«Ад мінулага да сучаснага». За рэалізацыю праекта пад такой назвай і адраджэнне традыцыйных тэхналогій ткацтва Панямоння лідскай установе культуры ўручана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Сення кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў па выніках 2017 года прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Беларусі, якія прысуджаны дзеячам культуры і мастацтва. Сярод тых, хто ўдастоены спецыяльнай прэміі – а гэта дзеячы інфармацыйнай сферы, культуры і мастацтва, аўтарскія калектывы, установы культуры, якія дабіліся значных дасягненняў у сферы інфармацыі, гістарычна-культурнай спадчыны, галіны тэатральнага і выяўленчага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання таленавітай моладзі, – калектыў ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Такая высокая адзнака дадзена за рэалізацыю аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры цэнтра праекта “Ад мінулага да сучаснага”. Праект прысвечаны адраджэнню ўнікальных тэхналогій шматніткавага ткацтва Панямоння і стварэнню калекцыі традыцыйнага і сучаснага адзення.
Над рэалізацыяй праекта ”Ад мінулага да сучаснага” аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры працаваў з 2011 па 2017 год. Аднак гэтаму папярэднічала работа, якая пачалася яшчэ ў 2007 годзе. Метадыст Ірына Дыдышка разам з цяперашнім кіраўніком аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Аленай Шчэлінай пачала збіраць інфармацыю пра народных майстроў Лідскага раёна, ішло таксама набыццё і фіксацыя этнаграфічных рэчаў у фонд аддзела рамёстваў. Дасканалыя даследаванні вяліся на хутары і ў вёсцы Збляны. Быў створаны фотаархіў рэчаў жыхароў такіх населеных пунктаў, як Андрашоўшчына, Ваверка, Краснае, Любары, Мастаўляны, Масявічы, Панямонцы, Сяркі, Ходараўцы, Чахоўшчына, Сялец.
Таму, што сабраны матэрыял не застаўся ляжаць толькі ў архівах, а пачалося адра-джэнне рамёстваў, паспрыялі дзве абставіны. Па-першае, у 2010 годзе дзякуючы мясцовай уладзе аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры перамясціўся ў прасторнае памяшканне па вуліцы Савецкай, на плошчах якога з’явілася магчымасць не толькі шырока прадстаўляць экспанаты, але і дэманстраваць навыкі рамёстваў. Па-другое, у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры з экскурсійнай мэтай завітаў лідчанін Яўген Маркевіч. Убачыўшы кросны, пацікавіўся, ці ўмее хто з супрацоўнікаў працаваць за імі, і, атрымаўшы адмоўны адказ, прапанаваў навучыць ткаць палатно. Яўгену ўсе тонкасці майстэрства некалі перадалі яго бабуля і сваячкі. Нават праз гады не сцерліся атрыманыя навыкі, наадварот, ткацтва стала захапленнем маладога чалавека. Свой вольны час урач Лідскай ЦРБ Яўген Маркевіч з задавальненнем аддае гэтай справе. Ткацтву Яўген навучыў дзвюх супрацоўніц аддзела – Дар’ю Маташук і Валянціну Сільвановіч.
Так з 2011 года на аснове ўласнага этнаграфічнага матэрыялу аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, а таксама метадычных і практычных дапаможнікаў беларускіх даследчыкаў метадам спроб і памылак пачалася карпатлівая праца. На першым этапе вывучаліся асаблівасці беларускага народнага касцюма, пераймаліся навыкі ў галіне традыцыйных тэхнік ткацтва, распрацоўваліся сучасныя варыянты мадэлей адзення на аснове старажытнага крою. На сённяшні дзень супрацоўнікамі аддзела створаны ўжо дзве калекцыі адзення. Першая – рэплікі традыцыйнага народнага касцюма Панямоння канца 19 – пачатку 20 стагоддзя, другая – сучаснага адзення з беларускімі матывамі.
Творчая група, якая працавала над праектам “Ад мінулага да сучаснага”, у складзе Яўгена Маркевіча, Валянціны Сільвановіч, Ірыны Дыдышка і супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, якія прадстаўляюць на шматлікіх імпрэзах вырабленае адзенне.
Калекцыя з народных строяў прадстаўляе сем камплектаў жаночага, тры мужчынскага і два камплекты дзіцячага адзення. Арыгінальнасць калекцыі, безумоўна, у адраджэнні ткацкага рамяства. Калекцыя стылізаванага адзення складае два жаночыя, тры мужчынскія, падлеткавы і дзіцячы камплекты. Дэфіле калекцыі, па задумцы аўтара Ірыны Вашкевіч, адбываецца з тэатралізаваным прадстаўленнем з мэтай папулярызацыі сярод моладзі традыцыйных народных рамёстваў: ткацтва, вышыўкі, саломапляцення, а таксама зацікаўленасці ў вывучэнні i выкарыстанні ў штодзённым жыццi.
У камплекты народнага адзення апранаецца ўвесь творчы калектыў, калі прымае ўдзел у мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабаў. Удзельнікі фальклорнага гурта “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры таксама апранаюцца для выступленняў у народнае адзенне, адначасова дэманструючы святочны строй рэгіёна Гродзеншчыны. Рэклама і прэзентацыя стылізаванай калекцыі адбываюцца на базе Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, на гарадскіх выставах, выставах вобласці, кірмашах, у прыватных аграсядзібах.
– Мы ганарымся сваёй спадчынай і імкнёмся, каб гэты гонар перадаваўся маладому пакаленню, – гаворыць кіраўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна. – А бачылі б вы, з якой ахвотай, з якім трапяткім пачуццём дзяліліся з намі сваімі пазнаннямі і навыкамі майстрыхі вёсак Лідскага раёна яшчэ на этапе збору інфармацыі. Ужо тады мы ўсвядомілі, якую важную справу робім, стаўшы нібы своеасаблівым мастком у перадачы рамёстваў ад мінулага да сучаснасці.
Творчую ідэю рэалізуюць Яўген Маркевіч і Валянціна Сільвановіч.
Па словах Алены Валянцінаўны, на тых здабытках, якія маюцца, калектыў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры спыняцца не збіраецца. Наперадзе многа планаў. У новым годзе будзе рэалізоўвацца праект трансгранічнага супрацоўніцтва, тэма якога – адраджэнне ткацтва і пашыў рэгіянальных касцюмаў. Калектыў з Ганчароў, які таксама прадстаўляе традыцыйную культуру, пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў аддзела будзе асвойваць ткацтва і ствараць для сябе касцюмы. У гэтым працэсе аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры будзе цесна супрацоўнічаць з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Аб тым, што здабыткі лідчан маюць значэнне ў маштабах рэспублікі, гаворыць і той факт, што даследчая праца, праведзеная майстрамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» па адраджэнні тэхнік бела-ўзорыстага ткацтва, вось-вось павінна атрымаць адзнаку на высокім узроўні. Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела Марына Савіцкая на працягу года працавала над падрыхтоўкай дакументаў, каб элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйная тэхналогія бела-ўзорыстага фактурнага ткацтва на Гродзеншчыне” быў занесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень дакументы знаходзяцца ў Міністэрстве культуры і ў хуткім часе будуць разгледжаны на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады.
А яшчэ адна важкая выдатная адзнака ўжо пастаўлена. Гэта – спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за адраджэнне традыцыйных унікальных тэхналогій ткацтва Панямоння і рэалізацыю маштабнага праекта “Ад мінулага да сучаснага”.
Палац Рэспублікі. Лідская дэлегацыя, якая прыняла ўдзел у мерапрыемстве ўзнагароджання прэміяй.
Фото Николая Петрова (БелТА).