл Канстанцінавіч выказаў словы падзякі кіраўнікам і педагагічным калектывам устаноў адукацыі. Словы асобай падзякі адрасаваў такім кіраўнікам, як Іван Адамчук, Вольга Белаокая, Вольга Вінічэнка, Крысціна Кузьміч, Таццяна Кучура, Ганна Хвайніцкая, Алена Ярашэвіч.

Са словамі віншавання, дарэчы таксама на лірычнай ноце, да ўдзельнікаў нарады звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Сонгін. Аляксандр Генрыхавіч успомніў, як больш за трыццаць год таму паднімаўся на гэту сэцну ў якасці маладога спецыяліста, выхавацеля групы падоўжанага дня Далекскай школы, як хваляваўсчя і з трапятаннем пазіраў на імянітых педагогаў. Аляксандр Сонгін звярнуўся да сённяшніх маладых спецыялістаў:

– Вы ўліваецеся ў самадастатковую педагагічную сям’ю. Сёння можна гаварыць, што ў Лідскім раёне ёсць прафесійная мэтанакіраваная каманда, якая здольна выконваць любыя задачы. Я сёння прыехаў, каб пахваліць вас, лідчане!

Жнівеньская нарада – гэта яшчэ і ўшанаванне лепшых педагогаў. Ганаровыя граматы, Падзячныя пісьмы Міністэрства адукацыі, Гродзенскага аблвыканкама, Лідскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў атрымаў шэраг педагогаў Лідчыны.

Напярэдадні новага навучальнага года важна не толькі расставіць прыярытэты, але і зарадзіцца добрымі эмоцыямі. Карэспандэнт “Лідскай газеты” запытаў ў педагогаў, з якім настроем яны ўступаюць у новы навучальны год?

Ніна МАЖЭЙКА, настаўнік геаграфіі і англійскай мовы СШ №1 г. Бярозаўкі:

– Я вельмі люблю сваю прафесію, сваіх вучняў (двое з якіх у мінулым годзе сталі не толькі маім гонарам, але і гонарам школы, і раёна), з задавальненнем іду на ўрок, і сёлетні, як і кожны навучальны год, пачынаю з аптымізмам. Сёлета я класны кіраўнік 9 класа. У нас наперадзе першыя выпускныя экзамены, сур’ёзны іспыт у жыцці. Я ўпэнена, што ўсё ў нас атрымаецца.

Наталя СОНЧЫК, намеснік дырэктара СШ №5:

– Новы навучальны год пачынаецца натхнёна. Па-пераше, у абноўленым будынку. Па-другое, у мяне ёсць добры вынік мінулага года: два вучні занялі прызавыя месцы на прэстыжным конкурсе і на алімпіядзе. Усе нашы выпускнікі знайшлі свае месцы – у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Чакаем ў нашу школу 23 першакласнікі.




































Текст: Вольга Яхантава.Вольга Яхантава.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться