Круглыя, гарачыя, залацістыя… Як у аграгарадку Дворышча зіму праводзілі, а вясну сустракалі

04 Марта 2019 2294

Нядзельная раніца выдалася не па-вясноваму пахмурнай і нават халоднай. Але гэтая акалічнасць ніяк не азмрочыла настрой жыхароў аграгарадка Дворышча, а таксама шматлікіх яго гасцей. У самым сэрцы населенага пункта святкавалі народнае гулянне, прысвечанае Масленіцы. Свята абяцала стаць запамінальным.

– Масленіца – традыцыйнае свята славян, якое адзначаецца на працягу тыдня перад Вялікім постам, – заўважыла карэспандэнту "Лідскай газеты" загадчыца філіяла "Дварышчанскі Дом культуры" і арганізатар мерапрыемства Таццяна Рубава. – У народным календары свята азначае сыход зімы і прыход вясны. І галоўныя яго атрыбуты, вядома, аладкі, а таксама вясёлыя забавы, гулянні і песні. Выконваць традыцыі бліннага тыдня – важна. Праўда, каб Масленіца была не ў цяжар, а ў радасць, есці трэба ў меру, выбіраючы толькі самыя смачныя аладкі.

Выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нібы па ўзмаху чароўнай палачкі, з’явіліся задоўга да пачатку тэатралізаванага прадстаўлення. Разнастайнасць прадметаў, вырабаў, зробленых умельцамі з суседніх вёсак і Дамоў культуры, вельмі ўражвала. Зрабіць выбар на карысць найбольш упадабанай рэчы было нялёгка. А вось дзетвары, мяркуючы па захопленых позірках, падабалася ўсё.

Што за Масленіца без бліноў  – круглых, гарачых, залацістых? Па традыцыі, ганаровае месца на свяце было адведзена менавіта гэтай страве. Пакаштаваць абавязковы атрыбут старажытнага славянскага свята з рознай начынкай, выпечаны мясцовымі гаспадынькамі, асабліва жадалі лідчане. Чэргаў за духмяным, смачным ласункам, як у горадзе, праўда, не было. Для сельскіх жыхароў кожная раніца выхаднога дня (і не толькі) пачынаецца з бліноў. Але вось наварыстая юшка паланіла водарам усіх без выключэння. Таксама можна было набыць розныя кулінарныя стравы, выпечку і шашлыкі.

– Бліны люблю з дзяцінства, – прызналася карэспандэнту "Лідскай газеты" мясцовая жыхарка Алена Чапля. – Мне іх калісьці пякла ў печы мая бабуля Марыя Сцяпанаўна Гебень з вёскі Крыніцы. Памятаю, мы, дзеці, таксама святкавалі Масленіцу: спявалі песні і прыпеўкі (дарэчы, яны абавязкова павінны зараджаць весялосцю, энергіяй і радасцю, бо мы сустракаем вясну і праводзім халодную зіму), гулялі ў гульні, палілі пудзіла. Было вельмі цікава.

З задавальненнем удзельнічалі сельскія жыхары ў розных конкурсах і спаборніцтвах. Усім пераможцам былі ўручаны смачныя прызы.

Сапраўднае прадстаўленне з удзелам казачных персанажаў на імправізаванай сцэне зладзілі работнікі мясцовага Дома культуры, а таксама госці – народны ансамбль народнай песні "Лявоны" з Воранава. І сапраўды, якое свята без музыкі?! У выкананні артыстаў гучалі як старыя, так і сучасныя песні. Кожнае выступленне суправаджалася бурнымі апладысментамі. Напрыканцы свята, як і патрабуе традыцыя, спалілі пудзіла зімы. Цяпер вясна нікуды не дзенецца і абавязкова завітае ў Дворышча, радуючы цёплым, яркім сонейкам.


Текст: Ольга КапцевичОльга Капцевич
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться