У Баравічах сустракалі Каляду (фота)

13 Января 2014 3730

На календары чарада калядных святаў – па вёсках, а часам і па гарадскіх вуліцах ходзяць людзі, пераапранутыя ў казачных герояў, калядоўшчыкі, па старадаўняму звычаю – з “казою” ды “мядзведзем”. Гасцінна расчыняюцца перад імі дзверы хат – людзі вераць, што дабрабыт, якога зычаць ім калядоўшчыкі, абавязкова будзе. Пакалядаваць днямі давялося і карэспандэнту “Лідскай газеты”.

У артыстаў мастацкай самадзейнасці Ганчарскага Дома культуры Каляды – гарачая пара. Яны калядуюць па вёсках і ў аграсядзібах, не мінаюць хатаў і абавязкова заходзяць да тых, дзе іх асабліва чакаюць. Менавіта такі чалавек – Ірэна Іосіфаўна Грынь – жыве ў невялічкай вёсцы Баравічы, што ў некалькіх кіламетрах ад Ганчароў. Ірэна Іосіфаўна перанесла складаную аперацыю, летась зімавала ў дзяцей у горадзе. А потым ёй вельмі захацелася дахаты, на вёску. Тут пажылой жанчыне дапамагае сацыяльны работнік Людміла Краеўская, рэгулярна наведвае яе суседка Раіса Шэшка. Заўсёды жаданыя госці ў хаце і мясцовыя, ганчарскія, артысты.

Калі яны спыніліся ля хаты Ірэны Іосіфаўны, навокал усё нібыта павесялела, нават неба стала ясным. Тым часам гаспадыня ўжо адчыняла дзверы і запрашала гасцей у хату.

«Добры дзень таму, хто ў гэтым даму», – віталі калядоўшчыкі і жадалі ёй дабрабыту. Каза кінулася ў скокі. Ды так шчыра скакала, што раптам упала – ля самых ног гаспадыні. «Што гэта такое з нашай Казой зрабілася?» – здзіўляліся прысутныя ды ўзяліся аб ёй клапаціцца. Нездарма ж кажуць: дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць. Між тым, у дзейства ўступіў Мішка – ладны танцор і таленавіты акцёр. Пад смех і апладысменты гледачоў Мішка танчыў і разыгрываў сцэнкі. Не абышлося без песень – прыгожых старадаўніх мелодый, якія памятае і любіць гаспадыня. “Дык будзьце ж здаровы, жывіце багата...” – заспявалі артысты падчас развітання. Расчуленая гаспадыня да самых варот выйшла праводзіць вясёлых калядоўшчыкаў.

Між іншым, пад маскамі – вясковыя людзі, актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Ганчарскага Дома культуры. Добрая, вясёлая Козачка – настаўніца Таццяна Грышкевіч, Звяздар, які нёс наперадзе зорку, – ветэрынарны ўрач Леанід Цешко, Доктар, што лячыла козачку, – майстар СВК “Беліца-Агра” Наталля Іодчык, Цыган – старэйшы ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, 76-гадовы Анатоль Нісанаў, Цыганка – дырэктар Ганчарскага Дома культуры Ганна Булай, галасістыя салісткі – Алена Коска, Святлана Шмукста, Людміла Краеўская, музыка-гарманіст – Васіль Дымовіч.

Дарэчы, падчас калядных святаў у Ганчарах і наваколлі калядуе і дзіцячая група – гэта самыя маленькія ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Ганчарскага Дома культуры, пераймальнікі традыцый.

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться